«Курс на канчатковае знішчэнне польскай меншасці ў Беларусі». Першы кіраўнік СПБ выказаўся пра рэпрэсіі супраць палякаў

Тадэвуш Гавін. Фота: Tadeusz Gawin / Facebook

Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Тадэвуш Гавін параўнаў цяперашнюю палітыку ўладаў Беларусі ў дачыненні польскай меншасці з дзеяннямі расейскага генерал-губернатара XIX стагоддзя Міхаіла Мураўёва, вядомага на мянушку вешальнік.

«Арышт Анджэлікі Борыс, Анджэя Пачобута, Ірэны Бярнацкай, Марыны Цішкоўскай і Ганны Панішавай вядзе да высновы, што палітычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі на прыкладзе генерала Мураўёва-вешальніка ўзяў курс на канчатковае знішчэнне польскай меншасці ў Беларусі, хаця беларускія палякі – карэнныя жыхары рэспублікі, якія на працягу стагоддзяў насяляюць гэтую зямлю», – зазначыў Гавін.

Паводле дзеяча, «крыніца нацыянальнай і рэлігійнай нянавісці ды дыскрымінацыі беларускіх палякаў – самыя ўлады».

Суддзі, якая вынесла прысуд старшыні Саюзу палякаў, бестэрмінова забароняць уезд у Польшчу

Старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс затрымалі 23 сакавіка. На наступны дзень суддзя Руслан Гурын прысудзіў ёй 15 содняў арышту за кірмаш рамеснікаў «Гарадзенскія Казюкі». Пазней пракуратура завяла на Борыс ды іншых асобаў крымінальную справу за нібыта распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні.

Сілавікі таксама прыйшлі да гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута, дырэктаркі грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай, да кіраўніцы лідскага аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі Ірэны Бярнацкай. Ператрусы прайшлі ў офісах, звязаных з СПБ.

У пачатку сакавіка затрымалі кіраўнікоў «Польскай школы» ў Берасці.

МГ belsat.eu

Hавiны