«Крот» на прыпалацавым участку

Справа падпалкоўніка Лупаносава будзе некаторы час вельмі актуальнай і важкай для беларускага грамадства. Хоць чаканне масавых рэпрэсіяў у Дзень Волі пацягнула за сабою некаторую недаацэнку здарэння.

Гісторыя пра высокапастаўленага паліцыянта, які працуе з рэвалюцыянерамі, мае свае прэцэдэнты. Быў, напрыклад, у ХІХ стагоддзі такі чыноўнік – Мікалай Клетачнікаў. Служыў ён у гэтак званым III Аддзяленні ўласнай Яго Імператарскай Вялікасці канцылярыі, потым і зусім – беспасярэдне ў дэпартаменце паліцыі. Праз яго ішлі ўсе сакрэтныя справы аб палітычным вышуку ў Расеі. Судзілі яго, прысудзілі да катаргі. Той абвесціў галадоўку. У выніку яго паспрабавалі накарміць сілаю капустай і кашаю, праз што Клетачнікаў і памёр.

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

Станіславу Лупаносаву, старэйшаму ўпаўнаважанаму ГУБАЗіК, удалося пазбегнуць і арышту, і галадоўкі, і забойна гвалтоўнага кармлення. Ён паспеў выехаць з Беларусі, захаваўшы пры гэтым сваю рэпутацыю ў вачах тых, каго прынята называць «прагрэсіўна настроенай часткаю грамадства». Былыя ж іншыя лічаць яго «кратом», які раскапаў дзялянку і нырнуў у нару.

«Крот», кажа «Вікіпедыя», – «агент, глыбока інкарпараваны ў структуру супрацьлеглых сілаў, які, як правіла, пастаўляе асабліва важную, засакрэчаную інфармацыю». Вось «крот» Станіслаў Лупаносаў пастаўляў групе «ByPol» інфармацыю пра работнікаў МУС, якія прымалі беспасярэдні ўдзел у рэпрэсіях супраць уласнага народу.

Хтосьці лічыць гэта няправільным. Але тады адкажыце на пытанне: а ўсе тыя запісы, якія агучыў падпалкоўнік Лупаносаў, дзе людзі з галасамі, падобнымі на галасы генерала Караева і тады яшчэ палкоўніка Карпянкова, фактычна заклікаюць да грамадзянскай вайны – да страляніны табельнай і іншай зброяй па бяззбройных суграмадзянам, – вы як да іх ставіцеся?

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года. Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Вы лічыце, не трэба было нам ведаць пра тое, што для нас збіраюцца разбіваць канцэнтрацыйныя лагеры? Вы лічыце, што фактычны заклік забіваць (ці ўсё ж такі «прыбіраць» – не надта выразна чуваць) павінен заставацца ў таямніцы ад грамадства? Проста вось адкажыце самі сабе на гэтыя пытанні – і пытанне пра тое, маральны ўчынак здзейсніў спадар Станіслаў ці не занадта маральны, адпадзе сам сабой.

У мяне, напрыклад, адпаў. І я шчыра ўдзячны падпалкоўніку Лупаносаву. Хоць бы таму, што ў дачыненні двух чалавек, якія сталі апораю рэпрэсіўнага рэжыму, я ўжо ніколі не буду мець ілюзіяў.

Эміграцыя Лупаносава нічога ў агульным кантэксце не мяняе. Сёння «кратом» быў абвешчаны Лупаносаў. Заўтра – яшчэ хто-небудзь. Успомнім: хадзілі чуткі, што ў апараце МУС сотні чалавек падпісваліся за альтэрнатыўных кандыдатаў. Прычым гэта ж не тыя людзі, якім дай дручок у рукі – і пайшлі яны малаціць налева і направа тым дручком. Гэта афіцэры, людзі з рэальнай вышэйшай адукацыяй, вельмі добра дасведчаныя, што адбываецца ў краіне. І калі Мікалай Клетачнікаў у ХІХ стагоддзі працаваў на тэрарыстаў, то Станіслаў Лупаносаў працаваў якраз супраць тэрору – супраць будаўніцтва тэрарыстычнай дзяржавы.

Hавiны
Франак Вячорка: Рэпрэсіі дорага каштуюць. Рэжым пойдзе на саступкі, хоча ён таго ці не хоча
2021.03.24 00:05

І ў тым, што ў падпалкоўніка відавочна знойдуцца паслядоўнікі, у мяне сумневаў няма. Яны добра разумеюць: супрацьстаянне дзяржаўнаму тэрору сёння наўпрост адкрывае дарогу да сацыяльнага ліфта. Трэба толькі крыху пачакаць. Рэжым усё роўна рана ці позна ўпадзе, і ты станеш нацыянальным героем. Урэшце, інфармацыю ты пастаўляеш не чужой дзяржаве, а народу Беларусі, які, згодна з Канстытуцыяй (збольшага бяздзейнай, але нікім так і не адмененай) ёсць адзінаю крыніцай улады ў краіне і сапраўдным яе суверэнам.

Зачыстка Нямігі. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Ужо відавочна: такія «краты» ёсць ува ўсіх сілавых ведамствах. Людзі думаюць пра будучыню – і краіны, і ўласную – у гэтай жа нашай краіне, у Рэспубліцы Беларусь. Дай бог, каб норы ў іх былі глыбейшыя, каб іх было немагчыма адтуль ні выкурыць, не «выліць» вадой. Урэшце, з’яўленне ў інтэрнэт-эфіры дыялогаў ад аматаркі масандраўскіх вінаў сведчыць: такія «краты» ёсць нават у святая святых рэжыму – у тых спецслужбах, якія кантралююцца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. «Краты» атачаюць ягоныя палацы, ягоныя рэзідэнцыі. Яны «зліваюць» апанентам здымкі, відэа і аўдыязапісы. Яны паўсюль.

Падобна, гэтая ўлада праваліцца ў «кратовую нару», выкапаную ў яе пад самым носам, на прысядзібным участку, дзе звычайна дзяўчаты-прыгажуні косяць кавуны або кормяць моркваю заезджых знакамітасцяў.

Праваліцца. І ўсе ўздыхнуць з непрыхаванаю палёгкаю.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў