У чаканні матацыклетаў з кулямётамі. Публіцыст Іван Давыдаў аб «прызнанні» Аляксандра Фядуты


Аляксандр Фядута.
Фота: Александр Федута / Facebook

Спатрэбілася ўдакладніць цытату з «Жыцця і лёсу» Васіля Гросмана. Так выйшла, што ў мяне некалькі выданняў гэтага раману, зняў з паліцы я тое, якое першым кінулася ў вочы. Таўшчэзная кніжка, якая выйшла ў выдавецтве «Амфара», набытая, здаецца, у вакзальным кіёску, калі не было чаго пачытаць у дарозе. Варыянт для малапатрабавальнага чытача – толькі тэкст, ды яшчэ невялікая прадмова. 2015 год, юбілей, на вокладцы – ордэн Перамогі. Публіцыст Іван Давыдаў пра «прызнанні» Аляксандра Фядуты для «Вот Так».

Стаў гартаць і раптам на прадмове затрымаўся. Спакойны аповед пра тое, як арыштоўвалі тэкст (менавіта тэкст, а не аўтара – часы бо ўжо параўнальна ліберальныя, вялікі правадыр у магіле, аднак і шэры Суслаў на пасадзе, і не прарвацца крамоле ў часопіс «Знамя»). Спакойнае параўнанне двух людаедскіх рэжымаў. Спакойныя словы пра подзвіг. Усё проста, усё даходліва. Ні надрыву, ні істэрыкі.

«Аказваецца, у 2015-м яшчэ можна было так пісаць, а дакладней – такое вялікім накладам друкаваць», – здзівіўся я. Пераспелы пуцінізм увайшоў бо ўжо ў вызначальную фазу свайго развіцця, тэлевізар распавядаў пра подзвігі данецкіх добраахвотнікаў з клікухамі замест імёнаў і зверствы карнікаў, а суграмадзяне радаваліся, успамінаючы вяртанне ў родную гавань згубленага паўвострава. Але, аказваецца, так яшчэ можна было, кніга – вось яна. Кніга – матэрыяльны аб’ект, эмпірычны факт або нават рэчыўны доказ.

І подпіс – «Аляксандр Фядута». Ніякіх удакладненняў, але – як высветляеца, цесны свет ідэяў – гэта той самы Аляксандр Фядута, які прызнаў у нядзелю сваю віну ў справе аб рыхтаванні дзяржаўнага перавароту ў Беларусі.

9 траўня 2020 года. Аляксандр Лукашэнка прымае парад.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Гэта ён разам з некалькімі калегамі рыхтаваў забойства ўсенародна абранага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі (ды яшчэ і на парадзе 9 траўня, каб стрэл наёмнага снайпера прыйшоўся не толькі ў нацыянальнага лідара, але і ў гістарычную памяць народу!), ён планаваў раскрасці маёмасць правадыра, на ягоную каманду мусілі прарвацца з тэрыторыі Літвы 150 джыпаў з буйнакалібернымі кулямётамі, на ўзмах ягонай рукі ўвайшлі б у Менск салдаты NATO. Задумы, увогуле, настолькі жахлівыя, што нават Уладзіміру Пуціну прыйшлося ўспомніць пра іх у штогадовым пасланні Федэральнаму сходу.

Зразумелая цана такіх прызнанняў? і зусім не хочацца думаць, што зрабілі ў турме з чалавекам, які гэта ўсё падпісаў. Адкрытае вар’яцтва абвінавачванняў нічога новага, вядома, пра Аляксандра Лукашэнку не кажа – Лукашэнка, хутчэй, нават трохі супакоіўся, калі ўспомніць ягоныя фантазіі часу масавых пратэстаў. Тады ён чакаў з боку Літвы бамбавозаў ворага з ядравымі зарадамі, цяпер – усяго толькі пазадарожнікаў з кулямётамі.

І зноў дзіўнае сугучча – вось толькі што, атрымліваецца, выпадкова я перачытаў развагі Фядуты пра сутнасць сталінскага тэрору супраць уласных грамадзянаў. Я чытаў, а з ім у турме тварылі нешта такое, што ад метадаў старадаўніх катаў не моцна адрознівалася. Я шукаў цытату, а ў гэты час яго жыццё ператваралі ў цытату з пратаколу пасяджэння «спецыяльнай тройкі».

ПАШТОЎКА РЭШТКАМ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІ

З дзеяннямі ўладаў Беларусі, паўтаруся, усё зразумела, але трохі незразумела, чаму ў Расеі – сярод тых, хто спрабуе асэнсаваць тое, што адбываецца, – пераважнай рэакцыяй стала плынь вясёлых жартаў. Успамінаюць пераважна (мы – народ літаратурацэнтрычны) іншы вялікі раман і пяць матацыклетаў з кулямётамі, якія патрабаваў выслаць у раён Патрыяршых сажалак для адлову замежнага кансультанта паэт Іван Бяздомны.

Чаму б і не ўспомніць, ды і сваіх бедаў у Расеі хапае, чарадой ператрусы з арыштамі, але рэч жа не толькі ў тым, што проста на нашых вачах, літаральна ў жывым эфіры знішчаюць жыцця і лёсы людзей, не саромеючыся ў сродках і не асабліва маскуючы метады. Рэч яшчэ і ў тым, што тое, што адбываецца з Фядутам і іншымі «змоўнікамі»: адвакатам Юрыем Зянковічам і палітыкам Рыгорам Кастусёвым, – паштоўка рэшткам грамадзянскай супольнасці ў Расеі, прычым паштоўка зусім не ад суседзяў.

Беларускага адваката з ЗША Юрыя Зянковіча затрымалі ў Маскве. Цяпер ён у СІЗА КДБ у Менску. Адвакат Юрый Зянковіч. Крыніца: скрыншот Белсату

Зянковіча і Фядуту затрымалі ў Маскве і перадалі калегам з беларускага КДБ супрацоўнікі роднага нашага ФСБ. Дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў у эфіры салаўёўскай праграмы «Масква. Крэмль. Пуцін» пацвердзіў: так, усё так, рыхтавалі страшны пераварот, збіраліся здаць краіну ворагу і выкрасці саленні са склепу Аляксандра Рыгоравіча. Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава не без радасці намякае, што да «акту дзяржаўнага тэрарызму» могуць аказацца датычнымі ўлады ЗША. Хоць, кажа, расследаванне па лініі ФСБ яшчэ вядзецца, і канчатковыя высновы рабіць рана. Яна ж дыпламат, тонкая натура.

Сэнс паштоўкі просты, як храбусценне костак, якія ламае следчы абвінавачанаму падчас допыту: майце на ўвазе, можна яшчэ і вось так. Калі нам спатрэбіцца, то вы свае цяперашнія адміністратыўкі і нават крыміналкі ўспамінаць будзеце як прыемны ранішні сон. Мы гатовыя, і вы будзьце гатовыя.

Ах да, цытата, я ж шукаў цытату з Гросмана. Што ж, знайшоў, вось яна:

«Паўстаў новы тып палітычных зняволеных, створаны нацыянал-сацыялізмам, – злачынцы, якія не ўчынілі злачынстваў.

Многія зняволеныя трапілі ў лагер за выказаныя ў размовах з сябрамі крытычныя заўвагі аб гітлераўскім рэжыме, за анекдот палітычнага зместу. Яны не распаўсюджвалі ўлётак, не ўдзельнічалі ў падпольных партыях. Іх абвінавачвалі ў тым, што яны маглі б усё гэта зрабіць».

Публіцыст Іван Давыдаў для «Вот Так»

Стужка навінаў