«Крок да катастрофы»: У Беларусі ўзніклі перабоі з жыццёва важнымі лекамі


У Беларусі пачаліся перабоі з лекавымі сродкамі, у тым ліку – і з жыццёва важнымі. Пра гэта паведамляюць «Белыя халаты».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: 24tv.ua

Як адзначае «Флагшток», з аптэк Гомля зніклі жыццёва важныя прэпараты – нямецкі «Эўтыракс» і «Леватыраксін» беларускай вытворчасці ва ўсіх дазоўках. Гэтыя прэпараты вельмі важныя для тых, хто пакутуе ад захворванняў шчытападобнай залозы.

«Адсутнасць прэпаратаў для лячэння гіпафункцыі шчытападобнай залозы – гэта пачатак сур’ёзнай катастрофы, якая можа паўплываць на жыцці мноства беларусаў», – пішуць «Белыя халаты».

Пры гэтым, паводле іх, праблемы з леватыраксінам розных вытворцаў выявіліся куды горшым, чым меркавалася. З іншымі лекамі таксама не вельмі.

Гэтак, у Віцебску і Гомлі «Эўтырокс» адсутнічае ва ўсіх аптэках, у Менску, Горадні, Берасці і Магілёве яго засталіся літаральна лічаныя ўпакоўкі.

«Леватыраксін» «у аптэках сталіцы і абласных цэнтраў таксама жахліва заканчваецца». Яго ўжо няма ў Берасці і Гомлі. Магілёў, Горадня, Менск і Віцебск яшчэ маюць рэшту ад нямецкай кампаніі. Беларускія аналагі адсутнічаюць амаль па ўсёй Беларусі. Рэшткавыя колькасці яго ёсць у рэгіянальных аптэках.

Таксама пачынаюць знікаць з аптэк тэст-палоскі для вызначэння глюкозы расейскага вытворцы «Сателлит Экспресс». Па дадзеных tabletka.by, яны засталіся толькі ў 130 аптэках па ўсёй краіне.

«У больніцах Гомля няма і, як паведамляюць, пакуль не чакаецца найважнейшага лячэбнага прэпарата: раствору атрапіну 0,1 % 1 мл у ампулах. Адсутнічае ён і на складах фармацыі, і ў аптэках», – адзначаюць «Белыя халаты».

Паводле звестак tabletka.by, рэшткі атрапіну вытворчасці Белмедпрэпаратаў ёсць у 181 аптэцы па ўсёй Беларусі. З вочнымі кроплямі атрапіну вытворчасці Украіны справы ідуць крыху лепш – прэпарат яшчэ ёсць у 539 аптэках па Беларусі.

Атрапін – гэта сродак першай дапамогі пры некаторых кардыялагічных паталогіях, брадыкардыях. Таксама ўжываецца як неабходны кампанент прэмедыкацыі пры большасці аперацый, часцяком – і падчас іх.

«Без перабольшання – гэты сродак зʼяўляецца жыццёва важным у некаторых выпадках», – падкрэсліваюць лекары.

Паводле іх, у Беларусі рызыкуюць знікнуць як імпартныя найменні некаторых лекаў, так і іх беларускія аналагі, «а гэта – без перабольшання, крок да катастрофы».

ПС belsat.eu

Стужка навінаў