Зарабляюць на палітвязнях. Сям’я зняволенага выкрыла махлярку, што скарысталася здымкам ягонага затрымання


Анастасіяй Мінкевіч – гэтак у сацыяльнай сетцы «УКантакце» падпісвалася дзяўчына, што назвалася сястрой затрыманага, якому пагражае крымінальная справа. Разам з допісам дзяўчына размясціла фотаздымак, на якім зафіксаваны момант затрымання Аляксандра Захарэвіча, асуджанага на два гады зняволення. Жонка вязня Іна Захарэвіч не стала мірыцца з такім нахабствам і праз сяброў выцягнула дзяўчыну на сустрэчу.

Момант затрымання Аляксандра Захарэвіча, якому прысудзілі два гады зняволення.
Фота: TUT.BY

Наступіў на нагу супрацоўніку – сеў на два гады

«Ён вельмі перажывае, што дзіця расце без яго. Яна пайшла без яго, размаўляць пачала без яго. Вельмі любіць дачку. У нас былі партнёрскія роды, ён першы ўзяў яе на рукі, усяляк дапамагаў. Бадай, гэта найбольш балючая тэма для яго», – распавядае Іна Захарэвіч, жонка палітвязня Аляксандра Захарэвіча, прытрымліваючы малую Алісу, якая гойсае па канапе. Залатавалосай дзяўчынцы амаль два гады, шэсць месяцаў з іх яна жыве без бацькі. З аблічнасці яна падобная да яго.

Аляксандра Захарэвіча затрымалі падчас мірнага пратэсту 1 лістапада 2020 года. Асудзілі на 9 содняў арышту, але пасля адміністратыўнага тэрміну на волю мужчына не выйшаў. Ужо 10 лістапада яму выставілі абвінавачанне ў крымінальнай справе – артыкул 364, «Гвалт ці пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў».

Палітзняволены Аляксандр Захарэвіч з жонкай і дачкой. Фота з сямейнага альбому сям’і Захарэвічаў. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Уцякаючы, наступіў на нагу працаўніку ДАІ. Там не было ніякіх пашкоджанняў. Саша такі чалавек, не здольны ён на гвалт, – кажа жонка палітвязня. – Магчыма, і суддзя разумела гэта, бо іначай не дрыжаў бы яе голас пры вынясенні рашэння».

Аляксандра асудзілі на два гады пазбаўлення волі.

Выдавала сябе за сястру зняволенага

Момант затрымання маладога чалавека трапіў у аб’ектыў карэспандэнта TUT.by і, са словаў Іны, фотаздымак стаў папулярным, нават «Euronews» выкарыстоўваў яго ў публікацыях. Гэты ж здымак і прыцягнуў увагу сяброўкі сям’і Захарэвічаў, калі яна ўбачыла яго апублікаваным пад пастом у адной з закрытых суполак, прысвечанай аўта- ды мотатэме, у сацыяльнай сетцы «УКантакце».

«Яна скінула мне, маўляў, паглядзі, быццам бы сястра Сашына. Але сястра ў Сашы адна, і я яе выдатна ведаю. Да ўсяго пост быў зроблены ў закрытай суполцы з вельмі дзіўнай назвай і кантэнтам», – зазначае Іна.

Допіс, які змясціла махлярка. Скрын з «УКантакце»

Аўтарка паста, нейкая Анастасія Мінкевіч, сцвярджала, што мае патрэбу ў грашах на паслугі адваката для брата, якому пагражае крымінальная справа. Сума была ўказаная зусім невялікая – 80 рублёў, быццам бы гэта частка, якой не хапае. Пазычаныя грошы дзяўчына абяцала абавязкова вярнуць. Нягледзячы на гэтыя акалічнасці падпісанты суполкі, як сцвярджае Іна, паставілі пад сумнеў праўдзівасць гэтага паста:

«Кагосьці збянтэжыла, што ўказваецца картка ў расейскіх рублях. Хтосьці быў не супраць дапамагчы, але прасіў больш падрабязнасцяў і інфармацыі пра чалавека і здарэнне».

Іна Захарэвіч паспрабавала звязацца з Анастасіяй, але тая ёй не адказала. Тады камунікацыю з дзяўчынай распачала сяброўка Іны.

«Дзяўчына ёй адказала. Распавяла гісторыю брата, маўляў, яго затрымалі падчас дваровага маршу, асудзілі спачатку на содні, цяпер яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, бацькі дапамагаць не хочуць. Сяброўцы яна сказала, што мае відэа затрымання брата, а апублікаваны фотаздымак – ілюстрацыйны, адміністратары суполкі папрасілі нечым абазначыць паведамленне. Вось толькі з адміністратарам мы таксама звязаліся, і ён сказаў адваротную інфармацыю: фотаздымак і карцінку дала сама дзяўчына», – распавядае Іна.

 

Камунікацыя сяброўкі Іны з Анастасіяй цягнулася нейкі час, але канчаткова на сустрэчу дамовіцца не атрымалася. Ці то сяброўка была занадта настойлівай, чым выклікала падазрэнне, ці то Анастасія пабачыла агульныя фотаздымкі з Інай у сацыяльных сетках.

«Тады ёй напісаў наш знаёмы Аляксандр, з якім мы не сябруем у сацыяльных сетках. І ведаеце, яна яму адказала. Толькі калі раней яна распавядала, што з Менску, то цяпер напісала, што з Берасця. Мяне гэта абурыла: нягледзячы на тое, што я ёй пісала, мая сяброўка пісала, яна ўсё роўна працягвала сваю гісторыю», – тлумачыць жонка палітвязня.

Падвяла сквапнасць

Дамовіцца на сустрэчу Аляксандру ўдалося пасля таго, як ён запрапанаваў Анастасіі дапамогу 1000 рублёў, быццам бы на будучыя наведванні адваката. Мужчына прызнаецца, што, прапаноўваючы такую суму, пераймаўся, што можа выклікаць падазрэнне. Але, відаць, дзяўчыну падвяла сквапнасць.

«Ідучы на сустрэчу, я спадзяваўся, што гэта ўсё ж прыстойны чалавек, якому патрэбная дапамога. У мяне нават грошы былі з сабой. Разумееце, вось з перапіскі я ёй цалкам верыў, але ад Іны ведаў, што яна – махлярка. І ўсё ж была надзея. Але калі я падышоў да яе, у дзяўчыны затрэсліся ногі – гэтым яна сябе і выдала», – распавядае Аляксандр.

Гісторыі
«Татачка, чаму я тут сяджу? Калі мяне выпусцяць?» Бацька 16-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова – пра зняволенне сына
2021.04.17 08:51

Напачатку мужчына ўдакладняў у Анастасіі, як імя, прозвішча брата. Але адказаць яна не змагла і стала заўважна хвалявацца, прасіла вырашыць справу хутчэй, бо спяшалася на маршрутку да Берасця. Неўзабаве да Аляксандра далучылася Іна з яшчэ адным знаёмым, які фіксаваў сустрэчу на відэа.

Іна Захарэвіч, жонка палітвязня Аляксандра Захарэвіча. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Дзяўчына раптоўна стала адмаўляць, што на апублікаваным ёй фотаздымку момант затрымання брата. А дагэтуль яна мне сцвярджала, што гэта ён. Відавочная хлусня! Мы папярэдзілі, што пакуль ніякіх наступстваў яе ўчынак мець не будзе, але калі яна не спыніцца, то давядзецца рабіць нейкія больш сур’ёзныя захады», – зазначае Аляксандр.

Літаральна праз паўгадзіны старонка Анастасіі Мінкевіч з сацыяльнай сеткі «УКантакце» была выдаленая.

«Абурыла, бо мы спраўляемся самі»

Аляксандра Захарэвіча ўжо этапавалі ў Шклоўскую калонію. На апошнім з мужам спатканні Іна паведаміла яму пра намер надаць галоснасці здарэнню. Аляксандр рашэнне жонкі падтрымаў.

«Яго абурыла гэтая гісторыя. Так, у нас ёсць адвакат на пастаяннай аснове. Але мы спраўляемся сваймі сіламі. Ніякіх абвестак пра неабходнасць падтрымання нідзе ніколі не рабілі. У дадзенай сітуацыі маё і Сашына блізкае атачэнне вельмі добра сябе праявіла, дапамагаюць. Я ім удзячна за ўсё. Гэта мяне і абурыла, мы спрабуем справіцца самі, а нехта намагаецца грошы зарабіць», – адзначыла Іна.

Іна, жонка палітвязня Аляксандра Захарэвіча, з дачкой Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Цяпер дзяўчына чакае, калі ў Аляксандра скончыцца каранцін, каб сустрэцца з ім на доўгатэрміновым спатканні ў калоніі, куды яна возьме і Алісу.

Што рабіць, каб не трапіць на вуду махляроў

Са словаў сузаснавальніцы ініцыятывы Dissidenty.by Марыны Касінеравай, колькасць выпадкаў махлярства на хвалі пратэставай салідарнасці ў будучым можа толькі павялічыцца. З досведу сваёй дзейнасці актывістка фармулюе некалькі правілаў, якія могуць дапамагчы не трапіць на вуду падману.

Найперш, раіць Марына, трэба стрымаць эмоцыі і спраўдзіць у праваабаронцаў альбо ініцыятываў, якія дапамагаюць палітзняволеным, ці сапраўды заяўленаму чалавеку патрэбная дапамога і ці вядзецца збор на яго падтрыманне.

Гісторыі
Людміла Самусенка, маці палітвязняў: «Сям’ю парвалі на кавалкі і раскідалі»
2021.03.14 08:00

«Калі вам няма часу ці жадання шукаць суполкі, шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, можна заўсёды асабіста запытацца дакументы, якія пацьвярджаюць асобу чалавека, пастанову аб арышце ці прысудзе, дамову з адвакатам, калі збор вядзецца менавіта на гэтыя мэты. Таксама запрапануйце самім аплаціць паслугі абаронцы і вышліце квіток на ўнесеныя сродкі. Але ўсё ж найперш звяртайцеся да ініцыятываў, яны камунікуюць са сваякамі і могуць хутка праверыць інфармацыю. Гэта ўратуе не толькі ад махляроў, але і ад міліцыянтаў, якія могуць такім чынам весці распрацоўку людзей», – падкрэслівае Марына.

Палітзняволены Аляксандр Захарэвіч з дачкой. Фота з сямейнага альбому сям’і Захарэвічаў. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У выпадку, калі вы ўсё ж сталі ахвяраю махляроў, ініцыятыва Dissidenty.by рэкамендуе неадкладна публічна паведамляць, каб папярэдзіць іншых людзей пра асобу, з якой узніклі праблемы. Марына Касінерава папярэджвае, што непаразуменні могуць узнікаць і з роднымі палітвязняў. У такіх выпадках яны не адмаўляюць у дапамозе зняволенаму, напрыклад, пералічваюць грошы на рахунак у СІЗА, але спыняюць падтрыманне праз сем’і.

МД, belsat.eu

Стужка навінаў