Што пачытаць у гадавіну Чарнобылю? Аварыя на ЧАЭС, «мірны» і ваенны атам у творах беларускіх пісьменнікаў


36 гадоў таму, 26 красавіка 1986 года, здарылася чарнобыльская трагедыя. Беларусы па-рознаму спрабавалі зразумець і перажыць катастрофу, падобнай да якой у нашай гісторыі дагэтуль не было. У тым ліку праз пераасэнсаванне ў мастацкіх творах, вершах, а таксама праз фіксацыю трагічных падзеяў у дакументальных эсэ, нататках. Мы склалі спіс найбольш значных і цікавых твораў беларускіх аўтараў, прысвечаных Чарнобылю.

Алесь Адамовіч, «Апакаліпсіс па графіку»

Значнае месца чарнобыльская катастрофа, агулам тэма атамных станцыяў, а таксама ядравай зброі і небяспека ядравай вайны займала ў творчасці пісьменніка і публіцыста Алеся Адамовіча.

Калі выбухнула АЭС, у ноч з 25 на 26 красавіка, Алесь Адамовіч, як ён сам распавядаў у адной са сваіх нататак, быў у небе – ляцеў адпачываць на Каўказ. Калі ён даведаўся пра тое, што адбылося, – вярнуўся ў Беларусь і адным з першых пачаў уголас казаць пра катастрофу і смяротную небяспеку для людзей, якія заставаліся жыць на забруджаных тэрыторыях, у тым ліку праз бяздзеянне ўладаў.

Даведка
Вокладка кнігі Алеся Адамовіча «Апакаліпсіс па графіку», год выдання – 1992.
Фота: ay.by

Сваёй барацьбе з чыноўнікамі за праўду пра Чарнобыль Адамовіч прысвяціў зборнік эсэ «Апакаліпсіс па графіку». Кніга была выдадзеная ў 1992 годзе, але дагэтуль не страчвае актуальнасці. У ёй прыводзіцца ліст Адамовіча Міхаілу Гарбачову, дзе ён распавядае пра трагедыю беларусаў, якіх не адсяляюць з забруджаных земляў, размовы з рознымі чыноўнікамі, добра паказаная іхная бяздзейнасць і цкаванне, якое пачалося ў дачыненні Адамовіча за ягоныя спробы дакапацца да праўды і агучыць яе.

Чарнобыльскую катастрофу Алесь Адамовіч разглядаў у кантэксце ўсёй гісторыі Савецкага Саюзу, пачынаючы ад калектывізацыі і масавых рэпрэсіяў 1930-х гадоў. Паводле Адамовіча, тое, што здарылася ў Чарнобылі, ёсць заканамерным вынікам усёй палітыкі СССР і працы сістэмы.

Ад развагаў пра Чарнобыль у «Апакаліпсісу па графіку» Адамовіч пераходзіць да пытання ядравай зброі і небяспекі ядравай вайны. На той момант свет яшчэ добра памятаў Карыбскі крызіс. Праз 36 гадоў мы зноў усур’ёз загаварылі пра рызыку ядравай вайны.

Спампаваць кнігу можна са спасылкі.

Алесь Адамовіч, «Апошняя пастараль»

Тэме ядравай вайны і таму, што чакае чалавецтва пасля яе, Алесь Адамовіч прысвяціў антыўтопію «Апошняя пастараль».

Героі твору – апошнія людзі на зямлі, мужчына і жанчына. Пасля сусветнай ядравай вайны яны апынуліся на востраве, у ізаляцыі. Яны закаханыя і спрабуюць стварыць свой уласны сусвет, плануюць мець дзяцей, каб адрадзіць чалавечы род. Але планета вымірае. Твор сканчаецца драмай: гіне ўсё жывое, у тым ліку страшнай смерцю ад радыяцыйнага забруднення паміраюць тыя мужчына і жанчына.

У «Апошняй пастаралі» Адамовіч нібы папярэджваў, што «парахавая бочка» ядравай зброі можа выбухнуць – і тады праблема выжывання чалавецтва стане рэальнасцю.

Даведка
Вокладка кнігі Алеся Адамовіча «Імя гэтай зорцы Чарнобыль», год выдання – 2007.
Фота: LiveLib

Алесь Адамовіч, «Імя гэтай зорцы Чарнобыль»

У 2007 годзе свет пабачыла кніга «Імя гэтай зорцы Чарнобыль». Яе ўклала дачка Алеся Адамовіча Наталля Адамовіч. У кнізе сабраныя артыкулы, нататкі, дзённікавыя запісы пісьменніка, прысвечаныя тэме Чарнобылю. Асобная частка кнігі – сцэнар аднайменнага фільму «Імя гэтай зорцы Чарнобыль», яго планаваў здымаць Стэнлі Крэймэр. Сцэнар быў напісаны ў 1987 годзе. Здымкамі планавала заняцца кінакампанія «Columbia Pictures». Цікавасць у Галівуду Адамовіч выклікаў пасля фільму «Ідзі і глядзі». Так сталася, што Крэймэр так і не змог зняць кінастужку з пэўных асабістых прычынаў.

Святлана Алексіевіч, «Чарнобыльская малітва»

Даведка
Вокладка кнігі Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».
Фота: oz.by

Гэтая кніга не мае патрэбы ў рэкамендацыі – яна стала вядомай на ўвесь свет, калі ў 2019 годзе паводле яе матываў тэлеканал НВО зняў серыял «Чарнобыль».

У «Чарнобыльскай малітве» прыводзяцца рэальныя гісторыі людзей, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Святлана Алексіевіч услед за Алесем Адамовічам, якога яна называла сваім настаўнікам, працавала ў жанры нон-фікшн – збірала і запісвала аповеды ўдзельнікаў тых страшных падзеяў. Кніга ўражвае жудаснымі дэталямі пакутаў людзей.

Аўтары серыялу «Чарнобыль» узялі за аснову сцэнару гісторыю пажарнага, які тушыў пажар на ЧАЭС у ноч выбуху, Васіля Ігнаценкі і ягонай жонкі Людмілы. Гэта рэальныя людзі, трагічных лёс якіх апісаны ў творы нобэлеўскай лаўрэаткі.

Васіль Быкаў, «Ваўчыная яма»

Пра жыццё ў забруджанай зоне распавядаў Васіль Быкаў у аповесці «Ваўчыная яма». Героі аповесці – салдат-дэзерцір і стары бяздомны чалавек, якія воляй лёсу сустрэліся і спрабуюць выжыць у чарнобыльскай зоне ды знайсці адказы на адвечныя жыццёвыя пытанні. Прачытаць аповесць можна тут.

Чарнобыль у беларускай паэзіі

Пра Чарнобыль пісаў беларускі паэт, публіцыст Мікола Мятліцкі. Трагедыі цалкам прысвечаныя ягоныя кнігі «Палескі смутак», «Бабчын», «Хойніцкі сшытак», «Замкнёны дом». Таксама пяру Мятліцкага належыць зборнік публіцыстыкі «Чарнобыльская рана».

Вершы і паэмы больш як 60 паэтаў залучаныя ў паэтычны зборнік «Зорка Палын». Творы, што былі напісаныя беларускімі пісьменнікамі пасля наведвання чарнобыльскіх мясцінаў, склалі кнігу «Прайсці праз зону», прачытаць і спампаваць яе можна тут.

У 2012 годзе на 26-ыя ўгодкі аварыі на ЧАЭС паэму «Зона» напісаў Уладзімір Някляеў.

Паэму «Чорная быль» Сяргея Законнікава даследчыкі называюць «значным мастацкім дакументам чарнобыльскай эпохі», дзе «Чарнобыль паўстае як усенародная трагедыя, якая ўскалыхнула, зрушыла ўсё да драбніцаў – і быт, і непарушнасць народнага быцця, уяўлення пра свет і прыроду, і веру ў жыццё і вечнасць». У аповедзе пра наступствы аварыі аўтар робіць акцэнт на тэме дзяцінства. Таму, як дзеці перажывалі эвакуацыю, хваробы пасля выбуху на ЧАЭС, прысвечаныя некалькі раздзелаў паэмы. Законнікаў лічыў, што менавіта дзеці найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

Даведка
Вокладка зборніку аповесцяў Леаніда Левановіча «Вяртанне ў радыяцыю».
Фота: library.mogilev.by

Леанід Левановіч, «Палыновы вецер», «Вяртанне ў радыяцыю»

Да тэмы Чарнобылю звярнуўся таксама беларускі пісьменнік Леанід Левановіч, у 1990 ён выдаў зборнік «Вяртанне ў радыяцыю», а ў 2006 годзе напісаў раман «Палыновы вецер».

У ім аўтар распавядае пра распад СССР, лёсавызначальныя падзеі 1980–1990-х гадоў, у тым ліку – пра аварыю на ЧАЭС і гісторыю кахання ў забруджанай зоне.

Васіль Гігевіч, Алег Чарноў, «Сталі воды горкія. Хроніка чарнобыльскай бяды»

Адмысловы спіс літаратуры на чарнобыльскую тэматыку склаў сёлета «Экадом». Там вы знойдзеце творы не толькі беларускіх аўтараў. З беларусаў жа «Экадом» раіць прачытаць кнігу «Сталі воды горкія. Хроніка чарнобыльскай бяды» Васіля Гігевіча і Алега Чарнова.

У сваім творы аўтары асэнсоўваюць наступствы аварыі на ЧАЭС у самых розных аспектах – эканамічным, псіхалагічным, тэхнічным, медычным і сацыяльным. Як і ў творах Адамовіча, у кнізе распавядаецца, як чыноўнікі трымалі людзей у няведанні першыя дні і месяцы пасля аварыі, як пашыраліся самыя недарэчныя чуткі, бо ад людзей хавалі праўду. Таксама ў кнізе прыводзіцца інфармацыя пра ўздзеянне радыяцыі на арганізм чалавека і ядравую энергетыку агулам.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў