МУС заявіў, што перадухіліў два тэракты ад «ByPol». «ByPol»: гэта ўлады рыхтавалі тэракты


Міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч. Скрыншот прэс-службы МУС

У афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства ўнутраных справаў з’явілася паведамленне пра тое, нібыта сляды планаваных тэрактаў вядуць да ініцыятывы «ByPol»:

«Сёння ўначы ў Печах аператыўнікі ГУБАЗіК МУС пры сілавым падтрыманні атраду хуткага рэагавання затрымалі 35-гадовага жыхара Пінскага раёну. Мужчына намерваўся здзейсніць тэрарыстычны акт у мясцовай вайсковай частцы, яшчэ адзін – у Менску. Праваахоўнікам удалося спыніць злачынствы, знайсці і абясшкодзіць самаробныя выбуховыя прылады».

Паводле інфармацыі ГУБАЗіК, затрыманы здымаў кватэру ў Маскоўскім раёне сталіцы, працаваў у прыватнай кампаніі.

Следчыя КДБ распачалі крымінальную справу па факце спробы ўчыніць акт тэрарызму. Праводзяцца супольныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя захады.

Вядома, што мужчыну раней неаднаразова прыцягвалі да крымінальнай адказнасці як актыўнага ўдзельніка пратэставага руху, з лета мінулага года ён рэгулярна наведваў нядзельныя маршы.

Меркаваны зламыснік падтрымліваў сувязь з даволі вядомай ініцыятываю «ByPol». Ад яе прадстаўніка напярэдадні Дня Волі ён атрымаў у мэсэнджары ўказанне здзейсніць выбух на тэрыторыі органу ўнутраных справаў або вайсковага фармавання.

«Менавіта гэтая ініцыятыва, цесна звязаная з гэтак званаю Каардынацыйнаю радаю Ціханоўскай, актыўна заклікала грамадзянаў да незаконных масавых мерапрыемстваў 25 сакавіка і папярэджвала пра нібыта рыхтаванне правакацыяў уладамі. Насамрэч рыхтаваліся тэрарыстычныя акты пад эгідаю «ByPol», – удакладніў намеснік Міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч.

Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў на просьбу «Вот Так» пракаментавала заяву МУС.

«Мы сарвалі планы ўладаў у ажыццяўленні тэракту. У адказ у яго рыхтаванні звінавацілі нас. Галоўнае, што мы захавалі жыцці людзей».

24 сакавіка «ByPol» заявіў, што атрымаў інфармацыю пра рыхтаванне ўладамі тэракту, які дазволіць абгрунтаваць увядзенне надзвычайнага становішча. Паводле крыніцаў «ByPol», 25 сакавіка ў межах плану для дыскрэдытацыі пратэставага руху і яго поўнай ліквідацыі сілы Камітэту дзяржаўнай бяспекі рыхтавалі тэрарыстычны акт у адным з будынкаў органаў унутраных справаў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў