Скончыў курсы праграмавання, добра зарабляў. Што вядома пра хлопца, які выкінуўся з 16-га паверха праз пераслед СК


Дзмітрый Стахоўскі.
Фота: Дима Меркулов / Vk.com

26 траўня стала вядома пра смерць Дзмітрыя Стахоўскага – фігуранта крымінальнай справы за нібыта масавыя беспарадкі. У сваёй смерці ён звінаваціў Следчы камітэт. Паразмаўлялі з сябрамі памерлага пра тое, кім ён быў.

Сябры ўдакладняюць, што Дзмітрыю было 18 гадоў, а не 17, як паведамлялася раней. Ён працаваў у фірме, якая займаецца распрацоўкай мабільных гульняў, быў мадэратарам адной з гульняў.

«Ён чалавек добры. Быў сіратой. Скончыў курсы праграмавання, працаваў у фірме, добра зарабляў. Чалавек добры быў, вельмі», – кажа адзін з сяброў у каментары belsat.eu.

Сябры прызнаюць, што памерлы ўдзельнічаў у мітынгах, але нічога незаконнага не рабіў.

«Ён пару разоў хадзіў на мітынгі. Нічога не чыніў, але, напэўна, за гэта супраць яго пачалі справу. Сябрам ён быў вельмі добрым. Ніколі б не здрадзіў», – заяўляе сябар Дзмітрыя.

Наогул культурны, спакойны быў, дадае іншы прыяцель.

«У турме ён сядзець не будзе»

«Як ён казаў, суіцыд – выхад ад усіх праблем. Казаў, што не хоча за краты і здзейсніць суіцыд. Спачатку мы ставіліся да гэтага з усмешкай, але пасля зразумелі, што смешнага мала», – цытуе аднага са знаёмых «Наша Ніва».

Паводле яго, 25 траўня Дзмітрый пасля допыту паехаў у раён Усход, на 16-павярховік.

«Адтуль пісаў сябрам, пісаў, што не зможа так жыць, прасіў у іх прабачэння. Казаў, што хоча напіцца, бо яму страшна і не хочацца рабіць такі ўчынак, але ў турме ён сядзець не будзе», – кажа сябар памерлага.

Hавiны
«Віной таму стаў Следчы камітэт». Падлетак скончыў жыццё самагубствам
2021.05.26 17:41

Нагадаем, што паводле звестак праваабаронцаў, увечары 25 траўня ў Менску Дзмітрый Стахоўскі скончыў жыццё самагубствам, скочыўшы з 16-павярховага дому.

Вядома, што маладзён быў фігурантам крымінальнай справы за ўдзел у «масавых беспарадках» 9–11 жніўня 2020 года. У перадсмяротнай запісцы, якую ён пакінуў у «Вконтакте», хлопец кажа, што не вытрымлівае ціску з боку следчых і быў вымушаны пайсці на такі крок.

Hавiны
Не менш як 15. Чые смерці ў Беларусі звязаныя з задушэннем пратэстаў
2021.05.26 19:55

МГ belsat.eu

Стужка навінаў