Невядомыя часова захапілі тэлеграм-канал «Нашай Нівы» і сталі выдаляць падпісчыкаў


Фота з Twitter «Нашай Нівы»

Уначы 26 сакавіка невядомыя часова захапілі тэлеграм-канал «Нашай Нівы». Выданне просіць дапамогі.

Уначы зламыснікі часова атрымалі доступ да тэлеграм-каналу «Нашай Нівы», узламаўшы акаўнты трох працаўнікоў, у тым ліку намесніка галоўнага рэдактара Змітра Панкаўца. Такія спробы ўзлому адбываліся другую ноч запар.

«Захопленыя акаўнты рэдактараў змянілі назву каналу на непрыстойную, выдалілі ўсе навіны за 25 сакавіка і пачалі блакаваць падпісчыкаў. Яны паспелі выдаліць каля 1300 падпісчыкаў, пакуль адміністратар «НН» не вярнуў сабе кантроль над каналам», – адзначаюць у «Нашай Ніве».

Выданне просіць чытачоў як мага шырэй паведаміць пра здарэнне, каб «людзі, якіх зламыснікі выкінулі з каналу, маглі ўбачыць інфармацыю і вярнуцца».

Адзначаюць, што ўзломшчыкі не маглі атрымаць персанальнай інфармацыі падпісчыкаў, але маглі завалодаць усімі перапіскамі Змітра Панкаўца.

У «НН» падкрэслілі, што спрабавалі ўзламаць не толькі тэлеграм-акаўнты штатных работнікаў выдання, але і пазаштатных, а «некалькі месяцаў таму Следчы камітэт настойліва запытваў кантактныя дадзеныя кожнага з іх».

Пра спробу ўзлому свайго акаўнту паведамляе і адвакат Дзяніс Лаеўскі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў