Фотастудыя, фітнес-клуб, тэатр лялек. Дзе і як Львоў размяшчае перасяленцаў з усей краіны


Львоў працягвае заставацца самым вялікім «хабам» для перасяленцаў з усёй Украіны, якія ўцякаюць ад расейскай вайсковай агрэсіі. Мы сабралі здымкі з месцаў, дзе ў гэтым горадзе людзі знайшлі часовы прытулак.

Перасяленцы ў фітнес-клубе, пераабсталяваным для размяшчэння ўцекачоў ад расейскай вайсковай агрэсіі ва Украіне. Большасць спартовых залаў у горадзе таксама пераабсталявалі пад часовае размяшчэнне перасяленцаў.
Фота: Mykola Tys / Zuma Press / Forum
Міжрэгіянальны цэнтр прафесійна-тэхнічнай адукацыі з першых дзён вайны прымае перасяленцаў, якіх размяшчае ў інтэрнаце вучэльні. Тут жыве больш за сто асобаў.
Фота: Яна Сідач / Белсат
З пачатку вайны на чыгуначны вакзал у Львове прыязджаюць тысячы людзей з розных частак Украіны, каб перавесці дух і пасля адправіцца ў новую дарогу ў пошуках бяспекі. Каб вакзал змог прыняць такую велізарную колькасць уцекачоў, даць усім прытулак і ежу, валанцёры працуюць па 10–12 гадзінаў штодня. На здымку – дзеці і жанчыны ў VIP-пакоі львоўскага вакзалу.
Фота: Mykola Tys / Zuma Press / Forum

З інфармацыі прэсавай службы львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, вобласць прыняла ў афіцыйныя пункты рассялення больш за 200 тыс. жыхароў з іншых рэгіёнаў Украіны. З іх 162 тыс. збіраюцца застацца на тэрыторыі Львоўшчыны. А каб размясціць усіх, каму патрэбны часовы прытулак, вобласць падрыхтавала каля 18 тыс. дадатковых ложкавых месцаў ва ўстановах сацыяльнай інфраструктуры.

Святлана Таранік, 81-гадовая жыхарка Харкава, якая мусіла пакінула родны горад, сочыць за навінамі са сваёй сваячкай у прытулку, у які пераўтварыўся адзін з львоўскіх фітнес-клубаў.
Фота: Zohra Bebsemra / Reuters / Forum
Адная з візітовак гораду – Львоўскі тэатр лялек у цэнтры гораду – таксама цяпер прытулак.
Фота: Яна Сідач / Белсат

Фатографка з Львова Яна Сідач з пачатку вайны сочыць за сітуацыяй з перасяленцамі і ўцекачамі ў сваім горадзе. Яна паразмаўляла з Ульянай Мароз, дырэктаркай тэатру лялек, дзе пачалі прымаць людзей амаль з першых дзён вайны.

– Калі ўсё пачалося, мы зачынілі ўсе дзверы, пазабіралі з рэквізіту ўсё, што могуць скрасці, і схавалі. Калі спатрэбілася месца пад збор рэчаў для вайскоўцаў, мы залучыліся ў дапамогу. Хутка да нас сталі тэлефанаваць валанцёры з інфармацыяй, што на вакзале людзям няма месца для начлегу. Дзверы тэатру мы адчынілі дзесьці на трэція содні, падрыхтавалі першыя 15 месцаў і пачалі прымаць жанчын і дзяцей. На жаль, у памяшканні няма ацяплення, кандыцыянер працуе толькі ў адным месцы, – кажа спадарыня Мароз.

У пэўны момант да тэатру сталі прыходзіць мужчыны-замежнікі з Зімбабвэ, Кеніі і яшчэ аднекуль – дырэктарка тэатру ўжо не памятае канкрэтных краінаў. Іх пасялілі на гары, але колькасць людзей, якія шукалі часовага прытулку, з часам толькі павялічвалася. Аднойчы ў холе тэатру спалі 64 асобы.

– Гэта быў наш максімум і хутчэй выключэнне, – адзначае дырэктарка тэатру. – У будынку ёсць адзін душ, прыбіральні толькі ў склепе. Адпаведна, у такіх варунках прымаць па 60 асобаў складана.

Львоўская фотастудыя «Wonder Space» таксама стала прытулкам для ўцекачоў. Тут можна атрымаць ложак і ежу, спланаваць далейшы маршрут, калі трэба ехаць у краіны Еўропы. Прасторай кіруюць мясцовыя валанцёры, сюды перавозяць тых, хто прыехаў на Львоўскі вакзал.
Фота: Bryan Smith / Zuma Press / Forum
Людзі ў фітнес-клубе, пераабсталяваным для размяшчэння ўцекачоў ад расейскай вайсковай агрэсіі ва Украіне.
Фота: Mykola Tys / Zuma Press / Forum
У рэгіянальным дзіцячым прытулку перабываюць хлопчыкі і дзяўчаткі, якіх бацькі адпраўляюць у заходнія рэгіёны Украіны, а самі застаюцца ў родных гарадах. Дарослыя лічаць, што Львоў больш бяспечны для дзяцей, паколькі ён месціцца далёка ад лініі актыўных баявых дзеянняў расейскай арміі.
Фота: Arman Dzidzovic / Zuma Press / Forum
Львоўскі тэатр лялек.
Фота: Mykola Tys / Zuma Press / Forum

Дырэктарка тэатру лялек прызнаецца, што вайны яны ўсе ж не чакалі. Таму падзеі першых дзён былі для большасці шокам. Але і артысты, і валанцёры пачалі адразу дапамагаць з дзецьмі, прыбіраць туалеты, гатаваць – увогуле рабіць усё, што трэба.

– Дзесьці на трэці дзень вайны нас папрасілі пасяліць 60 невідушчых дзяцей з інтэрнату з Харкава, то мяне аж затрэсла ад думкі, што яны будуць спаць на падлозе. Ці сітуацыя, калі мы дапамагалі з вывазам 80 асобаў з Харкава, калі заваліўся наступны будынак, дзе былі дзеці… Эмацыйна гэта ўсё складана вельмі, але ўжо вядома, што вайна не скончыцца, напрыклад, у наступны панядзелак. Таму робім тое, што можам, – падсумоўвае Ульяна Мароз.

Дзеткі бавяцца ў прытулку на базе акадэмічнага тэатру імя Леся Курбаса.
Фота: Яна Сідач / Белсат
Міжрэгіянальны цэнтр прафесійна-тэхнічнай адукацыі прымае ўсіх перасяленцаў. Адзіная просьба да мужчынаў – зарэгістравацца ў мясцовай адміністрацыі і стаць у чаргу пры ваенкамаце. Ірына Урублеўская, якая працуе выхавальніцай у цэнтры прафесійна-тэхнічнай адукацыі, верыць, што актыўныя баявыя дзеянні да Львова не дойдуць. Яна ўпэўненая, што «нашыя людзі не будуць уцякаць».
Фота: Яна Сідач / Белсат
У прытулку на базе тэатру лялек.
Фота: Яна Сідач / Белсат

Уцякачка Галіна з Кіева, з якой размаўляла фатографка Яна Сідач, распавядала, што выязджала са сталіцы пад гукі выбухаў, а дарога заняла 12 гадзінаў замест 7.

– Мы ехалі з 8-й вечара да 8-й раніцы. У вагоне не было месца, і ўсю ноч мы стаялі, хтосьці нават на адной назе. Было цяжка, бо ехала шмат мам з дзецьмі, сталых людзей, – узгадвае жанчына.

Раней яна жыла ў Харкаве. Тое, што зрабілі з ейным родным горадам, яна лічыць сапраўднай катастрофай.

– Гэта генацыд! Горад проста разбурылі, знішчылі. І не толькі Харкаў – Марыупаль, Кіеў, многія іншыя гарады. І гэта не толькі гуманітарная, але і экалагічная катастрофа, бо падарвалі нафтавую станцыю. Мне здаецца, што гэта паўплывае на здароўе людзей. Страшна. Мы не чакалі такога ўдару ў XXI стагоддзі ад нашых суседзяў, – каментуе сітуацыю Галіна.

Валанцёры Украінскага каталіцкага ўніверсітэту даглядаюць дзяцей з усходу Украіны. Украінцы адпраўляюць сваіх дзяцей на захад краіны, а самыя часам застаюцца ў родных гарадах. Бацькі лічаць, што Львоў больш бяспечнае месца для дзяцей, бо месціцца далёка ад лініі фронту.
Фота: Arman Dzidzovic / Zuma Press / Forum
У прытулку на базе тэатру лялек.
Фота: Яна Сідач / Белсат

Са словаў фатографкі Яны Сідач, сярод перасяленцаў можна сустрэць таксама маладых мужчынаў, якія вярнуліся абараняць Украіну, але не адразу даехалі да сваіх родных гарадоў і мястэчак. Адзін з такіх маладзёнаў – 19-гадовы Яўген Антанеска з Пэрвамайску.

– Яўген узяў квіток у Мікалаеў, але яго высадзілі ў Львове, бо ў той момант ні аўтобусы, ні цягнікі не ехалі ў бок Пэрвамайску, – узгадвае размову з хлопцам фатографка. – Маладзён планаваў запісацца ў шэрагі тэрабароны, каб не «хавацца» ў Польшчы. Там ён працаваў год, але як атрымаў паведамленне пра пачатак вайны, адразу пастанавіў для сябе, што вяртаецца абараняць Радзіму.

Спальныя месцы для перасяленцаў у адной са школаў Львова.
Фота: Mykola Tys / Zuma Press / Forum

– Таксама я пазнаёмілася з Юрыем з Харкава, які змагаецца з анкалагічнай хваробай. Ён прывёз сямʼю да польскай мяжы, дзе іх забрала старэйшая дачка, якая жыве ў Нямеччыне, – распавядае Яна Сідач. – Дзень перад нашым знаёмствам яму зрабілі «хімію», ён збіраўся купіць лекі і вяртацца ў Харкаў. З краіны Юрыя не выпусцілі, патрабавалася электроннае пацверджанне, што мужчына едзе лячыцца, таму ён збіраўся ўсё ж такі вяртацца дамоў і дапамагаць там тым, чым зможа.

Інтэрнат цэнтру прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дзе прымаюць перасяленцаў.
Фота: Яна Сідач / Белсат
Перасяленка з Кіеве ў студыі ёгі, што таксама пераўтварылася ў прытулак.
Фота: Zohra Bensemra / Reuters / Forum

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвясціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай вайсковай аперацыяй») з мэтаю «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне панятку «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны. З пачатку вайны Украіну пакінулі больш за 3 млн асобаў.

Глядзіце таксама:

«Сама сплю ў гатэлі». Беларуска з Любліна аддала свой дом пад прытулак для ўцекачоў

За 5 дзён – больш за 3,5 тыс. тонаў гуманітарнай дапамогі. Як Украіну падтрымлівае Еўропа

«Апякуюцца беларускімі і ўкраінскімі ўцекачамі». Як дабрачынныя ініцыятывы мяняюць працу праз вайну ва Украіне

Прапускаюць па 30 чалавек за гадзіну. Што адбываецца з украінскага боку мяжы

«Сабрала ўсё, што змагла». Мастачка з Расеі дапамагае ўцекачам з Украіны

Шосты дзень вайны. Здымкі зробленыя ў розных гарадах Украіны

«Тэрор супраць гораду, тэрор супраць Украіны». Як Харкаў перажыў атаку крылатымі ракетамі

Замест мядовага месяца – барацьба за Кіеў. Хто ідзе ў войска тэрытарыяльнай абароны

Без хлеба і каўбасы. Як выглядаюць кіеўскія крамы

На патрэбы ўкраінскай арміі. Як у Львове збіраюць дапамогу

Маршы супраць вайны ў Маскве

Яна Сідач, Саша Альтэр belsat.eu

Стужка навінаў