«Кіберпартызаны» зрываюць расейскі наступ на Украіну. Як кожны можа дапамагчы хакерам – і ўкраінцам


Чаму кібератакі на чыгунку – не шкодніцтва, а «злівы» сілавікоў і чыноўнікаў – не забавы, а таксама якімі шляхамі можна дапамагчы Украіне і Беларусі праз «Супраціў» і «Кіберпартызанаў».

Палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі і прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец на прэс-канферэнцыі. Варшава, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Беларускія «Кіберпартызаны» з’явіліся ў верасні 2020 года, падтрымалі беларускі пратэст, публікавалі «злівы» і ўзломлівалі базы, ламалі сайты дзяржаўных установаў. Цяпер яны таксама перашкаджаюць расейскім войскам весці вайну супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі.

Аналітыка
Аперацыя «Спякота», аб’яднанне «Супраціў» і момант X. Што трэба ведаць пра «Кіберпартызанаў»
2021.08.31 08:30

Саміх «Кіберпартызанаў» толькі 35 асобаў, але ім дапамагае шмат хакераў і простых грамадзянаў. Яны дзейнічаюць незалежна: існуюць на данацыі, а на супрацу з замежнымі грамадзянамі і спецслужбамі ў атаках на беларускія ўлады яны не ідуць, хіба кансультуюць і расказваюць, як і дзеля чаго дзейнічаюць.

На прэс-канферэнцыі 26 сакавіка прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец і палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» (у які ўваходзяць «Кіберпартызаны») Дзмітрый Шчыгельскі расказалі, як трывае гэтая барацьба.

Лукашэнку гэта непакоіць, а расейцам перашкаджае ваяваць

Юліяна Шаметавец нагадала, што 15 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заяўляў: кібератакі «параўнальныя з біялагічнай зброяй, і нават мацнейшыя», а 19 сакавіка Лукашэнка казаў японскаму тэлеканалу TBS, што «кіберзброя» значна больш небяспечная за ядравую. Дзмітрый Шчыгельскі звярнуў увагу, што гэта было сказана ўжо пасля інтэрв’ю: Лукашэнка сам выказаў журналісту, бо гэтага, напэўна, не закранулі ў гутарцы, а яго гэтая тэма вельмі хвалюе.

Белсат Zoom
Кіберпартызаны раскрываюць таямніцы
2021.08.27 23:38

З апошніх акцыяў «Кіберпартызанаў» самыя гучныя – атакі на беларускую чыгунку. Яшчэ да расейскага нападу, 24 студзеня, хакеры ўчынілі збой у сістэме чыгункі: перасталі працаваць серверы і ўнутраныя сэрвісы, квіткі можна набыць толькі праз білетныя касы. Тады расейскія войскі толькі ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі дзеля «вучэнняў» – хакеры хацелі паказаць, што беларускі народ выступае супраць гэтага, бо такія «вучэнні» падвышаюць рызыку акупацыі Беларусі, і запаволіць рух войскаў.

Яшчэ адну атаку правялі 27 лютага – пасля пачатку нападу расейцаў на Украіну з беларускай тэрыторыі. Яшчэ адну – 2 сакавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейская тэхніка на станцыі «Палонка», 24 студзеня 2022 года.
Фота: modmilby / Telegram

На пэўны перыяд рух войскаў зусім спынілі, а аўтаматычнае кіраванне дагэтуль аднавілі толькі часткова. Гэта было важна зрабіць, каб спыніць транспартаванне танкаў і ракетаў, а галоўнае – паліва, якога расейскім войскам ва Украіне бракуе. Шчыгельскі тлумачыць: хоць расейцы за некалькі дзён дайшлі да прадмесцяў Кіева, цяпер шмат тэхнікі без паліва, і хоць яна ў спраўным стане, але ваяваць не можа.

Найпрасцей дастаўляць паліва да Беларусі чыгункай, а далей выпраўляць аўтамабільныя калоны. У тым, што расейцы стаяць з сухімі бакамі, Шчыгельскі бачыць заслугу далёка не толькі «Кіберпартызанаў», але ўпэўнены: хакеры гэтаму добра паспрыялі. Ён таксама згадаў аперацыі «на зямлі», якія рабіў «ByPol»: знішчэнне чыгуначнай аўтаматыкі таксама моцна запаволіла рух расейскіх войскаў.

«Асноўная мэта «Кіберпартызанаў» не ў тым, каб цалкам спыніць рух цягнікоў, бо гэта, хутчэй за ўсё, немагчыма, каб пры гэтым не нашкодзіць звычайным грамадзянам, – тлумачыць Шэметавец. – Але запавольванне і выйгрыш часу для ўкраінцаў, каб яны маглі падрыхтавацца да абароны, гэта ўжо вялізны поспех».

Гэта не спыніла вайны. Ці могуць «Кіберпартызаны» пераламаць яе хаду?

«Адзінае, што можа пераламаць хаду ваенных дзеянняў ва Украіне, гэта воля ўкраінскага народу. Ні свет, ні NATO, якія спрабуюць нешта зрабіць, – адказаў Шчыгельскі на гэтае пытанне «Белсату». – Вядома, «Кіберпартызаны» не змогуць спыніць гэтай вайны. Самае галоўнае, што спыняе любую вайну ў свеце, у гісторыі, гэта воля народу.

І мы бачым, што ўкраінцы дэманструюць рашучасць, суб’ектнасць, мужнасць, гераізм – і гэта масава. І мы бачым, што гэтая вайна сталася сапраўды народнай вайной супраць расейскай акупацыі. А ўсё, што можа зрабіць NATO ці Беларусь, гэта дапамагчы ўкраінскаму народу».

Шаметавец дадае: «Кіберпартызаны» ўзаемадзейнічаюць з кібердружынамі ва Украіне, перадаюць розныя звесткі, у тым ліку пра беларускіх вайскоўцаў, дзеляцца практыкамі атакаў і працуюць над будучай супольнай атакаю. Наўпрост з расейскімі антыпуцінскімі «Ананімусамі» не супрацоўнічаюць, але трымаюць кантакт. З іншымі групоўкамі таксама кантактуюць, але шмат увагі звяртаюць на верыфікацыю, а гэта складана ў выпадку ананімных хакераў.

Аналітыка
Вайна ідзе месяц ці 8 гадоў? Што трэба ведаць пра гісторыю расейска-ўкраінскага канфлікту
2022.03.26 07:30

Як беларусам дапамагчы «Кіберпартызанам» і «Супраціву»?

Самы просты спосаб – падтрымаць «Кіберпартызанаў» і «Супраціў» грашыма – рэквізіты ёсць тут. Але гэта не адзіны спосаб.

Шчыгельскі кажа, што найважнейшы шлях дапамогі Украіне і Беларусі – дапамога беларускім добраахвотнікам ва Украіне, беларускаму батальёну імя Кастуся Каліноўскага: «Гэта эліта беларускай нацыі, гэта тыя, хто сваім жыццём і кроўю робяць так, каб у будучыні беларусаў не ўспрымалі як агрэсараў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трэнаванне для новых байцоў, якія далучыліся да беларускага батальёну імя Каліноўскага ў складзе Тэрытарыяльнай абароны Кіева, Украіна. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: АЦ / Белсат

Ён заклікае пераводзіць грошы на асноўныя рахункі батальёну, а не на мэтавыя зборы на бронекамізэлькі ці цеплавізары, бо ніхто не ведае патрэбаў салдатаў лепш за кіраўніцтва батальёну. Далучыцца да батальёну Каліноўскага можна як з цэнтру ў Варшаве, так і звязацца з прадстаўнікамі батальёну ці «Супраціву» ў Telegram.

Дапамагаць можна і інфармацыйна, і дыпламатычна: рабіць усё магчымае, каб давесці да грамадзянаў усіх краінаў свету, што адказнасць за агрэсіўныя дзеянні Беларусі нясе толькі рэжым Лукашэнкі. Шчыгельскі заяўляе: рэжым не легітымны і не ёсць прадстаўніком беларускага народу, Беларусь фактычна пад акупацыяй Расеі, а Лукашэнка – намеснік, пастаўлены Пуціным глядзець за тэрыторыяй і насельніцтвам.

Hавiны
«Другая армія ў свеце атрымлівае па зубах». Батальён імя Каліноўскага падвёў вынікі 30 дзён вайны
2022.03.25 11:45

«Кіберпартызаны» ж атрымліваюць шмат прапановаў дапамогі ў бота і на e-mail ад беларусаў і нават замежнікаў, але доўга правяраюць тых, хто нешта прапануе: ці не зламыснікі гэтыя людзі? Таму ахвочым дапамагчы давядзецца «набрацца цярпення». Але дапамога любога чалавека з любымі навыкамі важная і неацэнная, кажа Шаметавец.

«Партызаны працуюць над рознымі праектамі: не толькі атакі, не толькі аналіз звестак, але і праграмы, што дапамагаюць камунікаваць, дапамагаюць адсочваць людзей, якія ўчынілі злачынствы, – тлумачыць яна. – Праектаў шмат, ідэяў шмат, людзей і рэсурсаў».

«Кіберпартызаны» не лічаць сябе шкоднікамі

Шчыгельскі заяўляе, што першая мэта «Супраціву» і «Кіберпартызанаў» у тым, каб Беларусь была суверэннай, незалежнай і тэрытарыяльна цэласнай. Другая мэта – каб грамадзяне асэнсавалі, што такое аўтарытарызм і чым ён небяспечны для Беларусі. Трэцяя мэта – змена рэжыму і дэмакратычныя выбары. Тактыка мяняецца, штосьці не атрымліваецца, але агульныя мэты і стратэгія застаюцца такімі.

Артыкулы
«Ідзе пазіцыйная вайна на знясіленне». Размова з Дзмітрыем Шчыгельскім пра падпольны рух «Супраціў»
2021.09.04 08:24

І ў гэтых мэтах «злівы» перамоваў сілавікоў і прадстаўнікоў улады, «мапа даносчыкаў» – не проста забава: яны паказваюць, як працуе аўтарытарызм, пры чым любы аўтарытарызм у свеце, адзначае Шчыгельскі.

Але частка насельніцтва можа бачыць «Кіберпартызанаў» і «Супраціў» простымі шкоднікамі. Шаметавец кажа, што чуе такія закіды: хакеры часам шкодзяць не толькі рэжыму, але і простым грамадзянам. Яна падкрэслівае, што планаванне любых аперацыяў адбываецца так, каб пераканацца, што аперацыі не нашкодзяць мірным грамадзянам. «Сіняя каманда кіберпартызанаў» анансавала атаку на банкаўскую сістэму, але ад ідэі адмовіліся.

Шчыгельскі адзначае, што некаторыя аперацыі могуць даставіць грамадзянам дыскамфорт – як тады, калі людзям давялося стаяць у фізічных чэргах па квіткі на цягнікі. Але ён заклікае разумець, што ва Украіне штодзень гінуць людзі, і ўкраінскія салдаты, і расейскія, і жанчыны, і дзеці. Гадзіна-другая ў чарзе па квіток з гэтым непараўнальная, а калі праз гэта не загіне хаця б адзін чалавек, то нязручнасці апраўданыя.

Чэргі на вакзале ў Менску, Беларусь. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Калумніст «Советской Белоруссии» Юрый «Людажор» Церах перадаў на прэс-канферэнцыю пытанне, ці не закладваюць атакі на чыгунку «эканамічную бомбу», бо іншыя краіны будуць шукаць шляхі ў абыход Беларусі.

Шчыгельскі пагадзіўся, што такое можа адбыцца і што Беларусь страціць пэўныя грошы, але прапанаваў прыгадаць жнівень 2020 года і люты 2022-га: негатыўныя наступствы незаконнага ўтрымання ўлады і ваеннай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі значна большыя. Ён прапанаваў паглядзець на гэта і з іншага боку: ці варта, каб атрымаць пару лішніх мільёнаў долараў, дапамагчы забіць некалькі тысяч украінцаў, забяспечыўшы падвоз саляркі?

Ці ёсць у беларускіх уладаў кібервойскі?

Шэметавец мяркуе, што нічога падобнага да «Кіберпартызанаў» рэжым Лукашэнкі не мае, бо «рэжым аддае перавагу лаяльнасці, а не прафесіяналізму». Кібербяспека, як паказала практыка, «не была прыярытэтам рэжыму»: не ахоўвалі не толькі звестак грамадзянаў, а і сваіх уласных, запісвалі ўсе перамовы сілавікоў і чыноўнікаў. А «Кіберпартызаны» змаглі іх здабыць, хоць не былі прафесійнымі хакерамі, а ўсяго толькі айцішнікамі, якія вучыліся ў працэсе атакаў.

«Гэта было нават смешна: даведацца, наколькі непрафесійная кіберабарона развітая ў Беларусі», – кажа Шэметавец.

Шчыгельскі адзначае, што структуры, якія маглі б супрацьдзейнічаць кібератакам, у беларускага рэжыму даўно існавалі. Але яшчэ вясной-летам 2020 года гэтыя структуры перажылі «чысткі», адтуль выкінулі дастаткова прафесійных, але не вельмі лаяльных, замянілі іх на лаяльных непрафесіяналаў. Гэтая з’ява, кажа ён, сістэмная, адбываецца ў розных ведамствах, нават у арміі.

Артыкулы
«Кіберпартызаны» заявілі аб узломе сеткі айцішнікаў унутраных войскаў
2021.08.05 18:55

І калі ўлады заяўляюць, што ўзламалі Telegram-канал або кагосьці адсачылі праз інтэрнэт, гэта наўрад ці дасягненні айцішнікаў: Шчыгельскі кажа, што заціснуць пальцы дзвярыма і так выбіць пароль – гэта не IT. «Кіберпартызаны» ў сваю чаргу ствараюць розныя інструкцыі для грамадзянаў і «Партызанскі Telegram», які дазваляе абараніцца ад такіх «узломаў».

«Беларусам трэба зразумець адну простую рэч: усё насельніцтва Беларусі цяпер у акупаванай краіне, – рэзюмуе Шчыгельскі. – Калі вы застаяцеся на акупаванай тэрыторыі, трэба пачаць вучыцца канспірацыі самым сур’ёзным чынам, бо ніхто пра вас не паклапоціцца так, як вы самі пра сябе можаце паклапаціцца, каб вас не арыштавалі».

Парады
Чатыры простыя ідэі кіберпартызанаў і OSINT для абароны Android-смартфона ад сілавікоў
2021.10.25 16:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў