«Бацька разумеў трагедыю маленькага чалавека». Сын вядомага фатографа распавёў пра чарнобыльскія фота бацькі


Фота: Сяргей Брушко

Сярод здымкаў Сяргея Брушко можна знайсці сведчанні і гісторыі людзей, якім давялося перажыць наступствы выбуху на ЧАЭС. Зміцер Брушко, сын Сяргея Брушко, распавёў «Белсату», як знітавалася жыццё ягонага бацькі з падзеямі пасля катастрофы.

Сяргей Брушко – вядомы беларускі фатограф-дакументаліст, працаваў у газеце «Чырвоная змена», пайшоў з жыцця ў 2000 годзе. Ягоны сын Зміцер Брушко – фотакарэспандэнт TUT.by.

Фатаграфія – гэта цэлая гісторыя, гісторыя пра чалавека. І пра таго, хто распавядае гісторыю. Калі гляджу на бацкоўскія здымкі, разумею, што было ў яго ўнутры. Ён моцна прааналізаваў тэму Чарнобылю, ведаў і асэнсоўваў, што робіць. І не тое каб ён выбраў гэтую тэму. Проста бацькава жыццё ішло паралельна з чарнобыльскай гісторыяй.

Для бацькі праект і здымкі Чарнобылю – гэта не пра тэхнагенную катастрофу, а пра чалавечую трагедыю. І пра чалавека, якога пазбавілі радзімы. Нечым нават перагукаецца тая гісторыя з цяперашнім часам. Я бачыў, як бацька трапіў на здымкі ў 1993 годзе, калі людзі ў вёсках раёнаў адсялення развітваліся з суседзямі і з’язджалі назаўжды. Гэта было такое развітанне з радзімай, як у паланэзе Агінскага.

У дзень адсялення з забруджанай вёскі Новая Ельня, Магілёўсая вобласць, 1993 год.
Фота: Сяргей Брушко

І калі была выстава «Змена» ў Палацы мастацтваў, то знайшліся сваякі людзей, што на здымках. На жаль, саміх тых людзей ужо няма ў жывых. А сваякі распавялі, што былыя суседзі больш ні разу ў жыцці не пабачыліся.

Ён разумеў, наколькі цяжка было людзям пакінуць свае дамы і пераехаць ва ўмоўную Малінаўку. Калі перасяленцы пачалі араць зямлю каля аўтарынку, то бацька, які сам быў з вёскі, адчуваў, што гэта людзей цягне назад, на радзіму, да зямлі, да свайго ладу жыцця. Ён асэнсоўваў гэтую трагедыю маленькага чалавека.

Фота: Сяргей Брушко
Фота: Сяргей Брушко

Ён здымаў гэтую гісторыю ўжо пасля выбуху, пасля адсялення. Чарнобыль – не толькі зона, але і анкалогія, у тым ліку – дзіцячая анкалогія. І гэта вельмі складаная тэма, бо пасля выбуху ў дзяцей значна павысілася колькасць анкалагічных захворванняў. Бацька здымаў у РНПЦ дзіцячай анкалогіі.

Ёсць гісторыі пра здымкі, якія мне распавядалі. Так, 26 красавіка 1996 года бацька з Сяргеем Грыцам трапілі на пажар. Там была сухая трава, і людзі прыехалі на Радаўніцу, выпілі, і нехта кінуў недапалак, і праз гэта згарэла палова раёну ў Магілёўскай вобласці. Яны здымалі пажар у гэтай зоне. Пажарнікі ім нават крычалі: «Хлопцы, цікайце адсюль!»

Той пажар пранёсся ўраганам па чарнобыльскай зоне. І гэта было рэальна страшна, з тых здымкаў, якія я бачыў. Там вёскі гарэлі цалкам.

Фота: Сяргей Брушко
Фота: Сяргей Брушко

Здымкі чарнобыльцаў было складана рабіць не толькі эмацыйна, але і матэрыяльна. Што такое ў 1980–1990-я гады з’ехаць з Менску на ўскраіну Гомельшчыны ў чарнобыльскую зону – затратна і ў энергетычным плане і ў рэсурсным. Фактычна, ты прыходзіш да людзей, у якіх гора. Часам яны радуюцца сустрэчы на Радаўніцу, калі вяртаюцца дадому, але потым у іх зноў гора. Пра гэта варта распавядаць, каб у памяці захавалася гісторыя дзясяткаў тысяч людзей, а не проста дата выбуху. Але трымаць сябе, заставацца з халоднай галавою і працаваць – вельмі складана.

Фота: Сяргей Брушко

Бацька быў гуманістам і прапускаў чалавечы боль праз сябе – гэта было для яго вельмі складана. Але прафесія фатографа нечым падобная да прафесіі доктара: табе цяжка, балюча, але трэба рабіць. Бо такія гісторыі не дазваляюць забыцца на чалавечае аблічча той страшнай тэхнагеннай катастрофы. Гэтая гісторыя працягваецца нават цяпер, і нам трэба з гэтым працаваць.

Фота: Сяргей Брушко
Hавiны
Ліквідатар зняў гэта ў чарнобыльскай зоне, пакуль камеру не забраў КДБ
2019.06.18 13:55
Hавiны
Ліквідатары ЧАЭС распавялі, чаго бракуе серыялу «Чарнобыль»
2019.06.03 12:21
Рэпартаж
Домік у чарнобыльскай зоне. Колькі каштуе, і чаму людзі сюды едуць
2020.07.02 10:16

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў