За віншаванні ЗША з Днём Волі МЗС згадаў канфедэратаў, «BLM» і флот Штатаў ля сваіх межаў


сцяг ЗША.
Фота: pixabay.com

25 сакавіка амбасада ЗША ў Беларусі на сайце павіншавала ўсіх беларусаў са 103-й гадавінай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі:

«Хоць больш як стагоддзе мінула з моманту першага абвяшчэння дзяржаўнасці, апошнія падзеі паказваюць, што змаганне беларусаў за свабоду і дэмакратыю працягваецца. Многія плацяць высокую цану за спробу зрабіць свой голас пачутым, так як рэжым звярнуўся да запалохвання, гвалту і ўжывання смяротнай зброі, каб утрымацца ва ўладзе.

Злучаныя Штаты віншуюць народ Беларусі з 25 Сакавіка і з нецярпеннем чакаюць таго дня, калі беларускі народ зможа самастойна вызначаць сваю будучыню».

У адказ на гэтае паведамленне Міністэрства замежных справаў Беларусі 25 сакавіка на сваім сайце і ў фэйсбуку змясціла такі каментар:

«У сувязі з заяваю амбасады ЗША 25 сакавіка 2021 года выказваем шчырую ўдзячнасць амерыканскаму боку за праяўленую нарэшце гатовасць перавесці двухбаковую рыторыку ў канструктыўнае рэчышча і за віншаванне са значнай датай у гісторыі нашай краіны. Будзем толькі вітаць распаўсюд гэтай практыкі і на дзяржаўныя святы.

Мы прызнаём свае памылкі і карыстаемся выпадкам, каб папрасіць прабачэння за адсутнасць віншаванняў з нядаўнім 160-годдзем прыняцця Канстытуцыі Канфедэратыўных Штатаў Амерыкі, сцяг якіх па-ранейшаму дарагі шматлікім амерыканцам. Пры гэтым рух «BLM» па ўсёй краіне налічвае дзясяткі мільёнаў удзельнікаў.

На жаль, сёння амерыканскае грамадства глыбока расколатае, як заявіў Джоўзэф Байдэн: «Я цалкам засяроджаны на тым, каб аб’яднаць Амерыку, абʼяднаць наш народ, абʼяднаць нашую нацыю… Сілы, якія падзяляюць нас, вельмі глыбокія і моцныя… Давайце пачнем спачатку. Давайце пачнем слухаць адно аднаго, успрымаць адно аднаго, бачыць адно аднаго…»

Мы таксама падтрымліваем памкненні амерыканскага народу да лепшай будучыні – у гэты дзень і кожны дзень! Таму лічым, што толькі сапраўдны інклюзіўны дыялог дапаможа амерыканскай нацыі абʼяднацца ў гэты складаны момант гісторыі. У якасці бескарыслівага жэсту добрай волі Беларусь, маючы досвед пляцоўкі перамоваў у межах ТКГ, гатовая прапанаваць свае паслугі ў справе арганізацыі такога працэсу. Мы акажам любое пасільнае садзейнічанне, у тым ліку з прыцягненнем нашых партнёраў у інтэграцыйных структурах.

Хоць мінула больш за два стагоддзі з моманту абвяшчэння незалежнасці, апошнія падзеі ў ЗША паказваюць, што барацьба амерыканцаў за свабоду ўсё яшчэ трывае. Цяпер сотні тысяч амерыканцаў усіх узростаў публічна патрабуюць права вызначаць лёс сваёй краіны. Шмат хто плаціць высокую цану за спробу зрабіць свой голас пачутым, а дзейнай адміністрацыі давялося ўжыць смяротную зброю і застрэліць некалькі чалавек, каб утрымацца ва ўладзе і замацаваць вынікі выбараў.Мы захапляемся мужнасцю і рашучасцю амерыканскіх герояў, сярод якіх Асанж, Сноўдэн і Мэнінг, якія ахвяравалі практычна ўсім дзеля сапраўднай свабоды і гармоніі ў амерыканскім грамадстве.

Беларусь разам з амерыканскім народам з нецярпеннем чакае таго дня, калі звычайны амерыканец зможа свабодна і бесперашкодна шпацыраваць побач з Капітоліем.

Мы ўдзячныя прызначанаму амбасадару ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр за неацэнную падказку ўсяму беларускаму народу, калі і якім чынам трэба праводзіць выбары. Безумоўна, нашае беларускае прымітыўнае і беднае мысленне ніколі б не дазволіла нам самым развязаць гэтае пытанне. На знак неймавернай удзячнасці МЗС гатовы па-за чаргою прыняць заяўку яе міласці на атрыманне беларускага грамадзянства, каб уключыць яе ў спіс выбарнікаў і даць магчымасць узяць удзел у галасаванні. Гэта ж можна зрабіць і без грамадзянства на якой-небудзь прызнанай Джулі Фішэр электроннай платформе.

Мы не можам не адрэагаваць і на працягнутую амерыканскім бокам руку дапамогі ў правядзенні выбараў. Такія дасягненні амерыканскай выбарчай сістэмы – як галасаванне поштаю і Калегія электараў замест простага волевыяўлення – могуць быць запатрабаваныя і вывучаныя беларускім бокам.

Глыбока праняўшыся ўвагай ЗША да лёсу Беларусі, у якасці кроку ў адказ мы можам зрабіць бескарыслівы ўнёсак у развіццё сельскай гаспадаркі Аляскі і эфектыўнае засваенне яе земляў. У гэтай сувязі гатовыя разгледзець магчымасць супольнага кіравання гэтай тэрыторыяй.

Маглі б перакінуць беларускія будаўнічыя арганізацыі ў рэгіёне для перадачы досведу і дапамогі жыхарам паўднёвых штатаў у пераадоленні наступстваў прыроднай стыхіі.

Шчыра зычым усяму амерыканскаму народу адзінства, а таксама не спатыкаючыся падымацца ўверх па лесвіцы амерыканскай мары.

Спадзяёмся, што пазітыўны трэнд у нашых стасунках захаваецца і мы супольна падыдзем да таго моманту, калі зможам з радасцю сустракаць Шосты флот ЗША ля марскіх межаў Беларусі!»

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў