Пахаванне Ашурка пад бел-чырвона-белым сцягам і закрытым небам. Галоўнае за 26 траўня

Belsat.eu падводзіць вынікі 26 траўня – 291-га дня паслявыбарчага пратэсту і трэцяга дня з захопу самалёта «Ryanair», які зноў прыцягнуў увагу Захаду да Беларусі.



Скандал вакол развароту самалёта «Ryanair» разгараецца. За сёння неба для Беларусі закрылі яшчэ і Польшча, Латвія, Літва, Фінляндыя, Чэхія і Швецыя – у дадатак да ранейшых Вялікай Брытаніі і Францыі. Еўрапейскае агенцтва авіябяспекі заклікала пазбягаць паветранай прасторы Беларусі. Аднаму самалёту «Белавіі» давялося кружляць над Берасцейшчынай праз неразуменне забароны Францыі.

Аляксандр Лукашэнка выказаў новую версію: аказваецца, паведамленне пра мінаванне самалёту Ryanair паступіла са Швейцарыі. Гэта толькі ў вельмі асаблівым сэнсе праўда: у Швейцарыі ўсяго толькі зарэгістраваная зашыфраваная паштовая служба «ProtonMail», з дапамогай якой, паводле ўладаў, і прыйшоў ліст пра мінаванне.

Лукашэнка выступіў перад дэпутатамі. Што ён сказаў – і што з гэтага праўда



Да журналіста Рамана Пратасевіча, якога затрымалі пасля пасадкі самалёта «Ryanair», другі дзень не пускалі адваката. Прэзідэнт Еўрапейскай рады сёння стэлефанаваўся з бацькам арыштаванага Пратасевіча і выказаў яму падтрымку. Дзяўчыну Пратасевіча Соф’ю Сапегу, затрыманую разам з ім, беларускія ўлады падазраюць «у арганізацыі масавых беспарадкаў». Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай. Сябры Сапегі назвалі трызненнем інфармацыю пра яе працу на канал «Чёрная книга Беларуси».

Нямеччына асудзіла відэа з «прызнаннем палоннага» Пратасевіча

Памерлага за кратамі палітвязня Вітольда Ашурка пахавалі 26 траўня ў яго роднай Бярозаўцы. Тыя хто прыйшоў развітацца з ім, маглі бачыць, што на галаве і шыі Вітольда відаць значныя пашкоджанні. Памерлага накрылі бел-чырвона-белым сцягам, паклалі ў зямлю пад «Магутны Божа».

«Сумленне было ягоным сцягам, які ён годна нёс праз жыццё». Пра Вітольда Ашурка распавядаюць сябры

Сёння стала вядома пра яшчэ адну смерць. Увечары 25 траўня ў Менску 17-гадовы падлетак Дзмітрый Стахоўскі скончыў жыццё самагубствам, скочыўшы з 16-павярховага дому. У сацсетках ён пакінуў ліст, дзе заяўляе, што «віной таму стаў Следчы камітэт». Ён сапраўды быў фігурантам палітычнай крымінальнай справы.

Скончыў курсы праграмавання, добра зарабляў. Што вядома пра хлопца, які выкінуўся з 16-га паверха праз пераслед СК

Палітычны пераслед у Беларусі не спыняецца. Сёння затрымалі і вызвалілі бізнес-трэнерку і чальца Каардынацыйнай рады Аксану Зарэцкую, у яе правялі ператрус і забралі тэхніку. Супраць брата палітзняволенай Наталлі Хершэ пачалі крымінальную справу, правялі ператрус. Маладую маці пакаралі «хатняй хіміяй» і 1600 рублямі кампенсацыі абражаным міліцыянтам. Шматдзетнага бацьку дэпартуюць у Расею, бо ён сфатаграфаваўся ля ялінкі на цэнтральнай плошчы Жабінкі.



Але дэмакратычныя сілы Беларусі не здаюцца і пачынаюць рыхтавацца да новай актыўнай фазы пратэстаў. Святлана Ціханоўская прызначыла міжнародную канферэнцыю пра новыя выбары ў Беларусі на 1–2 чэрвеня, запрасіла на яе прадстаўнікоў уладаў і еўрапейскіх партнёраў.

Дэмакратычныя сілы Беларусі: «Мы пачынаем рыхтавацца да новай актыўнай фазы пратэстаў»

Еўрапейскія партнёры ў сваю чаргу сочаць за сітуацыяй у Беларусі. 26 траўня Федэральная пракуратура Нямеччыны пачала «працэс назірання» за гвалтам у Беларусі. Еўрапейская народная партыя назвала захоп самалёта «Ryanair» тэрактам, а смерць Ашурка – «ненатуральнай». Еўразвяз рыхтуе новыя санкцыі – кажуць, іх нацэляць у тым ліку на «Беларуськалій».

У Пружанскім раёне абрынуўся мост

АА belsat.eu

Hавiны