«На гэтым тыдні адбудзецца канчатковы запуск станцыі». Як цяпер выглядае АЭС і Астравец


БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі район, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

Прайшло 35 гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а неўзабаве адбудзецца канчатковы запуск АЭС у Астраўцы. Паказваем, як цяпер выглядае наваколле ахоўнай зоны.

АЭС пачалі будаваць у 2012 годзе – тады ж Астравец атрымаў статус гораду. Да гэтага ён быў вёскай, а з 1958 года – пасёлкам гарадскога тыпу. Цяпер жа тут паставілі некалькі кварталаў шматкватэрных дамоў – і будоўля не спыняецца. Пераважна паўстае жыллё для будаўнікоў і запрошаных спецыялістаў у галіне ядравай энергетыкі, якія прыязджаюць з Расеі, Украіны, Казахстану, Грузіі ды іншых краінаў. Супрацоўнікам МНС, якія служаць на АЭС, таксама даюць кватэры.

«Праз гэта падняліся цэны на арэнду жылля ў Астраўцы, – кажа мясцовы жыхар Саша (імя змененае). – Калі ты знойдзеш пакой за сто долараў – табе пашанцавала. Прыватны дом можа каштаваць 1500 рублёў за месяц, пры гэтым асаблівых выгод там можа і не быць. Аднапакаёўка – каля 300 долараў. Арэндадаўцы разумеюць, што прыезджым спецыялістам усё роўна аплацяць жыллё, таму і завышаюць кошты. Купіць аднапакаёвую кватэру можна прыкладна за 30 тысяч долараў».

Гандлёвы цэнтр у новым раёне гораду. Астравец, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: ВК / Белсат
За апошнія гады ў горадзе з’явілася некалькі новых мікрараёнаў. Побач з жылымі дамамі адначасова будавалі школы, дзіцячыя сады, крамы. Астравец, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: ВК / Белсат

Мы спыняем хлопца, які выходзіць з «Еўраопту» з двума пакетамі ежы. На ягоным адзенні напісана «Росатом» – малады чалавек прыехаў з Расеі і займаецца наладкай абсталявання на АЭС. Кажа, што за апошнія 3–4 гады горад моцна змяніўся, зʼявілася некалькі хврчовых крамаў і спартовых пляцовак. Акрамя гэтага, у Астраўцы пабудавалі велізарную больніцу, куды на лячэнне таксама прыязджаюць людзі з суседніх гарадоў. Недалёка ад цэнтру гораду зрабілі штучнае вадасховішча, злучыўшы яго з невялікай рэчкай, і цяпер там ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі.

На пытанне, чаму ўвесь час адбываецца то ўключэнне, то адключэнне энергаблокаў АЭС, усе адказваюць ухіліста.

«Гэта планавае адключэнне. Яно непазбежна павінна адбывацца на пачатковым этапе, калі тэстуецца абсталяванне, – кажа іншы мужчына, таксама працаўнік АЭС. – Але на гэтым тыдні адбудзецца канчатковы запуск станцыі».

Раён ля аўтавакзалу. Статус гораду Астравец атрымаў толькі 28 красавіка 2012 года, да гэтага ён быў пасёлкам гарадскога тыпу. У гэтым жа годзе тут з’явіўся святлафор. Астравец, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: ВК / Белсат

Большасць мясцовых жыхароў не баіцца АЭС: кажуць, што дзякуючы ёй у Астраўцы зʼявілася высокааплатная праца. Сюды прыязджаюць з іншых гарадоў, дзе заробкі значна ніжэйшыя. Пры гэтым многія спадзяюцца, што АЭС так і не запрацуе, і ніякіх гіпатэтычных наступстваў для экалогіі не будзе.

Мясцовы жыхар. Вёска Варняны, Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: ВК / Белсат
Вёска Варняны, Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: ВК / Белсат

За апошнія пару гадоў у некаторых жыхароў Астравецкага раёну стала знікаць вада ў студнях – хтосьці робіць стаўкі на змены клімату, а хтосьці звязвае гэта з будаўніцтвам АЭС, для працы якой здабываюць ваду з Вяллі. Каб зрабіць свідравіну і вярнуць ваду на свой надзел, адна сямʼя аддала 1100 долараў.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі район, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат
Дарожная развязка на ўездзе ў Астравец. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: ВК / Белсат

Каля самой АЭС размяшчаецца вайсковы аддзел з ракетнымі сістэмамі – на выпадак пагрозы. З тэрыторыі станцыі часцей за ўсё выязджаюць машыны з расейскімі нумарамі. Уздоўж палёў расцягнутая павуціна эктрасетак – вышкі будавалі кітайскія падраднікі. Калі дастаць фотаапарат паблізу АЭС, то супрацоўнікі КПП могуць выклікаць нарад міліцыі.

Зараз у Астраўцы вельмі ціха, машыны ездзяць рэдка, зрэдку сустракаюцца мінакі. Гэты горад вельмі лёгка ўявіць апусцелым.

Аналітыка
«Невядома дзе і невядома што»: галоўныя пытанні пра ядравы магільнік БелАЭС
2021.04.20 08:30
Рэпартаж
Домік у чарнобыльскай зоне. Колькі каштуе, і чаму людзі сюды едуць
2020.07.02 10:16
Аналітыка
Пандэмія каронавіруса і катастрофа на ЧАЭС: параўноўваем рэакцыю ўладаў
2021.04.26 09:15
Фота
Гісторыя аднаго фотаздымка: летась на «Чарнобыльскі шлях» выйшлі 6 асобаў. Што з імі цяпер?
2021.04.26 11:00

ТК belsat.eu

Стужка навінаў