Гарадзенцы запусцілі збор подпісаў у падтрымку Цэнтру гарадскога жыцця


Гарадзенцы запусцілі збор подпісаў пад адкрытым зваротам, каб падтрымаць Цэнтр гарадскога жыцця.

На мінулым тыдні стала вядома, што ўлады пастанавілі закрыць культурніцка-асветніцкую ўстанову «Цэнтр гарадскога жыцця». Ужо прызначылі і дату: 12 траўня адбудзецца паседжанне Эканамічнага суда па Гарадзеншчыне, на якім вызначаць лёс прасторы.

Акустычны канцэрт гурта «Крама». Горадня, Цэнтр гарадскога жыцця.
Фота: Белсат

Цэнтр за 5 гадоў свайго існавання стаўся сапраўды культавым месцам для творчых і ініцыятыўных гарадзенцаў. У ім адбылося больш за 250 культурніцкіх і асветніцкіх імпрэзаў, больш за сотню прэзентацыяў кніг, сустрэчаў з выбітнымі літаратарамі, некалькі вялікіх фестываляў, такіх як фэст дакументальнага кіно «Watch Docs» і фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova».

Праблемы ў Цэнтру з’явіліся з адкрыццём выстава мастака Алеся Пушкіна «Пушкін у Гародні», на якой былі выстаўленыя мастацкія прапановы роспісаў гарадзенскага Старога замку і творы мастака розных гадоў. Пракурор гораду Уладзімір Клішын палічыў, што адна з працаў парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і патрабуе ліквідацыі Цэнтру гарадскога жыцця. Мастака Алеся Пушкіна ўзялі пад варту: ён праходзіць падазраваным у крымінальнай справе і прызнаны палітзняволеным.

Гісторыі
«Такое не знішчыць. Гэта назаўжды». Чым увайшоў у гісторыю Горадні Цэнтр гарадскога жыцця
2021.04.23 08:00

Каб абараніць культурніцкае месца ад закрыцця, гарадзенцы запусцілі збор подпісаў пад адкрытым зваротам дзеля падтрымання Цэнтру. Зварот ужо падпісалі мастакі Сяргей Грыневіч, Валянціна Шоба, прафесар Алесь Смалянчук, рэжысёр і заслужаны артыст Беларусі Сяргей Курыленка.

Паставіць свой подпіс і падтрымаць «Цэнтр гарадскога жыцця» можна па спасылцы.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў