«Казалі, што я каардынатар пратэстаў». Гісторыя № 15 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Гісторыю вядомага гарадзенскага музыкі чуў шмат хто. Алесь Дзянісаў не ўдзельнічаў у пратэсце, ён проста вяртаўся дадому. На адной з вуліцаў заўважыў чорных людзей без апазнавальных знакаў, якія цягнулі жанчыну. Ён прыпыніўся і толькі паспеў спытаць: «За што?», як адразу быў затрыманы. Пакуль музыку цягнулі на базу мясцовага АМАПу, яго збівалі ды зламалі ровар. Цяпер Алесь жартуе: «Ровару дасталося больш за мяне».

Алесь Дзянісаў.
Фота: Белсат

На базе АМАПу хлопцу таксама перапала, але, як ён сам кажа, яшчэ пашчасціла, бо яго адрозна ад іншых не прапускалі праз дворык. Аднак Алесь атрымаў моцны ўдар пад пах, і пазней праз гэта давялося пакласціся ў шпіталь. Сілавікі таксама размалявалі твар хлопцу фламасцерам. Пасля базы АМАПу Алесь апынуўся ў дзяжурнай частцы аддзелу міліцыі. Там яму пагражалі крымінальнай справаю і называлі «каардынатарам пратэстаў». Але потым сілавік у цывільным нават прасіў прабачэння і казаў, што памыліўся.

Да суда музыку завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Ні туалетнай паперы, ні ежы, вада з крана.

У 4-мясцовай камеры ізалятару – 12 чалавек. Затрыманыя спалі па чарзе, і Алесь правёў увесь час на падлозе. На малюнку Алесь – адзіны чалавек, што ўсміхаецца.

Пасля выхаду з ізалятару ў хлопца пачаліся болі, але за працаю ён не надта звяртаў на тое ўвагу, проста наносіў абязбольвальнае. Мінуў час, паднялася тэмпература, і знаёмы доктар сказаў: трэба класціся ў шпіталь. Як вынік – пяць дзён з антыбіётыкамі і пад кропельніцай ды яшчэ тыдзень лекавання дома.

Малюнак Алеся Дзянісава.
Фота: Белсат

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў