«Нам давядзецца перагледзець усю аснову еўрапейскай бяспекі». Амбасадар ЗША ў АБСЕ Майкл Карпэнтэр пра рэакцыю Захаду на вайну


Рэакцыя Захаду на ўварванне Расеі ва Украіну, магчымасці для дыялогу, наступствы ўдзелу Беларусі ў ваенным канфлікце – пра гэта чытайце ў інтэрв’ю журналісткі «Белсату» Ганны Русінавай з амбасадарам ЗША ў АБСЕ Майклам Карпэнтэрам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спаленыя машыны пасля ракетнага ўдару па гандлёвым цэнтры ў Кіеве, Украіна. 23 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

– У сувязі з нападам Расеі на Украіну: што ў гэтай сітуацыі мусяць распачаць АБСЕ і ЗША?

– Гэта замах на ўсе асноўныя правілы міжнароднага парадку, Хартыю ЕЗ, Хельсінкскі заключны акт. Усе правілы і нормы, якія мы ўсе шануем: бяспека, тэрытарыяльная цэласнасць, недатыкальнасць межаў. Гэта проста спроба падпарадкаваць іншы народ жаданням аднаго чалавека, навязаць тыранію іншаму народу. Нельга дапускаць, каб так працягвалася. У АБСЕ Расея і Беларусь абедзве ізаляваныя як суагрэсары, у астатняй частцы міжнароднай супольнасці цвёрда прытрымліваюцца меркавання, што гэта мусіць не толькі азначаць страту павагі, але і мець доўгатэрміновыя наступствы для краінаў-агрэсараў.

– Як АБСЕ ацэньвае тое, што Беларусь ускосна ўдзельнічае ў гэтым канфлікце? Што можна зрабіць, каб спыніць яшчэ большы ўдзел Беларусі ў гэтым канфлікце?

– Расея і Беларусь, як і ўсе іншыя краіны ў АБСЕ, мусяць сесці за стол перамоваў, бо гэта інклюзіўная форма, і яна, бадай, застанецца такой. Беларусь і асабліва Аляксандр Лукашэнка і ягоны рэжым дазволілі выкарыстоўваць сваю краіну ў якасці стартавай пляцоўкі для нападу на мірную Украіну, якая нікому нічога не зрабіла. Украінцы проста хочуць жыць сваім жыццём і самі выбіраць свой лёс. За гэта яны зазналі напады з боку Крамля пры дапамозе рэжыму Лукашэнкі. Гэта назаўжды застанецца ў гісторыі – супольная агрэсія гэтых дзвюх краінаў.

– Ці адрознівае Захад беларускую і расейскую апазіцыю ад рэжымаў дзвюх краінаў?

– Відавочна, што і ў Беларусі, і ў Расеі існуе велізарная прорва паміж мірнымі грамадзянамі гэтых краінаў і рэжымамі, якія кіруюць праз рэпрэсіі, праз тыранію, праз катаванні і варварскія метады. На жаль, слова «катаванне» мы выкарыстоўваем у нашым лексіконе ў 2022 годзе. Гэта шакуе, калі мы дазнаемся аб канкрэтных маштабных выпадках рэпрэсіяў у такіх месцах, як Беларусь, або ў Расеі. Гэтыя рэжымы сапраўды блізняты адзін аднаму, яны прынялі адзін і той жа стыль кіравання. А гэта рэпрэсіі, ніякай прыстойнасці, ніякай цярпімасці да грамадзянскай супольнасці, фактычна няма ніякай дзейнасці, незалежнай ад дзяржавы. Так што мы мусім стаяць разам з грамадзянскай супольнасцю, мы мусім стаяць разам з грамадзянамі абедзвюх краінаў супраць гэтай дыктатуры.

– Як можна ў цяперашніх умовах процідзейнічаць адкрытай і гібрыднай агрэсіі з боку Расеі?

