Фурманаў зноў у карцары. Ягоны бацька мяркуе, што гэтак хаваюць пабоі


Зміцер Фурманаў.
Фота: Тэлеграм Фурманава

Бацькі Змітра Фурманава мелі сёння, 26 траўня, сустрэцца з сынам, але ім паведамілі, што Зміцер нібыта зноў парушыў парадак утрымання і яго зноў на 7 содняў змясцілі ў карцар. Новы тэрмін у карцары палітвязень атрымаў адразу пасля таго, як адбыў там папярэдні тыдзень. Бацькі лічаць, сына не выпусцілі, каб яны не пабачылі слядоў збіванняў.

Бацька палітвязня Аляксандр Фурманаў распавёў, што папярэдні тыдзень сын правёў у карцары за тое, што прысеў на ложак. «У рапарце напісалі, што Зміцер ляжаў на ложку. Калі яго выклікалі на размову, то ён вырашыў маўчаць на знак пратэсту. Нібыта сваім маўчаннем ён іх раззлаваў. Тады на яго яшчэ адзін рапарт напісалі. Сем содняў скончыліся ўчора, але яго з карцара не выпусцілі, пакінулі там яшчэ на сем дзён. За што – невядома», – распавёў бацька вязня.

Бацькі Змітра даведаліся пра гэтую сітуацыю, бо сёння мелі сустрэцца з сынам, аднак ім адмовілі.

Гэта ўжо другое спатканне, якое Фурманавы страцілі праз пакаранні палітвязня ў турме.

Спадар Аляксандр адзначыў, што правілы распарадку ў дачыненні ягонага сына выкарыстоўваюць як інструмент катавання. «Ён ужо тры разы па 7 содняў адседзеў і адзін раз быў у карцары 5 содняў. Нейкія прыдзіркі», – кажа ён.

Бацька палітвязня хвалюецца за сына не толькі праз верагодны псіхалагічны ціск на сына, але і праз імаверны фізічны гвалт.

«Мы занепакоеныя тым, што яго адзін раз у карцар пасадзілі ні за што, другі раз практычна ні за што – мы баімся, што яго проста там білі, і не выпускаюць, каб ніхто не пабачыў слядоў пабояў. Нібыта справа ідзе да канца суда, але нагнятаецца абстаноўка», – мяркуе ён.

31 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні будзе чарговае паседжанне ў справе Змітра Фурманава, калі ён мае сказаць сваё апошняе слова. Справу разглядае суддзя Вольга Бекушава.

Зміцер Фурманаў быў сябрам ініцыятыўнай групы для вылучэння ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі падчас выбарчага пікету ў Горадні 29 траўня падчас збору подпісаў. Змітра Фурманава, а таксама Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Горадні (ч. 1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу вінавацяць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні міліцыянтаў (арт. 364 КК).

Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны ва ўсіх эпізодах.

Змітра Фурманава прызналі палітзняволеным. За кратамі ён 362 дні.

Гісторыі
Бацька палітычнага вязня Дзмітрыя Фурманава: «Мы ганарымся, што ў нас такі сын»
2021.02.21 13:07

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў