Андрэй Вардамацкі: Вайна ва Украіне пераструктуруе геапалітычныя арыентацыі беларусаў


Доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі прэзентаваў новае сацыялагічнае даследаванне, прысвечанае стаўленню беларусаў да вайны ва Украіне і ўплыву канфлікту на геапалітычныя погляды. Апытанне праводзілі 15–26 сакавіка.

Паводле Вардамацкага, у стаўленні беларусаў да размяшчэння ў краіне расейскіх войскаў назіраецца «класічны спліт грамадскай думкі». Колькасць тых, хто падтрымлівае перабыванне расейскай арміі ў Беларусі і выступае супраць гэтага, прыблізна аднолькавая – па 4045 %. «Падкрэслю ўсё-ткі: з некаторым невялікім зрухам у бок адмоўнай ацэнкі», – дадае сацыёлаг.

Але сітуацыя змяняецца, калі ідзецца пра тое, што расейскія войскі выкарыстоўваюць беларускую тэрыторыю для ваенных дзеянняў супраць Украіны: ⅔ беларусаў ставяцца да гэтага адмоўна.

Толькі каля 11 % апытаных ставяцца станоўча да патэнцыйнага ўдзелу беларускага войска ў вайне супраць Украіны, а 8586 % – адназначна супраць. «Тут поўная абсалютная дамінанта адмоўнага стаўлення», – падкрэсліў Вардамацкі.

Цікава, што стаўленне беларусаў да ўдзелу ў вайне адрозніваецца ў залежнасці ад узроўню адукацыі. Найбольшы ўзровень падтрымання магчымага ўводу беларускага войска ва Украіну назіраецца сярод людзей найменей адукаваных.

Скрыншот з прэзентацыі Андрэя Вардамацкага

 

«Тут відаць вельмі дакладная заканамернасць, сувязь з узроўнем адукацыі. Чым вышэйшы ўзровень адукацыі, тым меншае падтрыманне патэнцыйнага ўводу беларускіх войскаў ва Украіну», – канстатуе Вардамацкі.

Адрозненні назіраюцца яшчэ і ў нацыянальным параметры. Сярод тых, хто адчувае сябе беларусам, удзел у вайне падтрымлівае толькі 9,9 % апытаных, а сярод прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў (расейцы, украінцы, палякі) – 21,2 %.

Скрыншот з прэзентацыі Андрэя Вардамацкага

Вардамацкі падкрэсліў, што гэта той рэдкі выпадак, калі нацыянальны параметр працуе. Звычайна ў палітычных пытаннях адрозненняў у поглядах паводле нацыянальнай прыкметы няма.

Медыйнае рэха «русского мира»

Больш за палову апытаных – прыхільнікі пазаблокавага статусу Беларусі: яны лічаць, што краіна не мае быць ні ў якім вайскова-палітычным саюзе. Сяброўства ў АДКБ падтрымліваюць 30 %, а далучэнне да NATO – 5 %.

Людзі найчасцей вінавацяць у вайне Расею (24–30 % апытаных), але гэта не абсалютная большасць, не пераважная дамінанта.

Скрыншот з прэзентацыі Андрэя Вардамацкага

Каля 17–20 % апытаных вінавацяць у вайне ЗША. З аднаго боку, Вардамацкі тлумачыць гэты дзіўны адказ «медыйным рэхам «русского мира». Але ёсць і іншы складнік. «У гэтыя 20 % вінаватасці Злучаных Штатаў уваходзіць і такая матывацыя, як недастатковая рашучасць, паслядоўнасць і хуткасць рэакцыі ЗША на вайну. Гэта ацэнка недастатковасці», – кажа ён.

Яшчэ 13–17 % вінавацяць у нападзе на Украіну саму Украіну. Паводле Вардамацкага, гэта тыя беларусы, якія вераць у наратывы расейскай прапаганды пра «бандэраўцаў, нацыстаў ды наркаманаў»: «Фармулёўкі Салаўёва працуюць».

У беларусаў няма адчування вайны

Пры гэтым абсалютная большасць людзей не ўхваляюць дзеянняў Расеі ў вайне супраць Украіны. Калі вінавацяць у вайне Расею 24–30 %, то не ўхваляюць яе дзеянні 50–55 %.

Скрыншот з прэзентацыі Андрэя Вардамацкага

 

«Узровень неўхвалення дзеянняў Расеі ў вайне ўдвая вышэйшы за ўзровень віны за вайну», – адзначае Вардамацкі.

Скрыншот з прэзентацыі Андрэя Вардамацкага

У цэлым сімпатыі беларусаў – на ўкраінскім баку: Украіне спачуваюць у гэтым канфлікце 45–49 % беларусаў, Расеі – 17–20 %.

Скрыншот з прэзентацыі Андрэя Вардамацкага

Большасць апытаных (56,2–62,9 %) не лічаць Беларусь суўдзельніцаю вайны ва Украіне.

«У большасці насельніцтва няма адчування вайны зусім, – тлумачыць Вардамацкі. – Ну вось праехалі вайскоўцы – і ўсё. А дзе вайна? Простае няведанне. Са сродкаў масавай інфармацыі мала звестак атрымліваюць людзі».

Але пры гэтым ⅘ апытаных упэўненыя, што яны дастаткова інфармаваныя пра падзеі ва Украіне. «Хаця ва ўмовах, калі беларускі афіцыйны наратыў супадае з расейскім, цяжка сказаць, што дасведчанасць прысутнічае. Але людзі адчуваюць гэта такім чынам», – дадае сацыёлаг.

Скрыншот з прэзентацыі Андрэя Вардамацкага

На думку эксперта, уяўленне, што тэлебачанне сышло, рамантычнае і не адпавядае рэчаіснасці. Напрыклад, каля траціны апытаных кажуць, што атрымліваюць інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі ад беларускага дзяржаўнага тэлебачання.

«Вайна сама па сабе ніяк не ўплывае на свядомасць беларусаў. Уплывае медыяканструкт, што паступае ў галовы беларусаў», – канстатуе Вардамацкі.

Прагноз геапалітычных настрояў

Скрыншот з прэзентацыі Андрэя Вардамацкага

Асобная тэма даследавання – уплыў вайны на геапалітычныя погляды беларусаў. Апытанне ў сакавіку зафіксавала цікавую тэндэнцыю:

«Адбылося некаторае паніжэнне арыентацыі на Расею і ўздым арыентацыі на Еўропу па няўзважаных паказніках. Калі паглядзець звесткі ўзважаныя, то малюнак будзе іншы: адначасовы ўздым арыентацыі і на Расею, і на Еўропу. Гэта значыць, адбываецца крышталізацыя за кошт памяншэння колькасці нявызначаных».

Зыходзячы з гэтай тэндэнцыі, далей сітуацыя можа развівацца паводле трох варыянтаў.

  • Палярызацыя. Працягнецца крышталізацыя геапалітычных поглядаў, будуць адначасова расці і праеўрапейскія, і прарасейскія настроі.
  • Парцыйны раскол. Будуць негатыўна ацэньвацца толькі асобныя праявы расейскай палітыкі і ў парадку назапашвання такіх ацэнак будзе адбывацца зніжэнне прарасейскіх настрояў.
  • Адыход ад Расеі, але без прапарцыйнага росту праеўрапейскіх настрояў.

Вардамацкі лічыць, што беларусы цяпер праходзяць пэўную развілку ў сваіх геапалітычных поглядах:

«Ідуць вонкавыя ў дачыненні Беларусі працэсы – вайна ва Украіне. Якая сама па сабе пераструктуруе свае геапалітычныя арыентацыі. Адзін з варыянтаў – падзенне арыентацыі на Расею, другі варыянт – паралельны рост абедзвюх арыентацыяў».

РР belsat.eu

Стужка навінаў