Што будзе, калі Прыднястроўе ўступіць у вайну?


У Тыраспалі 25 красавіка адбыліся выбухі каля будынку галоўнага офісу службы дзяржаўнай бяспекі, а зранку 26-га стала вядома пра падрыў дзвюх антэнаў прыднястроўскага радыётэлецэнтру «Маяк», якія рэтранслявалі радыё з Расеі. У непрызнанай краіне, якая мяжуе з Адэскаю вобласцю, абвесцілі чырвоны ўзровень тэрарыстычнай небяспекі. Вайсковыя эксперты мяркуюць, што Расея такім чынам імкнецца ўвесці Прыднястроўскую малдаўскую рэспубліку ў вайну супраць Украіны. У Кішынэве выбухі назвалі расейскаю правакацыяй і склікалі паседжанне Рады бяспекі.

Zniszczone przekaźniki, zdj.: TG Shot
Крыніца: TG Shot

Адметна, што 22 красавіка намеснік камандуючага войскамі Цэнтральнай вайсковай акругі РФ генерал-маёр Рустам Мінекаеў заявіў, што расейскае войска падчас другога этапу вайны павінна ўстанавіць кантроль над поўднем Украіны: «гэта яшчэ адзін выхад у Прыднястроўе, дзе таксама адзначаюцца факты прыгнёту расейскамоўнага насельніцтва». Цікава, што ПМР было і на тых самых мапах акупацыі Украіны, якія дэманстраваў Лукашэнка.

Што такое непрызнаная Прыднястроўская малдаўская рэспубліка?

Прыднястроўе – своеасаблівы Данбас на тэрыторыі Малдовы. Афіцыйны Кішынэў лічыць рэгіён часова акупаваным, там застаецца «міратворчы кантынгент» РФ, пенсіянеры атрымліваюць расейскія надбаўкі, жыхарам выдаюць пашпарты з двухгаловым арлом.

Афіцыйна тэрыторыя належыць Малдове, але кантралюецца расейскім войскам і вядзе курс на «шчыльную інтэграцыю», прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з нормамі Расейскай Федэрацыяй. Насельніцтва Прыднястроўя складае прыкладна 450 тысячаў чалавек.

Прыднястроўе. Крыніца: УНІАН

За часоў перабудовы, напярэдадні таго як Малдова заявіла пра суверэнітэт, у Тыраспалі стварылі Аб’яднаную раду працоўных калектываў. У 1989 годзе арганізацыя выступіла з ініцыятываю стварыць асобную Прыднястроўскую Малдаўскую ССР. У 1991-м Кішынэў прызнаў ПМССР незаконным фармаваннем і распачаў блакаду, пасля чаго ўсчаўся ўзброены канфлікт.

Адметна, што на тэрыторыі Прыднястроўя месцілася 14-ая армія РФ, якая падтрымлівала дзеянні сепаратыстаў. У баявых дзеяннях браў удзел сумнавядомы прарасейскі баявік Ігар Стралкоў-Гіркін. За час вайны загінулі прыкладна 2 тысячы вайскоўцаў з абодвух бакоў. 21 чэрвеня 1992 года ў Маскве паміж афіцыйным Кішынэвам і Тыраспалем была падпісаная дамова аб спыненні агню. З таго моманту на тэрыторыі Прыднястроўя «афіцыйна» застаюцца расейскія міратворцы. З 1992 года насельніцтва рэгіёну зменшылася з 700 тысячаў да 450 тысячаў.

Які вайсковы патэнцыял ПМР?

У 2021 годзе ўкраінскі палітолаг Ігар Чаленка адзначыў, што Украіна застаецца ў «паўкальцы» варожых краінаў, якія патэнцыйна пагражаюць тэрыторыі краіны. Летась эксперт адзначыў, што пагрозы можна чакаць з тэрыторыі Данбасу, Крыму, РФ, Беларусі і Прыднястроўя. Колькасць вайскоўцаў РФ на тэрыторыі невядомая дасюль.

ПМР мяжуе з Адэскаю вобласцю Украіны. Крыніца: Белсат

Аналітык Аляксандр Каваленка мяркуе, што тэрыторыя Прыднястроўя небяспечная для Украіны найперш лагістычна. Ва ўласным тэлеграм-канале эксперт адзначыў, што з тэрыторыі ПМР можа весціся «дыверсійная дзейнасць», расейцы могуць выкарыстоўваць ва ўласных мэтах Тыраспальскі вайсковы аэрапорт, што за 100 кіламетраў ад Адэсы. Нагадаем, што горад апошнімі днямі зазнае шквальны ракетны агонь. 24 лютага гучалі паведамленні пра ракетныя абстрэлы Украіны з тэрыторыі ПМР.

На гэты час на тэрыторыі ПМР могуць быць блізу 13 тысяч вайскоўцаў:

  • частка з іх – войскі Заходняй вайсковай акругі РФ. Імаверна, іхная колькасць складае блізу 2,5 тысячы чалавек;
  • войскі ПМР складаюць блізу 10 тысячаў;
  • 2 тысячы чалавек налічвае мясцовы СОБР.

У 2018 годзе Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб вывадзе расейскіх войскаў з тэрыторыі Прыднястроўя. Безумоўна, яна была праігнараваная ўладамі РФ. Эксперты адзначаюць, што фактычна ўсе вайсковыя фармаванні на тэрыторыі ПМР падпарадкаваныя расейскаму камандаванню Заходняй вайсковай акругі і частак ФСБ.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Stringer / Белсат

Паводле адкрытых звестак, узброеныя фармаванні ПМР маюць:

  • 18 танкаў Т-64;
  • 200 БМП/БТР;
  • 122 артылерыйскія сістэмы;
  • 15 самалётаў, верталёты – Мі-8 і Мі-2, Мі-24.

Для параўнання: афіцыйная армія Малдовы заняла 104-е месца (са 140) ў міжнародным рэйтынгу «Global Firepower Index 2022». У рэйтынгу адзначаецца, што ў краіне могуць несці вайсковую службу 1,9 мільёна чалавек.

Цяпер вайсковы кантынгент ацэньваюць на 19 тысячаў. У складзе малдаўскага войска:

  • 10 танкаў;
  • 381 бронеаўтамабіль;
  • 9 САУ;
  • 69 несамаходных ракетных установак.

Вайна ва Украіне можа перарасці ў рэгіянальны канфлікт, як пагражаў Лаўроў?

Паводле экспертаў, вайсковы патэнцыял ПМР не ўяўляецца вялікім ці крытычным. Аднак можа адцягнуць значную частку сілаў ЗСУ, каб аблегчыць для РФ сітуацыю на Данбасе. Найбольшую небяспеку, на думку аналітыка Сяргея Маркедонава, уяўляе размарожванне лакальнага старога канфлікту, у які можа быць уцягнутая Малдова.

Прэм’ер-міністр Рэспублікі Малдова Мая Санду. Берлін, Нямеччына. 16 ліпеня 2019 года.
Фота: Omer Messinger / Zuma Press / Forum

Дарадца міністра абароны Украіны Юрый Бутусаў адзначыў, што Прыднястроўе зрабілася небяспечным пунктам для атакі на Адэсу. Ён мяркуе, што вайсковае камандаванне РФ цяпер стварае ў ПМР плацдарм для далейшага наступу:

«На жаль, Прыднястроўе сталася радовішчам міжнароднага тэрарызму. Улады Малдовы абавязаныя рэагаваць на расейскія правакацыі і расейскія арсеналы ў Прыднястроўі, што ўяўляе сабою наўпроставую пагрозу Украіне і дапамогу агрэсару падчас вайны. Малдова павінна вызначыцца са сваёй пазіцыяй падчас нападу Расеі на Украіну і дакладна заявіць, як яна збіраецца раззброіць гэтыя банды. Магчыма, варта звярнуцца па вайсковую дапамогу да сусветнай супольнасці».

Нагадаем, што ў мінулым годзе прэзідэнт Малдовы Мая Санду актыўна спрабавала дамагчыся вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Прыднястроўя. На гэты момант палітык разлічвае на дыпламатычнае ўрэгуляванне сітуацыі ў ПМР. Учора міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што свет цяпер на мяжы трэцяй з ліку сусветнай вайны.

ВІДЭА
Ці Пуцін выведзе сваё войска з Малдовы?
2020.03.10 07:05

Вядома, што на тэрыторыі Прыднястроўя ўсталяваныя блокпасты. Школьнікаў перавялі на дыстанцыйную форму навучання. На выезд з тэрыторыі краіны ўтварылася вялізарная чарга на выезд. Выглядае, што ў ПМР рыхтуюцца да эскалацыі канфлікту. Пытанне, ці далучыцца да ваенных дзеянняў у такім выпадку Кішынэў, адкрытае.

Hавiны
«Нагода для стварэння напружанасці». Улады Малдовы і Украіны пракаментавалі абстрэлы ў Прыднястроўі
2022.04.26 09:27

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў