261-ы дзень пратэстаў. Сілавікі рыхтаваліся да акцыі, якой не было, рэдактара пакаралі за інтэрв'ю з Ціханоўскай


261 дзень працягваюцца паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі. З 9 жніўня летась грамадзяне краіны патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і спыненне гвалту. У адказ на гэта рэжым ладзіць масавыя рэпрэсіі ў краіне. Як прайшоў гэты дзень – у аглядзе «Белсату».

Сілавікі рыхтаваліся да «Чарнобыльскага шляху»

Сёння ў цэнтр Менску улады сцягнулі калоны аўтобусаў і бусаў з сілавікамі, а таксама шмат спецтэхнікі, у тым ліку «Рубяжы», аўтазакі, вадамёты і машыны з калючым дротам. Такім чынам сілавікі рыхтаваліся да магчымых акцыяў «Чарнобыльскага шляху».

Людзей спынялі на вуліцах, правяралі заплечнікі і тэлефоны. Не абышлося і без затрыманняў. Пры гэтым цэнтралізаванай акцыі не было. Вечарам калоны з тэхнікай выехалі з гораду.

Hавiны
У цэнтр Менску пачалі сцягваць спецтэхніку і сілавікоў
2021.04.26 18:15

Асудзілі ўдзельнікаў «Курапацкай варты»

23 красавіка падчас «Курапацкай варты» сілавікі затрымалі Артура Белаблоцкага, Зміцера Дашкевіча, Ганну Шапуцька і Кірыла Лойку. На затрыманых склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні каля рэстарацыі «Паедзем-паядзім» шляхам раздачы ўлётак з інфармацыяй пра Курапаты».

Зміцер Дашкевіч і Ганна Шапуцька ў Курапатах.
Фота: facebook.com/zm.dashkevich

26 красавіка ў судзе Менскага раёну суддзя Анджаліка Казлова прысудзіла Кірылу Лойку 5 содняў адміністратыўнага арышту, Ганне Шапуцька – 15 содняў. Змітру Дашкевічу суддзя Антон Колабаў прысудзіў 20 дзён арышту.

Разгляд справы яшчэ аднаго ўдзельніка «Курапацкай варты» Артура Белаблоцкага суддзя Крапачоў перанёс на 27 красавіка.

Рыгор Кастусёў у адной камеры з Віктарам Бабарыкам

У СІЗА КДБ Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў адной камеры з палітыкам і былым кіраўніком «Белгазпрамбанку» Віктарам Бабарыкам. Пра гэта са спасылкай на некалькі незалежных крыніцаў паведамляе «Наша Ніва».

Рыгор Кастусёў. Крыніца: Партыя БНФ / Facebook

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове. Старшыню Партыі БНФ змясцілі ў следчы ізалятар КДБ. Пазней стала вядома, што палітыку, як і іншым тром затрыманым у справе «дзяржаўнага перавароту» выстаўленыя абвінавачанні паводле часткі 1 артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу («Змова альбо іншыя дзеянні, учыненыя з мэтаю захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады ў неканстытуцыйным парадку»). Усе яны даюць паказанні і актыўна супрацоўнічаюць са следствам, – сказаў Канстанцін Бычак.

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Віктара Бабарыку, які пастанавіў узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня летась. Экс-банкіра вінавацяць паводле ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры») і ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») Крымінальнага кодэксу.

Беларусь скарачае колькасць сваіх дыпмісій, але гэта не закране Украіну і краіны Еўразвязу, паведаміў у эфіры АНТ міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

«Скарачаем мы амбасады там, дзе не выгадна іх трымаць у сілу малога тавараабароту, нізкага экспарту ў тую ці іншую краіну, таму мы ў некалькіх краінах скароцім нашы амбасады, але гэта не тычыцца еўрапейскіх краін, Украіны», – сказаў Макей.

Таксама кіраўнік МЗС адзначыў, што зачыніўшы тую ці іншую замежную ўстанову, потым складаней яе адчыніць. Таму ўзаемадзеянне з усімі дзяржавамі будзе працягвацца, але беларуская бок будзе глядзець, як ставяцца да іх.

«Будзем глядзець на тое, як да нас ставяцца. І калі будуць нюансы, якія не дазволяць нам ажыццяўляць дыпламатычную прысутнасць у той ці іншай краіне, то будзем прымаць адпаведныя рашэнні», – сказаў міністр.

Hавiны
Беларусь не будзе закрываць амбасады ў ЕЗ і Украіне
2021.04.26 08:53

Былога працаўніка ГУБАЗіК абвесцілі ў вышук

Станіслава Лупаносава, які раней працаваў у ГУБАЗіК, абвінавачваюць паводле арт. 352 КК («Несанкцыянаванае капіяванне інфармацыі, якая захоўваецца ў кампутарнай сістэме, сеткі і на машынных носьбітах, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды»). Цяпер Генеральная пракуратура санкцыянавала заключэнне Станіслава Лупаносава пад варту ў якасці захады стрымання і абвесціла былога працаўніка ГУБАЗіК у вышук.

Hавiны
Былога працаўніка ГУБАЗіК Лупаносава абвесцілі ў вышук
2021.04.26 19:51

Станіслаў Лупаносаў пасля выбараў звольніўся з ГУБАЗіК і з’ехаў ва Украіну. Менавіта былы падпалкоўнік даваў інфармацыю «Bypol» пра сілавікоў. У выніку ў дачыненні да былога міліцыянта распачалі крымінальную справу і ўключылі ў пералік асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Рэдактара аштрафавалі за інтэрв’ю з Ціханоўскай

26 красавіка, у Баранавічах суд разгледзеў адміністратыўную справу ў дачыненні галоўнага рэдактара «Intex-press» Уладзіміра Янукевіча за «парушэнне заканадаўства аб СМІ». Нагодай стала апублікаванае на сайце 13 красавіка інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай.

Уладзімір Янукевіч.
Фота: Станіслаў Коршунаў, TUT.BY

Уладзіміра Янукевіча выклікалі ў суд як уладальніка сайту «Intex-press», на якім была размешчаная электронная версія матэрыялу. Яго абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства аб СМІ – ч. 5 арт. 23.5 КаАП: «Распаўсюд уладальнікам інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена на інтэрнэт-рэсурсах у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі», перадае TUT.by.

Яму далі максімальна магчымае для фізічнай асобы пакаранне – 20 базавых штрафу (580 рублёў).

Друкаваная версія газеты Intex-press.
Фота: Intex-press / Вконтакте

Таксама адміністратыўны працэс распачалі ў дачыненні юрыдычнай асобы «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» за друкаваную версію інтэрв’ю з Ціханоўскай – паводле ч. 4 арт. 23.5 («Распаўсюд СМІ інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае»). Выдавецтву пагражае да 200 базавых (5800 рублёў) штрафу для юрыдычнай асобы. Гэты матэрыял будзе разглядаць эканамічны суд Берасцейскай вобласці. Дата паседжання пакуль не прызначаная.

Акрамя таго, па факце публікацыі матэрыялу праводзіцца праверка паводле арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).

СК belsat.eu

Стужка навінаў