Што адбываецца з цэнамі і курсамі валют? Запыталіся ў эканаміста


З пачаткам расейскага ўварвання ва Украіну адбылося рэзкае падзенне беларускага рубля адносна долара і еўра, бо Беларусь прызналі саўдзельніцай агрэсіі і ўвялі супраць яе дадатковыя санкцыі. Разам з тым у краіне ўзрасла інфляцыя, што прывяло да росту цэнаў на большасць твараў. Аднак апошнія тыдні назіраецца адваротная тэндэнцыя – рост нацыянальнай валюты Беларусі, хаця пры гэтым працягваецца павышэнне цэнаў. Запыталіся ў беларускага эканаміста Дзмітрыя Крука пра магчымыя прычыны такой сітуацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Якая зараз сувязь беларускага і расейскага рубля?

У першую чаргу эканаміст Дзмітрый Крук адзначае, што цяперашняя тэндэнцыя да ўзмацнення беларускага рубля адносна долара і еўра з’яўляецца вынікам расейскага ўплыву.

«Гэта проста паўтарэнне тых трэндаў, якія ёсць у расейскага рубля. Гэта вядомая залежнасць беларускага рубля ад расейскага, што ён у яўнай форме быў да яго прывязаны, і гэты механізм працягвае дзейнічаць, бо цяперашнія ўлады лічаць гэта нармальным, надзейным і эфектыўным. Тым самым, на думку ўладаў, забяспечваецца плюс-мінус стабільны ўзровень канкурэнтаздольнасці тавараў беларускіх экспарцёраў на расейскім рынку».

Разам з тым застаецца пытаннем, наколькі ў цяперашніх умовах гэты механізм дзейсны. Дзмітрый Крук мяркуе, што бліжэйшым часам у залежнасці беларускага рубля ад расейскага павінен адбыцца нейкі надлом, паколькі беларускім экспарцёрам можа стаць складана забяспечваць канкурэнтаздольнасць на расейскім рынку.

«Расейскі рынак ужо сціскаецца і будзе сціскацца далей на тых сегментах, дзе беларусы маюць сваю прапанову. Таму будзе патрэбна абясцэньванне беларускага рубля адносна расейскага. Калі гэта дакладна здарыцца, і наколькі мы блізкія да гэтага, пакуль адназначна сказаць немагчыма, бо статыстыкі яшчэ няма, а тая, што ёсць, у значнай ступені засакрэчваецца ўладамі. І таму не зусім зразумела, у якім становішчы хаця б у двухбаковым гандлі паміж Беларуссю і Расеяй мы цяпер знаходзімся. Але з вялікай верагоднасцю сітуацыя будзе ісці да кропкі, калі можа адбыцца разрыў логікі следавання за расейскім рублём».

Што адбываецца на валютным рынку?

Пры ўсім гэтым у краіне апошнія месяцы назіраюцца рэкордныя аб’ёмы валютных аперацыяў. Для прыкладу, толькі за мінулы тыдзень еўра тры разы абнаўляў гістарычны рэкорд па аб’ёмах таргоў. Эканаміст перакананы, што гэта можа быць выклікана сукупнасцю шматлікіх фактараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі стаяць у чарзе да абменнага пункту ў Калінінградзе, Расея. 24 лютага 2022 года.
Фота: Vitaly Nevar / TASS / Forum

«Як адно з меркаванняў – спроба зарабіць на розніцы курсаў. Дапускаю, што тут яшчэ можа быць так званы адкладзены попыт, то бок тыя, хто раней па нейкіх прычынах не змог рэалізаваць сваю патрэбу ў валюце, робяць гэта цяпер. Таксама могуць быць тыя, хто гнутка рэагуе на змены ставак і робіць кароткатэрміновыя ўклады ў беларускіх рублях, а потым пераводзіць гэта ў валюту і наадварот. Здзелкі гэтых людзей таксама могуць спрыяць гэтаму».

Таксама, на думку эканаміста, тэндэнцыі на валютным рынку могуць быць вынікам жадання беларусаў захаваць свае ашчаджэнні.

«Людзі яшчэ з канца лютага – пачатку сакавіка досыць лагічна сябе пачалі паводзіць, бо для многіх пачатак вайны стаў апошнім цвіком у нейкія рэшткі даверу да фінансавай сістэмы і перспектываў эканамічнай палітыкі. У гэтым выпадку рацыянальнай стратэгіяй з’яўляецца выхад у наяўныя ў замежнай валюце».

Чаму павышаюцца кошты?

Разам з тым, нягледзячы на ўзмацненне нацыянальнай валюты, у краіне працягваюць павышацца цэны на спажывецкія тавары. Эканаміст Дзмітрый Крук бачыць чатыры асноўныя фактары, якія спрыяюць развіццю такой сітуацыі:

– імпарцёры, перастрахоўваючыся, закладаюць у цану тавараў той высокі курс замежных валютаў, які быў да сярэдзіны сакавіка;

– новыя санкцыі, якія прывялі да істотных лагістычных і фінансавых праблемаў;

– так званая імпартуемая інфляцыя, паколькі цяпер ва ўсім свеце назіраецца рэкордны за апошнія 40 год рост цэнаў;

– інфляцыйныя чаканні з боку насельніцтва, якія ўкладаюцца ў спажывецкія паводзіны, павышаюць попыт, а ў выніку і цану на тавары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Паводле Дзмітрыя Крука, усе гэтыя чатыры інфляцыйныя чыннікі вельмі моцныя і яшчэ далёка не рэалізавалі свой патэнцыял. Таму інфляцыя, прынамсі, на кароткім гарызонце будзе паскарацца далей, паколькі з боку беларускіх уладаў пакуль няма выразнай эканамічнай пазіцыі супрацьдзеяння гэтаму. Эканаміст падкрэслівае, што таксама існуе рызыка ўтварэння інфляцыйных і дэвальвацыйных спіраляў, якія назіраліся ў 2011 і 2014 гадах.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў