Еўрапейская народная партыя назвала захоп самалёта «Ryanair» тэрактам, а смерць Ашурка – «ненатуральнай»


Адна з найбуйнейшых партыяў Еўразвязу пільна сочыць за падзеямі ў Беларусі і не цураецца рэзкіх фармулёвак.

Еўрапарламент, сцяг еўразвязу
Сцягі Еўразвязу.
Фота: YVES HERMAN / Reuters / Forum

У заяве 26 траўня Еўрапейская народная партыя (EPP) піша, што падтрымлівае мужны народ Беларусі, які працягвае змагацца за дэмакратыю і свае правы.

Партыя выказвае глыбокі смутак аб смерці ў няволі палітвязня Вітольда Ашурка – сябра партыі БНФ, якая мае статус сябра-назіральніка EPP. Адпаведна, EPP называе Ашурка «сябрам нашай палітычнай сям’і».

Кадры, якія апублікавалі беларускія ўлады і на якіх, як сцвярджае беларускі бок, паказаная смерць Ашурка, у EPP называюць доказам таго, што смерць не была натуральнай і што «рэжым нясе поўную адказнасць за гэтую смерць».

Таксама партыя заяўляе, што яна «здзіўленая так званым судом», на якім Паўла Севярынца асудзілі на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму «разам з яшчэ 6 нявіннымі беларусамі». Севярынец – старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якая таксама мае статус сябра-назіральніка EPP.

«Мы таксама асудзілі нядаўні тэрарыстычны акт беларускай дзяржавы, якая захапіла грамадзянскі самалёт і выкрала журналіста Рамана Пратасевіча, – піша EPP. – Беларускі рэжым перайшоў усе чырвоныя рысы для любога магчымага дыялогу і цывілізаванай камунікацыі».

Hавiны
«Акт дзяржаўнага тэрарызму»: лідар Еўрапейскай народнай партыі Дональд Туск пра інцыдэнт з самалётам Ryanair
2021.05.23 19:07

Партыя патрабуе незалежнага расследавання смерці Ашурка, доступу міжнародных праваабаронцаў у беларускія турмы для праверкі ўмоваў утрымання і неадкладнага вызвалення палітычных зняволеных.

«Вітольд Ашурак, Раман Пратасевіч, Павал Севярынец і многія іншыя, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі, гэта сапраўдныя героі не толькі для сваіх грамадзянаў, але і для нас, еўрапейцаў, і для ўсяго свету», – заяўляе EPP.

Hавiны
Мэркель заявіла, што ЕЗ плануе пашырыць эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.05.25 20:30

EPP – адна з найбуйнейшых партыяў у Еўразвязе, па поглядах кансерватыўная і правацэнтрысцкая. Прадстаўленая на ўсіх узроўнях кіраўніцтва Еўразвязу, мае найбуйнейшую фракцыю ў Еўрапарламенце, уключае 16 кіраўнікоў урадаў краінаў Еўразвязу, 13 чальцоў Еўрапейскай камісіі. Прэзідэнтам партыі з’яўляецца былы прэм’ер Польшчы Дональд Туск, а віцэ-прэзідэнты – прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен і прэзідэнт Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

АА belsat.eu

Стужка навінаў