Ва ўліковай картцы напісана «змагарка». Кацярыну Андрэеву паставілі на ўлік як асобу, схільную да экстрэмізму


Журналістку Кацярыну Андрэеву ў жодзінскай турме паставілі на прафілактычны ўлік як асобу, «схільную да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў».

Пра гэта «Белсату» паведаміў яе муж Ігар Ільяш.

Журналісты Літвы зладзілі акцыю ў падтрымку несправядліва асуджаных журналістак Белсату Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Каля амбасады Беларусі ў Вільні. 19 лютага 2021 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Рашэнне прымалася на паседжанні спецыяльнай камісіі, дзе яе запыталі, ці прызнае яна сваю віну. Яна сказала, што не прызнае.

Праз тое, што Кацю паставілі на прафілактычны ўлік на дзвярах яе камеры ёсць карычневая картка – так пазначаецца наяўнасць у камеры асобы, схільнай да экстрэмізму. У камеры для яе вызначылі пэўнае месца, дзе яна абавязкова павінна знаходзіцца, калі заходзіць наглядчык. Таксама Кацю цяпер будуць перыядычна выклікаць на прафілактычныя гутаркі.

Пры адпраўцы ў калонію статус «схільнай да экстрэмізму» за ёй захаваецца.

Ва ўліковай картцы Каці напісана «змагарка».

«Раней была інфармацыя, што разглядаецца пытанне аб пастаноўцы на падобны ўлік Дар’і Чульцовай. Але невядома, на якой стадыі сітуацыя ў Дашы, але, відавочна, што гэта скаардынаваная акцыя і адпаведнае рашэнне, хутчэй за ўсё, спусцілі зверху», – кажа Ігар Ільяш.

Hавiны
Ігар Ільяш: Сцверджанне, што ў кнізе «Беларускі Данбас» ёсць «прыкметы экстрэмізму», – гэта поўнае трызненне
2021.03.26 19:11

AB, belsat.eu

Стужка навінаў