– Задача ў тым, каб разглядаць гэтую вайну як стратэгічную няўдачу, разглядаць гэтую паразу рэжыму з пункту гледжання таго, чаго ён спрабуе дасягнуць. Калі мы жывём у свеце, дзе магутныя краіны могуць выкарыстоўваць крылатыя ракеты, рэактыўныя снарады і артылерыю, каб падпарадкаваць сваіх суседзяў, каб перайсці межы, каб растаптаць усе правілы міжнароднага парадку, якія мы шануем, то я не думаю, што гэта той свет, у якім хто-небудзь хоча жыць. І таму мы мусім скарыстаць гэты момант, каб сапраўды нанесці гэтай вайне стратэгічную паразу. Так што ў будучыні, калі лідары азірнуцца, яны ўбачаць, што гэта была масавая катастрофа для іхнай уласнай краіны і для іхных уласных рэжымаў, што такога нельга было дапускаць. Мір гэта сапраўды аснова міжнароднага парадку – і цяпер гэта пастаўлена на карту.

– Наколькі краіны Захаду цяпер адзіныя ў дзеяннях супраць агрэсіі Расеі?

– Абсалютна адзіныя. Вы бачыце, што ў сталай Радзе АБСЕ ніхто не кажа за Расею і Беларусь. Ніхто.

Амбасадар ЗША ў АБСЕ Майкл Карпэнтэр у цэнтры.
Фота: ukrinform.net

– Як вы ацэньваеце стан бяспекі ў Еўропе?

– Відавочна, цяпер існуе вельмі невялікі ўзровень бяспекі і супрацы ў Еўропе, што не адпавядае гучнаму званню АБСЕ. І, шчыра, спатрэбіцца шмат часу, каб перабудаваць архітэктуру еўрапейскай бяспекі. Цяпер мноства краінаў і экспертаў задаюцца такімі пытаннямі: як вы заключаеце пагадненні з рэжымам, які парушае ўсе папярэднія дамовы? Як вы заваёўваеце давер, калі краіна кажа, што не плануе ўрывацца на чужую тэрыторыю, а потым праз некалькі дзён яны ўрываюцца. Найбліжэйшыя гады нам давядзецца перагледзець усю аснову еўрапейскай бяспекі.

– Якая стратэгія Крамля адносна краінаў Балтыі? Ці ўся ўвага Пуціна засяроджаная на Украіне?

– Я думаю, што для Захаду, відавочна, вельмі важна працягваць засяроджвацца на нарошчванні патэнцыялу стрымлівання і абароны на ўсім усходнім флангу альянсу NATO, разам з краінамі Балтыі. Але я не сумняюся ў тым, што вельмі выразна сказаў прэзідэнт Байдэн: Злучаныя Штаты гатовыя абараняць кожную цалю тэрыторыі NATO – і мы маем для гэтага магчымасці. І мы, як я ўжо казаў, ніколі не былі так згуртаваныя ў NATO, як сёння.

– Як павысіць адпор расейскай агрэсіі?

– Мы мусім накласці санкцыі, што будуць мець наступствы, і яны ўжо пачынаюць выяўляцца. Гэтыя наступствы пакажуць сябе не толькі сёння, але і ў найбліжэйшыя пару тыдняў, месяцаў. Думаю, расейская эканоміка ўжо панесла шкоду, але найбліжэйшымі тыднямі яна мусіць па-сапраўднаму абрынуцца. А мы будзем аказваць гуманітарнае, фінансавае, аднаўленчае і ваеннае падтрыманне нашым украінскім партнёрам, колькі спатрэбіцца.

– Якую ролю адыгрывае Беларусь у агрэсіі Расеі супраць Захаду?

– Беларусь грае відавочную ролю, бо шмат якія атакі ішлі з тэрыторыі Беларусі. Я ведаю беларусаў як нацыю, тэрыторыю якой у мінулым растапталі вялікія дзяржавы, яны пацярпелі больш за ўсіх. І я ўпэўнены, што яны не абыякавыя да таго, што цяпер іхную тэрыторыю выкарыстоўваюць у якасці стартавай пляцоўкі для несправакаванай агрэсіі супраць мірнага суседа. Я разумею, што беларусы не падтрымліваюць гэтай вайны – і разам мы разбяромся з гэтым правалам, як я ўжо казаў раней.

Гісторыі
«Украіна – краіна, якая нас прытуліла». Як беларускія добраахвотнікі ловяць расейскіх лазутчыкаў у Адэсе
2022.03.25 09:00

ГР/ММ belsat.eu

Стужка навінаў