Ідэолагі абвінавацілі гарадзенскую краму «Адметнасць» у парушэнні Закону аб рэкламе


Гарадзенская крама сувеніраў і адзення ў нацыянальным стылі «Адметнасць» атрымала прадпісанне з аддзелу ідэалогіі Гарадзенскага гарвыканкаму. У ім сказана, што інфармацыя на таварах парушае Закон аб рэкламе, паведамляе партал «Hrodna Life».

Сяргей Верамеенка, уласнік крамы «Адметнасць».
Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Так, на прапанаваных да продажу прадметах адзення і сувенірнай прадукцыі змяшчаецца інфармацыя, якая парушае палітычныя і іншыя перакананні грамадзянаў», – сказана ў дакуменце.

Парушэнне выявілі падчас маніторынгу 21 красавіка на прадмет выканання заканадаўства, удакладняюць у прадпісанні. «Аказваецца, у нас быў маніторынг!» – абураецца прадавец.

Аддзел ідэалагічнай працы гарвыканкаму паказвае на парушэнне арт. 26 п. 3 Закону аб рэкламе («Неналежная рэклама»). За парушэнне для індывідуальнага прадпрымальніка прадугледжаны штраф ад 10 да 20 базавых велічынь (ад 290 да 580 рублёў). Упраўленне гандлю і паслуг гарвыканкаму загадвае ліквідаваць парушэнне за трохдзённы тэрмін. Таксама цягам сямі дзён трэба пісьмова паінфармаваць аддзел ідэалогіі аб зробленых захадах.

Сяргей Верамеенка, уласнік крамы «Адметнасць».
Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

У краме распавялі, што пакуль не разумеюць, што рабіць. У дакуменце не тлумачаць, якая менавіта інфармацыя і на якіх прадметах «парушае палітычныя перакананні». Уласнік збіраецца раіцца з юрыстамі.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў