Эксперт: «Або ЕЗ увядзе жорсткае эмбарга на расейскія нафтапрадукты, або вайна перакінецца на Еўропу»


Стала вядома, што дзяржавы ЕЗ так і не прыйшлі да адзінай думкі адносна эмбарга на пастаўкі расейскай нафты і газа ў Еўропу. Кіраўнік аддзелу замежных справаў і бяспекі ЕЗ Жузэп Бурэль адзначыў, што аб’яднаная Еўропа так і не прыйшла да згоды адносна лёсу пастаўкі энерганосьбітаў. Дырэктар аналітычных праграмаў цэнтру Разумкова Уладзімір Разумкоў у эфіры «Белсату» падзяліўся меркаваннем, ці магчыма тэрмінова ўвесці эмбарга на расейскія нафтапрадукты, і зрабіў прагноз, што здарыцца, калі захада будзе адкладацца.

Транспартаванне нафтапрадуктаў. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belmir.by

Расейская Федэрацыя – адзін з найбуйнейшых пастаўнікоў энерганосьбітаў у Еўропе. Каля 40 % экспарту Расеі – нафта і газ. Штогод Расея зарабляе прыкладна 300 млрд на пастаўках нафты, нафтапрадуктаў і газу.

Разумкоў заявіў, што стаўленне еўрапейскіх краінаў да танных расейскіх энерганосьбітаў адрозніваецца. Ён адзначыў, што ёсць краіны, якія актыўна працуюць, – краіны Балтыі і Польшча, хаця яны не менш залежаць ад расейскага паліва, чым Нямеччына. Але ёсць краіны, што стаяць на шляху эмбарга – Вугоршчына і Нямеччына. На думку эксперта, краіны Еўропы павінныя актывізавацца, бо пытанні бяспекі мусяць стаяць вышэй за пытанні прыбытку.

Аналітыка
«Санкцыі працуюць, але не так, каб у Расеі не было грошай на вайну». Эксперт пра залежнасць ЕЗ ад расейскіх энергарэсурсаў
2022.04.20 14:06

«Нямеччына ставіла сябе ў залежнасць, быццам наркаман, цягам апошніх 10 гадоў, калі закрывала вугальныя і атамныя станцыі. Усё замяшчалі расейскім газам. Цяпер складана спыніць палітыку, якая развівалася цягам многіх гадоў. Патрэбны план, каб адмовіцца хаця б на 50 %, а потым і на 100 %», – заявіў эксперт.

На думку Разумкова, заменай выкарыстання газу станецца скарачэнне праграмы вываду ядравых блокаў. Эксперт адзначыў, што Францыя мае вялікі патэнцыял у ядравай энергетыцы. Таксама ён выказаў думку, што для эфектыўных дзеяў еўрапейскім палітыкам не стае волі. «Балты і палякі маюць волю, а іншыя – не маюць такой волі. Яны, пэўна, моцна звязаныя пастаўкамі энерганосьбітаў і, відаць, маюць глыбокія карумпаваныя сувязі», – дадаў Разумкоў.

«Нафту лягчэй замяніць за газ. Доля Расеі на рынку меншая. Калі газу 40 %, то нафты прыкладна 30 %. Насамрэч, нафта ідзе марскім шляхам. Існуе патэнцыял замяшчэнне нафты ў краінах АПЭК, 90 % можа замяніцца праз павелічэнне квотаў на здабычу. І гэта нават без выкарыстання Ірану і Венесуэлы. Гэта рэальна, але трэба мець палітычную волю і актыўны план», – падсумаваў эксперт.

Эксперт дадаў, што санкцыі дапамогуць дамагчыся мэтаў у разбурэнні плану расейскай агрэсіі. Разумкоў згадаў, што санкцыі надзвычай моцна паўплывалі на Іран, дзе эканоміка дагэтуль у крытычнай сітуацыі. На думку Разумкова, патрэбны адпаведны план, каб немагчыма было абысці новыя санкцыі.

«Нашыя партнёры мусяць зразумець, што няма альтэрнатывы. Фінансаванне Расеі для вайны ва Украіне прывядзе рана ці позна да таго, што яна перакінецца ўглыб Еўропы. Я лічу, што для Еўропы іншай альтэрнатывы, як жорсткія санкцыі, няма. Рызыкі надта вялікія і перакрываюць камерцыйную выгаду. Палітыкам, якія праводзілі палітыку залежнасці Еўропы ад расейскіх носьбітаў, не месца болей на палітычнай сцэне. Іх трэба змяняць«, – дадаў Разумкоў.

Hавiны
Зяленскі: Я не магу зразумець, як можна зарабляць на крыві
2022.04.15 15:54

Нагадаем, што дэпутаты Еўрапарламенту на чарговым пасяджэнні 7 красавіка прынялі жорсткую рэзалюцыю ў дачыненні Расеі і Беларусі праз вайну ва Украіне. Палітыкі заклікалі краіны ЕЗ да жорсткіх санкцыяў і накладання эмбарга на расейскія газ і нафту. Пакуль рэзалюцыю афіцыйна падтрымалі толькі Польшча, Латвія, Літва і Эстонія. Аўстрыя, Нямеччына і Вугоршчына пакуль адзначаюць, што выканаць пастановы рэзалюцыі ЕЗ яны не маюць магчымасці. Штогод Расея зарабляе на экспарце нафты і газу пад 300 млрд долараў.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў