Польшча закрыла паветраную прастору для беларускіх перавознікаў


Яшчэ днём прастора была адкрытая, аднак адзін самалёт кружляў каля польскай мяжы, бо яго маршрут не ўхваліла Францыя.

Беларуская памежніца чакае пасажыраў у Нацыянальным аэрапорце «Менск». 19 сакавіка 2020 года.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Рада міністраў Польшчы вечарам 26 траўня прыняла забарону на выкарыстанне паветранай прасторы для авіяперавознікаў з Беларусі, паведаміў афіцыйны прадстаўнік польскага ўраду Пётр Мюлер.

«Гэта элемент рэалізацыі санкцыяў, пра якія прасіў падчас Еўрапейскай Рады прэм’ер Маравецкі», – растлумачыў Мюлер.

Ці забарона бестэрміновая, не паведамляецца.

Рашэнне Саміту Еўразвязу аб забароне беларускім авіякампаніям палётаў у Еўразвяз не ўхваленае канчаткова – яго яшчэ маюць зацвердзіць міністры краінаў альянсу. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі склікае 27 траўня тэрміновае паседжанне праз сітуацыю ў Беларусі.

Аднак раней прымаць беларускія рэйсы самастойна адмовіліся Вялікая Брытанія і Францыя, а Ўкраіна спыніла ўсе авіяцыйныя зносіны з Беларуссю. За сёння паветраную прастору для Беларусі закрылі Латвія, Літва, Чэхія, Фінляндыя, Швецыя. Беларусь аблятаюць і самалёты многіх авіякампаніяў, улады якіх не абвяшчалі забаронаў адносна Беларусі.

Абноўлена
Польшча, Латвія, Літва, Славакія, Фінляндыя, Чэхія і Швецыя закрылі сваё неба для Беларусі. Хто яшчэ
2021.05.26 18:45

23 траўня самалёт «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю аб «мініраванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. У Менску затрымалі прынамсі двух пасажыраў: блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Сафію Сапегу. Астатніх пасажыраў адпусцілі пад вечар. Гендырэктар «Ryanair» назваў перанакіраванне самалёта ў Менск «дзяржаўным пірацтвам», прэм’ер-міністр Польшчы – «дзяржаўным тэрарызмам». Нямеччына асудзіла ў тым ліку відэа з «прызнаннем палоннага» Пратасевіча.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў