Новая версія: Лукашэнка заявіў, што паведамленне пра мінаванне самалёту Ryanair паступіла са Швейцарыі

У Доме ўраду ў Менску 26 траўня адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання, паведамляе прэс-служба.

Лукашэнка выступае ў Доме ўраду ў Менску 26 траўня. Стоп-кадр: pul_1 / Telegram

На паседжанні Лукашэнка распавёў, што паведамленне аб мінаванні самалёта Ryanair, які «прымусілі» прызямліцца ў Менску 23 траўня, паступіла са Швейцарыі.

У сваёй прамове Лукашэнка таксама сказаў, што ў бліжэйшы час «мы вам прадставім усё, што яны нагаварылі. У тым ліку і нядаўна затрыманыя».

Раней дырэктар Дэпартаменту авіяцыі Міністэрства транспарту Беларусі Арцём Сікорскі заяўляў, што паведамленне аб «мінаванні» самалёту прыйшло на электронную пошту Нацыянальнага аэрапорту ад ХАМАСу. Але сама групоўка ХАМАС сваю датычнасць адмаўляе:

«Гэта абуральна і дэманструе архаічнае мысленне [ураду Беларусі], якое не ўсведамляе, што цяпер мы жывем у век свабодных медыяў, і што існуе міжнароднае грамадскае меркаванне, якое больш не прымае падобных метадаў», – заявіў намеснік кіраўніка палітбюро палестынскага руху Муса Абу Марзук.

Таксама Лукашэнка выказаўся пра сітуацыю з амбасадаю Латвіі, сказаўшы, што «Беларусь паступіла гэтак, як паступае суверэнная дзяржава».

Нагадаем, што 24 траўня ў Рызе мэр гораду і кіраўнік латвійскага МЗС замянілі чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы. Сцяг змянілі ў тым месцы, дзе вывешаныя сцягі краінаў-удзельніц хакейнага чэмпіянату свету. У адказ на гэта Беларусь выслала пасла Латвіі, а разам з ім увесь дыпламатычны персанал. Латвія адказала гэтак сама.

Беларусь высылае пасла Латвіі разам з усім дыпламатычным персаналам. Латвія адказала тым жа

АД, belsat.eu

Hавiны