Беларускі гурт «J:Морс» выпусціў песню «1986» да гадавіны Чарнобылю


Сёння, 26 красавіка, мінула 35 гадоў з самай страшнай экалагічнай катастрофы – аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З гэтай нагоды беларускі гурт «J:Морс» выпусціў новую песню, «1986».

У відэароліку да песні аўтары параўноўваюць кадры чарнобыльскай аварыі і эвакуацыі 1986 года з кадрамі падзей у Беларусі ў 2020-м.

Уладзімір Пугач, саліст гурта «J: Морс», а таксама аўтар словаў і музыкі да песні «1986», у апісанні да кліпу ўспомніў, як ён адчуваў гэтую трагедыю 10-гадовым хлопчыкам:

«У красавіку 86-га мне споўнілася дзесяць. У Пінску, дзе я рос, многія даведаліся аб катастрофе дзень у дзень, 26 красавіка. На ўзроўні чутак аб атамным выбуху, вядома. У школу я хадзіў у другую змену, і бацькі паспелі пакінуць мяне дома. Упершыню ў маім жыцці я не быў гэтаму рады. Як і ўсе савецкія дзеці, з урокаў пачатковай вайсковай падрыхтоўкі я добра ведаў, што такое атамны выбух і як дзейнічае радыяцыя.

Быў асляпляльна-яркі сонечны дзень. Я глядзеў у акно і адчуваў жах. Халодны страх перад нябачнай, неахопнай стыхіяй, якая стрымана забівае ўсё жывое. Пагрозай, ад якой не абароняць ні тоўстыя сцены, ні мама з татам, ні армія».

Уладзімір Пугач.
Фота: J:MOPC / Вконтакте

«У гэтым красавіку мне 45. І, здаецца, мала што змянілася. Тэхнагенныя катастрофы змяняюцца сацыяльнымі ўзрушэннямі, а мы ўсё гэтак жа з жахам выглядаем у вокны, турбуемся і не спім праз блізкіх, перажываем боль стратаў, баімся невядомасці і спадзяемся на лепшае…» – узгадвае Уладзімір Пугач.

20 красавіка стала вядома, што ўсе тры канцэрты гурта ў Гарадзенскай вобласці, анансаваныя на травень, адмененыя. На дзвюх пляцоўках узніклі «тэхнічныя прычыны», і яшчэ на адной – успышка каронавіруса. Раней гурт запісаў песню аб пратэстах у 2020 годзе.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў