Навошта ўлады Беларусі атакуюць Саюз палякаў у Беларусі


Затрыманых напярэдадні Анджэя Пачобута, Марыю Цішкоўскую і Ірэну Бярнацкую даставілі ў Менск. У прысутнасці адваката следчы правёў першы допыт Анджэя Пачобута. Пацвярджаецца інфармацыя, што Анджэліку Борыс перавезлі ў Менск. Цяпер вядуцца нейкія следчыя дзеянні, распавёў «Белсату» прэс-сакратар Саюзу палякаў у Беларусі Андрэй Пісальнік.

Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Тадэвуш Гавін параўнаў існую палітыку ўладаў Беларусі ў дачыненні польскай меншасці з дзеяннямі расейскага генерал-губернатара XIX стагоддзя Міхаіла Мураўёва, вядомага на мянушку вешальнік. Тадэвуш Гавін лічыць, што такім чынам улады распачалі знішчэнне польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі.

Матывы ўладаў

«Улады не тлумачаць, навошта яны прыдумалі гэтыя абвінавачванні і навошта пераследуюць нацыянальную меншасць у сваёй краіне, навошта пераследуюць сваіх грамадзянаў, якія належаць да нацыянальнай меншасці. У Беларусі ў выніку мы трапілі пад нейкі ўдар, прычым удар зусім не абгрунтаваны. Цяжка сказаць, навошта ўладам такога кшталту канфлікт, які выстаўляе іх у такім святле перад міжнароднай грамадскасцю. Вядома, што на пераслед палякаў у Беларусі адрэагавалі ў Еўразвязе, ЗША. Спадзяюся, што ініцыятары пераследу апамятаюцца і будуць намагацца развязаць сітуацыю, каб не паглыбляць яе», – адзначае Андрэй Пісальнік, прэс-сакратар Саюзу палякаў у Беларусі.

Анджэліка Борыс, кіраўніца Саюзу палякаў у Беларусі.
Фота: Блог Горадні s13.ru

Старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс затрымалі 23 сакавіка. Пазней прэсавая служба Генеральнай пракуратуры Беларусі паведаміла пра завядзенне супраць старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс і «іншых асобаў» крымінальнай справы паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы»). Сілавікі затрымалі і даставілі ў Менск Анджэя Пачобута, Марыю Цішкоўскую і Ірэну Бярнацкую.

«Рацыянальных падставаў, якія б тлумачылі пераслед польскай меншасці, няма. Мы можам зразумець рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў, гэта важны фактар палітычнага крызісу, які застаецца і цяпер. Польская ж меншасць не ўяўляе істотнай палітычнай пагрозы. Адзіны матыў – гэта тое, што ўлады Беларусі раней абяцалі адказаць сваім суседзям, якія падтрымліваюць дэмакратычныя змены ў Беларусі, за тое, што лабіявалі санкцыі. І, мажліва, яшчэ адзін прапагандысцкі элемент – падняць барацьбу з нацызмам, генацыдам і гэтак далей. Але гэтая гульня вельмі рызыкоўная, бо адказ з польскага боку можа быць такім, што шкода для беларускага боку можа быць нашмат большаю, чым нейкія там лакальныя здабыткі», – кажа Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера», доктар палітычных навук.

Гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут.
Фота: Белсат

Канфлікт з Польшчай улады развязалі 10 сакавіка. У Берасці пракуратура распачала крымінальную справу за тое, што ў Польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута зладзілі імпрэзу, прысвечаную вайскоўцам польскай Арміі Краёвай. Тады сілавікі затрымалі дырэктарку Польскай школы Ганну Панішаву, а беларускае МЗС запатрабавала ад генеральных консулаў Польшчы ў Горадні і Берасці пакінуць краіну. Польшча адказала высыланнем беларускіх консулаў з Беластоку і Варшавы.

«Я тут бачу некалькі прычынаў. Першая – гэта для існай улады патрэбен вонкавы вораг. А Польшча найбольш пасуе для гэтага. Можна абудзіць і старыя гістарычныя комплексы. Цяпер з Польшчы вяшчае «Белсат». Акрамя таго, адмініструюцца Telegram-каналы, аўтары аднаго з якіх стварылі фільм «Лукашэнка. Залатое дно». Вельмі гэта непрыемна для Лукашэнкі.

Па-другое, у працэсе зачысткі інфраструктуры грамадзянскай супольнасці дайшла чарга да Саюзу палякаў. Раней зачышчалі журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў. А цяпер дайшла чарга да нацыянальных меншасцяў, і тут найбольш арганізаваны Саюз палякаў у Беларусі. Пагатоў арганізацыі дапамагае Варшава. У Беларусі каля 400 тысяч палякаў. А каталікоў яшчэ больш. Таму існуе асцярога, што Саюз палякаў можа ўзначаліць сілу і павесці яе на штурм рэжыму, асабліва калі за яго спінаю стаіць Польшча. Таму і такія перасцярогі, якія існуюць.

Наступная прычына – пад палітычныя рэпрэсіі, якія цяпер ладзяцца, неабходнае ідэалагічнае абгрунтаванне, трэба нейкі зразумелы ўнутраны вораг, якога можна лёгка пазначыць. Бо «пратэстуноў» цяжка ідэнтыфікаваць. Гэта нейкая абстракцыя. А вось пад такую ролю ўбудаваць палякаў – выглядае больш-менш удалым варыянтам. Тым больш глеба падрыхтаваная.

Агулам антыпольская кампанія вядзецца адразу ж пасля 9 жніўня мінулага года. Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў намеры пачаць вайну, нібыта існуе жаданне захапіць Гарадзеншчыну. І цяпер запланавалі 17 верасня абвесціць свята Дзень народнага адзінства, усё гэта мае выразны антыпольскі характар», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Аб’ектыў
Улады Беларусі атакуюць саюз палякаў
2021.03.25 22:04

Незарэгістраваны Саюз палякаў у Беларусі Менск не ўпершыню выкарыстоўвае, каб нейкім чынам паўплываць на Варшаву. І раней улады затрымлівалі прадстаўнікоў арганізацыі, а потым вялі «гандаль» з Польшчаю. Такім чынам можа развівацца сітуацыя і цяпер.

«Паколькі мы рухаемся ў бок таталітарнай сістэмы, у якой кантралюецца ўсё, для сістэмы вельмі істотна супрацьстаяць усім арганізаваным групам. І польская меншасць, якая складае значную частку беларускага грамадства, ёсць такою мішэнню. Да таго ж польская меншасць даволі актыўная. Увогуле, Саюз палякаў – закладнік беларуска-польскіх дачыненняў. Рэжым успрымае польскую меншасць як магчымасць рычага ціску на Польшчу. Яны думаюць, што, паколькі могуць ціснуць на Польшчу праз ціск на арганізацыю, могуць патрабаваць нейкіх саступак ад Варшавы», – кажа Рыгор Астапеня, дырэктар даследаванняў у Цэнтры новых ідэяў.

Наступствы атакі на меншасць для афіцыйнага Менску

Іншая рэч, што цяпер вонкава-палітычная сітуацыя адрозніваецца ад той, што была да апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Гандляваць палітычнымі вязнямі з Захадам цяпер уладам будзе нашмат больш складана, бо Лукашэнку не прызнаюць прэзідэнтам і размовы з прадстаўнікамі заходніх краінаў цяпер зводзяцца толькі да патрабаванняў апошніх безумоўнага вызвалення арыштаваных паводле палітычных матываў.

«Галоўнае цяпер для Лукашэнкі – утрымаць уладу. А дзеля гэтага можна ахвяраваць ужо і міжнацыянальным мірам і дапусціць увядзенне санкцыяў. Я думаю, што новы пакет еўрапейскіх санкцыяў і так быў непазбежны, таму, магчыма, улады палічылі, што дадатковыя аргументы не паўплываюць, і цяпер свядома спальваюць масты з Захадам. Магчыма, існуе і разлік, што Масква дапаможа», – адзначае Валер Карбалевіч.

Артыкулы
«Цікавіла іх усё». Як праходзілі вобшукі на сядзібе Саюзу палякаў у Беларусі і ў сябраў арганізацыі
2021.03.25 21:31

Сяргей Ягораў belsat.eu

 

Стужка навінаў