Алексіевіч і Ціханоўская абмеркавалі «палітычны Чарнобыль»


Святлана Ціханоўская стэлефанавалася са Святланай Алексіевіч у дзень чарнобыльскай аварыі. Як піша офіс Ціханоўскай, яны абмеркавалі і гадавіну катастрофы, і цяперашнія рэпрэсіі ў Беларусі. Гэта іх першая размова са снежня 2020 году.

Паводле офісу Святланы Ціханоўскай, бягучыя падзеі ў Беларусі «можна назваць палітычным Чарнобылем»: у размове Святлана Алексіевіч і Ціханоўская згадвалі дапамогу рэпрэсаваным беларусам, масавыя судовыя працэсы і апошнія заявы рэжыму. Поўны запіс размовы не публікавалі, толькі ўрывак, у якім Алексіевіч асобна адзначыла тое, колькі годнасці пачула ў апошніх словах падсудных, у ліку якіх згадала і журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву.

«Я нават не чакала вось такую гатоўнасьць людзей», — сказала Алексіевіч пра прамовы падсудных.

Ціханоўская адказала ёй, што не чула ад падсудных кепскіх словаў пра сваю дзейнасьць, але чула, што ўсе вераць у тое, што «раней ці пазней усё скончыцца».

Алексіевіч таксама расказала пра стан свайго здароўя і дапамогу ёй нямецкіх уладаў, а таксама пра працу над новай кнігай.

Hавiны
Главы «Чарнобыльскай малітвы» Алексіевіч зачытаюць у жывым эфіры беларускія эка-актывісты і культурныя дзеячы
2021.04.26 15:30

Святлана Алексіевіч — пісьменніца і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры, аўтарка шэрагу кніг з аповедамі рэальных людзей пра гістарычныя падзеі, у ліку якіх складанка аповедаў сведкаў і ліквідатараў чарнобыльскай аварыі «Чарнобыльская малітва».

Алексіевіч паслядоўна выступала супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. У 2020 годзе яна ўвайшла ў ініцыяваную Ціханоўскай Каардынацыйную раду, была выбраная ў прэзідыюм гэтай рады. У канцы верасня 2020 году Алексіевіч з’ехала ў Нямеччыну праз стан здароўя.

Hавiны
Святлана Алексіевіч распавяла пра Кацярыну Андрэеву, сказала, калі вернецца ў Беларусь і чаму з’ехала
2021.02.23 16:48

АА belsat.eu

Стужка навінаў