Дэпутат Херсоншчыны пра новую расейскую ўладу: «Ніякай акупацыйнай улады і ніякай Расеі тут ніхто не чакае»


У акупаванай расейскімі войскамі Херсонскай вобласці прызначылі новага кіраўніка рэгіёну і мэра Херсона. У эфіры «Белсату» дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань распавёў пра новага «кіраўніка» вобласці, а таксама пра немагчымасць планаў правесці псеўдарэферэндум аб абвяшчэнні ХНР.

Сяргей Хлань.
Фота: kherson.life

Сяргей Хлань расказаў, што расейскія войскі з першага дня акупацыі 24 лютага практычна поўнасцю акупавалі ўсю Херсонскую вобласць. Аднак у сам горад Херсон расейцы зайшлі толькі 3 сакавіка і да ўчорашняга дня гарадская ўлада Херсона, мэрыя, працавала па ўкраінскім заканадаўстве.

«Акупант паслядоўна ціснуў на мясцовае самакіраванне. Паступова ва ўсіх гарадах Херсоншчыны акупанты ці то пад дулам аўтамата выганялі законна абраных мэраў і ім даводзілася пакідаць Херсоншчыну, ці закрываючы іх у свае новаўтвораныя турмы, затрымліваючы і збіваючы людзей і мясцовае самакіраванне, ціснулі на тое, каб мэры гарадоў працавалі з акупантамі. Але не адзін з мэраў гарадоў не згаджаўся на гэта. Учора апошняй адпраўной кропкай стала гарадская рада Херсона, якая працавала па ўкраінскім заканадаўстве, але акупант фактычна выгнаў з мэрыі законна абранага мэра і ўсю гарадскую адміністрацыю», – распавёў дэпутат.

Пасля гэтага, раніцай 26 красавіка, расейскія войска правялі «акупацыйную нараду», пасля чаго абвясцілі, што кіраўніком Херсонскай АДА акупацыйная ўлада прызначыла Уладзіміра Сальда.

«Ён экс-мэр горада Херсона, у 2012 годзе быў абраны народным дэпутатам у Вярхоўную раду Украіны і быў на пасадзе да 2014 года. Пасля 2014 года нейкі час хаваўся за мяжой з прычыны крымінальнай гісторыі. Але ўжо да 2019 года вярнуўся ва Украіну і ў Херсоне арганізаваў сваю мясцовую партыю, якая была прадстаўлена і ў гарадской і ў абласной радзе».

Мітынг у Херсоне.
Фота: dialog.ua

Хлань зазначае, што ўсе ведалі, што Сальда меў сувязі з Расеяй, але не было праверана фінансаванне яго партыі. На ягоную думку расейскі бок ставіў на тое, што яго ў Херсоне любяць і вітаюць, але жыхары ўсё роўна выходзяць на пратэсты.

«Па факце аказалася, што калі акупанты ўварваліся на Херсоншчыну, яны ўбачылі, што іх тут ніхто не чакае. І шматтысячныя мітынгі херсонцаў, якія выходзілі не баючыся накіраваных на іх дула аўтамата, светлашумавыя гранаты, якімі іх спрабавалі разагнаць. Людзі выходзілі сказаць, што ніякага Сальда, і ніякай акупацыйнай улады, і ніякай Расеі тут ніхто не чакае, а Херсон застанецца заўсёды Украінай.

А прызначэнне гэтага незразумелага чалавека, якога нічога не звязвае з Херсонам, верагодна, прывезлі з ФСБшных кабінетаў. Гэта нічога не дасць – людзі з нянавісцю прымаюць Сальда і ягоную палітычную сілу. Гэта дапамога акупанту, які прыйшоў на нашу зямлю для таго, каб забіваць і гвалтаваць, страляць у дзяцей. І людская нянавісць ніколі не даруе гэтых здраднікаў».

Таксама дэпутат адзначыў, што кожны херсонец верыць і чакае вызвалення Херсоншчыны Узброенымі сіламі Украіны.

Паводле інфармацыі расейскага боку, заўтра ў Херсонскай вобласці збіраюцца правесці псеўдарэферэндум па стварэнні ХНР.

Аднак паводле слоў Сяргея Хланя, рэферэндуму не можа адбыцца, нават тэхнічна. Па-першае з-за таго, што акупант не мае поўнага кантролю над усёй Херсонскай вобласцю, а другая прычына заключаецца ў тым, што расейскі бок толькі сёння прызначыў сваіх «прадстаўнікоў» улады, а для рэферэндуму патрэбна вертыкаль улады.

Аналітыка
Што будзе, калі Прыднястроўе ўступіць у вайну?
2022.04.26 18:27

АД belsat.eu

Стужка навінаў