«Левае вока расейскае, правае – нямецкае». Гісторыі беларусаў, якія ездзілі за мяжу па чарнобыльскіх праграмах


Адной з самых вядомых формаў гуманітарнай дапамогі для дзяцей з забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС тэрыторый сталі аздараўленчыя паездкі за мяжу. Дзякуючы ім толькі з Беларусі за апошнія трыццаць гадоў на аздараўленне за мяжу выязджалі прыкладна 500 тысяч дзяцей. Па просьбе «Вот Так» некалькі беларусаў – у тым ліку Святлана Ціханоўская – распавялі пра тое, як на іх жыццё паўплывалі паездкі ў дзяцінстве на захад.

Вольга Роўба

ДА НЯДАЎНЯГА ЧАСУ – СТУДЭНТКА 4-ГА КУРСА ФАКУЛЬТЭТА МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІН БЕЛАРУСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА УНІВЕРСІТЭТА

Вольга Роўба.
Фота: Дзяніс Дзюба / Vot Tak TV / Белсат

У восем гадоў я, дзяўчынка з Мастоў у Гарадзенскай вобласці, паехала ў горад Бальбона-д’Анойя, які знаходзіцца за 60 км ад Барселоны. Там я ўпершыню ўбачыла мора і навучылася плаваць. У першы раз ехала туды, не ведаючы ні іспанскага, ні таго, што такое Іспанія. Трапіла ў вельмі добрую сям’ю. Яны размаўлялі на каталонскай, я – на расейскай. Мы ўсё тлумачылі жэстамі – есці, спаць і гэтак далей. Іхні сын, мой іспанскі «брат», да гэтага сем гадоў жыў і вучыўся ў Беларусі, ведаў расейскую, і гэта дапамагала. У наступны раз калі прыехала, ужо магла кантактаваць лепей. На трэці год спакойна іх разумела, яны разумелі мяне. Я пачала чытаць кнігі, яны нанялі мне рэпетытара, я займалася каталонскім і іспанскім.

Іспанскі вопыт стаў ўплываць на мяне ў падлеткавым узросце, калі я размаўляла са сваімі іспанскімі аднагодкамі. Мяне здзіўляла, што ў іх у школах выкладаецца фатаграфія і псіхалогія, што ёсць прыватныя школы. Іспанцаў жа здзіўляла, што мы 11 гадоў вучымся ў адным будынку – у іх пачатковая, сярэдняя і старэйшая школы – розныя ўстановы.

У дзяцінстве я ўсё паглынала як губка, і ўва мне змяшаліся два светапогляды – іспанскі і беларускі. Я бачыла іншую мадэль выхавання дзяцей. У Беларусі да старасці бацькі ўсё аддаюць дзецям, дапамагаючы з вучобай, арганізацыяй вяселля, купляй кватэры. У Іспаніі, у асноўным, дапамагаюць атрымаць адукацыю. З арганізацыяй дарослага жыцця там даюць, скажам так, свабоду выбару.

Тое, што ўвесь час мела зносіны з людзьмі іншай культуры, дапамагала мне знаходзіць мову з людзьмі ў Беларусі.

Вольга Роўба на адпачынку ў Іспаніі ў 2018 годзе. Фота з асабістага архіву

Мае іспанскія «браты» ставяцца да маіх іспанскіх «бацькоў» з павагай і пашанай. І наадварот: дзецям нічога не забараняюць і не абмяжоўваюць поля дзейнасці, ніколі не вырашаюць за іх – напрыклад, куды паступаць.

У школе я пачала добра вучыцца, бо мне бацькі казалі, што калі я хачу чагосьці дамагчыся ў жыцці, то ўсё залежыць толькі ад мяне. Я ўдзельнічала ў рэспубліканскіх алімпіядах па грамадазнаўстве, прадмеце, дзе патрэбна, хутчэй, не база ведаў, а адмысловая мадэль думак. Я паступіла на лінгвакраіназнаўства на факультэце міжнародных адносін з замежнай мовай кітайскай.

Гэта паўплывала на адносіны з бацькамі і на мяне як на асобу, я стала больш дарослай. Бязмерна паважаю сваіх бацькоў, а яны паважаюць мяне і лічацца з маім меркаваннем. Такое ж стаўленне ў мяне да маіх іспанскіх бацькоў. Кажу, што ў мяне дзве сям’і і ў кожнай – мае бацькі.

Вольга Роўба на адпачынку ў Іспаніі ў 2018 годзе. Фота з асабістага архіву

Мая іспанская сям’я-індэпендысты, я з дзяцінства бачыла, як яны мірна змагаюцца за незалежнасць, і для мяне гэта было прыкладам. Свабодалюбства і тое, што меркаванне павінна быць пачутае, свабода слова – гэта тое, што прышчапілі ў Каталоніі.

Раней казала, што ў крыві я беларуска, але сэрцам – каталонка. Пасля выбараў у Беларусі зразумела, што мне не падабаецца гэтая сітуацыя – і што я ў сэрцы беларуска таксама.

Нядаўна задумвалася, кім бы я была без іспанскага вопыту – і зразумела, што не ведаю. Напэўна не тым чалавекам, якім ёсць цяпер: не вучылася б на факультэце міжнародных адносін, не ўдзельнічала б у пратэстах і не наважылася б адлічыцца з універсітэта, не была б цяпер у Польшчы [у канцы лютага Вольга пераехала ў Варшаву . – Заўв. рэд.]. Не было б такой рашучасьці, каб нешта рабіць і вырашаць.

Дзяніс Васількоў

ЖУРНАЛІСТ І БЛОГЕР

Дзяніс Васількоў праходзіў аздараўленне ў Нямеччыне ў 1993 годзе. Фота з асабістага архіву

На восьмым месяцы цяжарнасці мною мая маці паехала дапамагаць сваякам у вёску. Там ішлі незразумелыя дажджы, а пазней аказалася, што побач саджалі радыеактыўныя аблокі. Праз тры гады пасля нараджэння, калі мяне павялі ў дзіцячы сад, высветлілася, што ў мяне прыроджаная катаракта. Такая паталогія здараецца падчас фарміравання зроку ў плода пры канцы цяжарнасці.

Магілёўскія дактары вырашылі зрабіць аперацыю і проста выдаліць крышталікі, нічога замест іх не ўстаўляючы. Гэта азначала, што да канца жыцця я буду хадзіць з тоўстымі акулярамі і рабіць выключальнікі. Ні пра якую журналісцкую і блогерскую дзейнасць я б цяпер гаворкі весці не мог.

Бацька здолеў дамагчыся, каб магілёўскі аблздраў адправіў мяне і яшчэ дзясятак хлопцаў у клініку Фёдарава ў Маскву, дзе мне зрабілі дзве аперацыі.

У сем гадоў з-за праблем са зрокам я трапіў на аздараўленне ў Нямеччыну. Уявіце, ходзіш у школу, а цябе вырываюць і адпраўляюць у незнаёмую краіну, дзе нават паветра іншае, да няродных «мамы» і «таты», якіх трэба слухацца. Для дзіцяці гэта вельмі моцнае ўзрушэнне.

Рэпартаж
«На гэтым тыдні адбудзецца канчатковы запуск станцыі». Як цяпер выглядае АЭС і Астравец
2021.04.26 12:21

Гэта была абсалютна іншая рэальнасць – пластыкавыя дзверы-шклопакеты, неверагодныя нямецкія булачкі, грыль, то, з якім цяплом чужыя людзі ставяцца да не сваіх дзяцей. Тыя тры тыдні, што я там быў, былі нейкай прышчэпкай дабра.

Было часам цяжка, Я сумаваў па сям’і, але цяпер разумею, што ўбачанае тады моцна ўплывае на тое, што адбываецца са мной цяпер – напрыклад, на ўзроўні простых жыццёвых выбараў.

Паездкі ў Нямеччыну паўплывалі на тое, што ты ўласнымі вачыма, не па тэлевізары, бачыш, што тысячу кіламетраў на захад ад вас людзі жывуць зусім іншым жыццём, і што табе можна жыць лепш – і трэба жыць лепш.

Я трапіў у нямецкую школу і ў мяне быў шок, што там няма прымусовай рассаджвання, і ўсе сядзяць за круглымі сталамі, а не як у нас дзесяцігоддзямі – за партамі.

У Нямеччыне я палюбіў махровыя прасціны. Там я ўпершыню ўбачыў, што пасцельная бялізна можа быць нейкага цікавага колеру. Зараз, калі я купляю сабе падкоўдранік, то шукаю махровы. Вельмі класна спіцца.

Яшчэ я вельмі люблю малако з тэтрапакаўскай кардоннай упакоўкі, якога доўга ў Беларусі не было, а папулярным якое стала гадоў пяць таму. Мне падабаецца, што яно доўга не псуецца. Таксама люблю салямі на сняданак як ядуць немцы – наразаючы вельмі тонка.

З-за вачэй я пабываў у дзвюх розных сем’ях – і гэта было нешта неверагодна крутое і добрае. Мне моцна дапамагла сям’я з горада Фрэдэн на мяжы з Нідэрландамі.

Падчас аднаго з візітаў, калі мне было дзесяць, лекары выявілі, што мне трэба зрабіць аперацыю на воку. У суседнім горадзе, у Аахене, гэтую аперацыю, якая каштавала 4000 марак, медыкі зрабілі абсалютна бясплатна.

Цяпер у мяне левае вока расейскае, а правае вока нямецкае. Гэты збег абставінаў – самы ўдалы ў маім жыцці, не ўяўляю, што было б з маім жыццём без зроку. Цяпер працую па восем гадзін за кампутарам, бегаю – вяду нармальнае жыццё.

Многія дзеці, вяртаючыся з гэтых праграм, казалі, што калі вырастуць, абавязкова з’едуць. Яны бачылі тыя крамы, дарогі, ахову здароўя, дамы – і, вядома, ім хацелася такога ж жыцця. Ведаю, што многія з’ехалі – у маім атачэнні такіх чалавек пяць.

Я не паехаў таму, што будую сабе «добра» тут. Разам з дарогамі і крамамі ў Нямеччыне, аднак, хапае праблем, якія вырашаць ім, а не мне. Для сябе пакуль не бачу прычын з’язджаць. Наадварот, хачу будаваць тут тое, што ўбачыў у дзяцінстве там.

Таццяна Цымбалава

МЕНЕДЖЭР IT-КАМПАНІІ

Таццяна Цымбалава праходзіла аздараўленне ў Італіі ў пачатку 2000-х гадоў.
Фота: Дзяніс Дзюба / Vot Tak TV / Белсат

Я гадавалася ва Ўрыцкім у Гомельскай вобласці. У суседняй школе набіралі дзяцей на аздараўленчую праграму ў Італію. Неяк перад самім ад’ездам там здарыўся форс-мажор: дзвюх дзяўчынак тата не пусціў туды, таму што яму патрэбна была дапамога падчас збору ўраджаю. Адно з месцаў прапанавалі маёй маме. Я падыходзіла пад параметры – была з чарнобыльскай зоны і іхняга узросту. Памятаю, што ехаць туды не хацела, але мяне асабліва не пыталіся – проста адправілі.

Падчас першага абеду ў доме маёй італьянскай сям’і мне кладуць на талерку макароны, а ў мяне з вачэй коцяцца слёзы. Не ведаю гэтых людзей, не ведаю гэтай мовы, хачу да мамы. Мне тут жа далі слухаўку патэлефанаваць.

У Італіі я ўпершыню даведалася, што такое рэстаран і кавярня, што там можна замаўляць ежу.

Паступова я адаптавалася і потым ездзіла туды чатыры гады запар.

Таня Цымбалава на адпачынку ў Італіі ў пачатку 2000-х. Фота з асабістага архіву

Не памятаю пачуццяў пасля першага лета, але ў нейкі з наступных разоў не хацелася з’язджаць – у пэўнай меры я пачала лічыць гэтых людзей сям’ёй. Сядзела ў аўтобусе, глядзела на іх і плакала, разумеючы, што не хачу ў Беларусь, дзе не так весела і не так цікава. Многія дзеці плакалі.

Цяпер мы сябруем з маёй італьянскай сям’ёй у Фэйсбуку. Віншуем адзін аднаго з днём нараджэння, часам пытаемся, як справы. Яны, магчыма, хацелі б кантактаваць больш, але я сама яксьці не лезу. Неяк я бачылася з імі ўжо ў свядомым узросце. Я падарожнічала па Італіі і заехала да іх у госці. Я карысталася онлайн-перакладчыкам, а некаторыя словы спрабавала ўспомніць. Яны казалі, што разумеюць мяне, але, думаю, гэта ўсё гучала паршыва.

Яны таксама спрабавалі прыехаць у Беларусь. Але ў гаспадара (я называла прыёмную сям’ю «гаспадаром» і «гаспадыняй») нешта здарылася з нагой – і не атрымалася.

Па-італьянску не размаўляю. Цяпер, магчыма, нават аб гэтым шкадую, але ў кагосьці ёсць імкненне да вывучэння мовы і культуры, а ў некага няма.

Італьянскі досвед даў мне разуменне таго, што можна жыць па-іншаму, да чагосьці імкнуцца. Дзякуючы яму зразумела, што сваімі намаганнямі можна дайсці да такога ж узроўню асабістага жыцця – і не важна дзе гэта будзе, у Беларусі ці ў іншай краіне.

Святлана Ціханоўская

КАНДЫДАТ У ПРЭЗІДЭНТЫ БЕЛАРУСІ НА ВЫБАРАХ 2020 ГОДА

Святлана Ціханоўская падчас працы асістэнткай-перакладчыцай з англійскай мовы ў дабрачыннай арганізацыі дапамогі пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі «Chernobyl Life Line» (Ірландыя). Пачатак 2000-х. Фота з асабістага архіву

У 1996 годзе з маленькага мястэчка я трапіла ў Ірландыю – вялікую, добрую краіну, з зусім іншым жыццём, з людзьмі, якія ўсміхаюцца адзін аднаму на вуліцах, кажуць усюды «дзякуй-калі ласка». У нас не ўсміхаліся тады, а там –усміхаліся. Я тады і ў Менску яшчэ не бывала, не ведаю, як там усё выглядала. Так што ў Ірландыі мяне ўразілі вялікія гандлёвыя цэнтры, прыгожыя кавярні, незвычайная ежа: гамбургеры, чыпсы, бульба-фры. Здзівіла багацце яркага і прыгожага адзення, самі крамы, кавярні, басейны, якія даступныя там нават у маленькіх мястэчках. Увогуле, уразілі тады вось такія простыя рэчы. Мне было 13, і я ўбачыла новы свет.

Наколькі гэта аказала на мяне ўплыў? Мне цяжка меркаваць. Я ж не ведаю, як было б, калі б гэтых паездак не было. У любым выпадку, ярка памятаю, як гэта было.

Ірландыя засталася ў маім сэрцы. І мы з Сяргеем (мужам Святланы, Сяргеем Ціханоўскім, палітвязням. – Заўв. рэд) імкнуліся абавязкова выязджаць 1-2 разы ў год, вывозіць дзяцей у іншыя краіны. Гэта нармальна – з дзяцінства бачыць, што жыццё бывае ўладкованае па-рознаму.

Не ведаю, як можна ацаніць уплыў гэтых праграм на Беларусь. На мой погляд, усё роўна гэта больш залежыць ад чалавека – кагосьці, напэўна, змянілі, а кагосьці не.

Hавiны
Ліквідатар зняў гэта ў чарнобыльскай зоне, пакуль камеру не забраў КДБ
2019.06.18 13:55
Hавiны
Ліквідатары ЧАЭС распавялі, чаго бракуе серыялу «Чарнобыль»
2019.06.03 12:21
Рэпартаж
Домік у чарнобыльскай зоне. Колькі каштуе, і чаму людзі сюды едуць
2020.07.02 10:16

Дзяніс Дзюба/АА / «Вот Так»

Стужка навінаў