Новыя кошты, рэпрэсіўныя законы і плата за выезд. Што чакае беларусаў у чэрвені


З 1 чэрвеня ў Беларусі вырастуць кошты на камунальныя паслугі, запрацуе новы збор за выезд за мяжу і ўступяць у дзеянне рэпрэсіўныя законы. Падрабязней пра гэта – у нашым матэрыяле.

Зменяцца кошты на камуналку

З 1 чэрвеня беларусаў чакае падаражэнне камуналкі. Яна традыцыйна ў Беларусі даражэе ў два этапы: 1 студзеня і 1 чэрвеня.

Гэтак, тарыф на 1 Гкал ацяплення вырасце на 6,3 % – з Br 20,6216 да Br 21,9245 за 1 Гкал. Тарыфы на 1 Гкал халоднага водазабеспячэння і 1 Гкал водаадвядзення не зменяцца і застануцца на ўзроўні Br 1,0445, а другі будзе каштаваць Br 0,8604.

Тэхнічнае абслугоўванне з 1 чэрвеня будуць разлічваць як паводле звычайнага, гэтак і ільготнага тарыфу. Першы ўжо ўздымалі з 1 студзеня крыху больш як на 11 %, да Br 0,1419 за 1 квадратны метр. З 1 чэрвеня кошт на гэтую паслугу не зменіцца. Ільготны ж тарыф складзе Br 0,1238 за 1 квадратны метр. Яго будуць ужываць, калі ў кватэры ёсць зарэгістраваныя жыхары.

З Br 1,5 да Br 1,43 знізіцца тарыф на тэхнічнае абслугоўванне ліфта на аднаго жыхара за месяц і зменяцца тарыфы за прыбіранне пад’езду. Цяпер гэтая паслуга ў Менску каштуе Br 0,88 на аднаго жыхара за месяц, а ў вобласцях – Br 0,74. З чэрвеня тарыфы складуць Br 0,85 для менчукоў і Br 0,71 для рэгіёнаў.

Знізяцца і тарыфы на вываз смецця. Менчукі, якія жывуць у дамах без смеццеправоду, за 1 кубаметр будуць плаціць Br 7,4469 (цяпер – Br 7,5920). Жыхары іншых рэгіёнаў краіны заплацяць Br 8,9418 (цяпер – Br 9,2583).

Што з тарыфамі на газ?

Кошт на прыродны газ, у дамах з індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі ўліку расходу газу, у ацяпляльны перыяд з 1 студзеня да 31 траўня ўключна складае Br 0,1366 за 1 кубаметр, а з 1 чэрвеня да 31 снежня ўключна – Br 0,1406.

Там, дзе ёсць індывідуальныя газавыя ацяпляльныя прыборы, але няма прыбораў індывідуальнага ўліку расходу газу, з 1 студзеня да 31 траўня трэба плаціць Br 0,5936 за 1 квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання за месяц, а з 1 чэрвеня да 31 снежня – Br 0,6312.

Кубаметр з звадкаванага газу ў кватэрах і дамах з устаноўленымі прыборамі індывідуальнага ўліку расходу газу і індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі ў ацяпляльны сезон з 1 студзеня да 31 траўня варты Br 2,1884, а з 1 чэрвеня да 31 снежня – Br 2,3142.

Там, дзе ёсць індывідуальныя газавыя ацяпляльныя прыборы, але няма прыбораў індывідуальнага ўліку расходу газу, у ацяпляльны сезон з 1 студзеня да 31 траўня ўключна давядзецца плаціць Br 7,0314 за 1 квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання за месяц, а з 1 чэрвеня да 31 снежня ўключна – Br 7,4757.

Новы радок у квітанцыях

Таксама з 1 чэрвеня ў жыроўках зʼявіцца новая радок – «кіраванне агульнаю маёмасцю супольнага домаўладання». Тарыф складзе Br 0,0165 за 1 квадратны метр.

Ён прадугледжвае аплату за ямачны рамонт праездаў, азеляненне, уладкаванне кантэйнерных пляцовак і кантэйнераў для асобнага збору адкідаў ды іншае.

«АЗС United Company» на праспекце Дзяржынскага. Менск, Беларусь, 28 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Хочаш за мяжу – плаці

З 1 чэрвеня кіроўцам, якія захочуць выехаць з Беларусі аўтамабілі праз пункты пропуску ў Літву, Польшчу і Украіну, давядзецца плаціць адну базавую велічыню. Цяпер гэта Br 29.

Такія рашэнні прынялі дэпутаты Берасцейскага, Гарадзенскага і Гомельскага абласных саветаў, паўнамоцтвы якіх плануецца працягнуць да 2023 года, адмяніўшы мясцовыя выбары ўзімку 2022-га. Без аплаты можна будзе выехаць у Расею, а таксама з тэрыторыі Віцебскай вобласці ў Літву і Латвію.

Збор будзе спаганяцца да 1 студзеня 2023 года.

Праўда, зʼехаць уласным аўтамабілем за мяжу можна толькі тым, у каго ёсць від на жыхарства ў іншай дзяржаве, хто вучыцца або працуе за мяжой, а таксама выязджае ў камандзіроўку, на лекаванне або на пахаванне блізкага сваяка.

Дыхаць пакуль не забаронена

У чэрвені ўступае ў дзеянне адразу комплекс рэпрэсіўных законаў, якія былі апублікаваныя ў траўні, а перад тым вельмі хутка прынятыя парламентарамі.

Цяпер сілавікі не будуць несці адказнасці за ўжыванне сілы, спецсродкаў і зброі, а грамадзяне не могуць здымаць незаконных дзеянняў сілавікоў. Таксама папраўкі дазволяць суддзям, службовым асобам ды іхным блізкім разлічваць на абарону дзяржавы – ад пераводу на іншую службу да змены аблічча.

Забараняецца збор грошай на аплату штрафаў, асвятленне несанкцыянаваных масавых акцыяў у рэжыме онлайн. Мясцовым органам і сілавікам дазваляюць прыпыняць працу гандлёвых аб’ектаў, абʼектаў грамадскага харчавання, транспарту, кірмашоў у месцах масавых мерапрыемстваў.

Партыі ды арганізацыі будуць несці адказнасць за публічныя заклікі сваіх кіраўнікоў да арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства да атрымання на яго дазволу.

У медыях будзе забаронена змяшчаць вынікі апытанняў грамадскай думкі пра грамадска-палітычную сітуацыю, ставіць гіперспасылкі на паведамленні і матэрыялы з забароненай інфармацыяй. Спрашчаецца магчымасць блакавання няўгодных рэсурсаў і іх «люстэркаў». Абмяжоўваецца кола асобаў, якія могуць засноўваць медыі, і спрашчаецца пазбаўленне акрэдытацыі.

Аўтобусы і цыгарэты

У сувязі з памяншэннем плыні пасажыраў на летні перыяд «Менсктранс» прыпыняе працу шэрагу маршрутаў. З 1 чэрвеня ў будныя дні перастануць хадзіць аўтобусы № 15Д, 188С, 196С, 197, а з 5 чэрвеня ў выходныя прыпыняць працу тралейбусаў № 46.

З 14 чэрвеня у будні часова закрыюць аўтобусныя маршруты № 27Д, 117С, 128, 186 і трамвайны маршрут № 9, а з 25 чэрвеня ў будныя дні перастануць хадзіць аўтобусы № 185С і ўвесь тыдзень – аўтобусы № 47С.

У сваю чаргу Міністэрства падаткаў і збораў апублікавала абноўленыя кошты на цыгарэты, якія будуць дзеяць з 1 чэрвеня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў