Жыхароў Новай Баравой затрымалі за воклічы «Жыве Беларусь!» з вокнаў. Удома ў іх адбыліся ператрусы


Траіх жыхароў Новай Баравой затрымалі за выгукі «Жыве Беларусь» з вокнаў, двое з іх арыштаваныя на 10 содняў. Удома правялі ператрусы, паведамляе тэлеграм-канал «Вясна» назірае».

На мінулым тыдні падчас затрыманняў у Новай Баравой за «сардэчкі» траіх жыхароў забралі ў РУУС за выкрыкі «Жыве Беларусь!» з вокнаў кватэраў. У кватэрах 29-гадовай Яны Апасавай, 31-гадовага Аляксандра Анісько і 32-гадовага Алега Ляліка міліцыянты правялі ператрусы. На іх склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП.

Жыхароў Новай Баравой абвінавачваюць у тым, што яны «20 красавіка ў перыяд часу 21:00 – 21:03 наўмысна парушылі закон «Аб масавых мерапрыемствах», прыняўшы ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні, высунуўшыся з акна кватэры выкрыкнулі лозунг «Жыве Беларусь».

Гэтыя справы 23 красавіка ў судзе Менскага раёну разгледзела суддзя Кацярына Новікава.

Рэпартаж
«Людзі раззлаваныя дашчэнту». Сілавікі ўзмацнілі ціск на Новую Баравую
2021.03.16 15:40

Алег і Аляксандр жывуць на другім паверсе, а Яна жыве на восьмым, але гэта не перашкодзіла сведку-міліцыянту ў цёмны час содняў разглядзець іхныя твары, пасля чаго апазнаць на судзе.

На судзе Алег і Яна сказалі, што ў той дзень чулі крыкі, але самі нічога не выгукалі. Аляксандр у гэты час разам з жонкай купаў дзіця, а незадоўга да затрымання быў панятым пры ператрусе ў суседа.

Калі прыйшлі дадому да сям’і Апасавых, у іх у гасцях была сяброўка. Супрацоўнікам міліцыі было ўсё роўна, каго затрымліваць, таму яны прапанавалі жыхарам самім выбраць, каму праехаць з імі ў РУУС для гутаркі. Муж Яны хварэе, таму паехала яна сама. Сведка-міліцыянт жа сцвярджае, што ён асабіста бачыў, як Яна выкрыквала лозунгі з акна, таму і затрымалі менавіта яе.

Вокны Аляксандра Анісько ў адзінага выходзяць не на двор, а на лес. Сведка-міліцыянт у гэты раз не стаў агаворваць чалавека, таму, не маючы ніякіх доказаў, суддзя Новікава вырашыла адправіць ягоную справу на «дапрацоўванне».

Алег Лялік і Яна Апасава на пастанову суддзі Новікавай будуць адбываць 10-дзённыя арышты.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў