Абаненты МТС паскардзіліся на праблемы з дастаўкай SMS


Днём 26 красавіка шэраг абанентаў беларускага мабільнага аператара МТС заўважыў, што не атрымлівае SMS-паведамленні ў адказ на запыты ад банкаўскіх ды іншых сервісаў. Аператар прызнаў праблемы, але не раскрыў іх прычыны.

Як паведамляюць абаненты, звычайныя SMS часам адпраўляюцца, але не заўсёды. Да абанентаў не даходзяць паведамленні ад сервісаў кшталту банкаўскай верыфікацыі плацяжоў (3DSecure). Некаторыя скардзяцца таксама на недасяжнасць USSD-запытаў (як то праверка балансу рахунку). На якасць тэлефанаванняў і інтэрнэт-доступу не наракаюць.

Пра такія праблемы паведамляюць толькі абаненты МТС-Беларусь, але не расейскага МТС і не іншых беларускіх аператараў.

У прэс-службе МТС беларускім выданням Tut.by і Onliner.by далі аднолькавы каментар:

«На дадзены момант назіраецца некарэктная праца SMS-сервісу. Прымаюцца ўсе неабходныя меры для аднаўлення паўнавартаснай працы сервісу ў максімальна кароткія тэрміны. Прыносім прабачэнні за часовыя нязручнасці».

Апошнімі гадамі такой праблемы ў беларускіх аператараў не здаралася. Часцей за ўсё абаненты ўсіх трох беларускіх аператараў скардзіліся на недасяжнасць 3G- і 4G-сетак падчас масавых акцый пратэсту (A1 прызнаваў, што блакаваў інтэрнэт-доступ праз патрабаванне дзяржаўных органаў).

Hавiны
НАУ заклікала мабільных аператараў не адключаць інтэрнэт падчас пратэстаў
2021.03.24 10:45

АА belsat.eu

Стужка навінаў