Ігар Ільяш: Сцверджанне, што ў кнізе «Беларускі Данбас» ёсць «прыкметы экстрэмізму», – гэта поўнае трызненне


Журналіст «Белсата» Ігар Ільяш пракаментаваў рашэнне суду Кастрычніцкага раёну Менску аб прызнанні экстрэмісцкім матэрыялам кнігі «Беларускі Данбас», напісаную ў суаўтарстве з Кацярынай Андрэевай.

«Справа аб прызнанні «Беларускага Данбаса» экстрэмісцкай прадукцыяй у чарговы раз прадэманстравала, што судовай сістэмы ў Беларусі няма – ёсць толькі бязвольны і бяспраўны прыдатак спецслужбаў. Суддзі гатовыя зацвердзіць любое рашэнне, якое ім спусцяць зверху, нават не задумваючыся», – лічыць журналіст.

Ігар Ільяш кажа, што не меў ілюзіяў наконт аб’ектыўнасці суду, але ўсё роўна быў здзіўлены тым, што адбывалася на паседжанні.

«Я разлічваў знайсці ў матэрыялах справы хоць нейкую аргументацыю, чаму экспертная камісія палічыла нашу з Кацяй кніжку экстрэмісцкай. Маніпулятыўныя, неабгрунтаваныя, недакладныя, але аргументы. «Вашая кніга экстрэмісцкая, таму што…» – прыкладна гэта я хацеў убачыць. Але такі складнік проста адсутнічаў. Самой экспертызы (з канкрэтнымі цытатамі з кнігі і іх аналізам) у матэрыялах справы не было, там я знайшоў толькі высновы.

Экспертнае заключэнне па кнізе «Беларускі Данбас»
Экспертнае заключэнне па кнізе «Беларускі Данбас»

А паколькі ў абсурдных высновах ішла гаворка пра «публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі» і «інструкцыі па выбуховай справе, якія можна выкарыстоўваць у планаванні і здзяйсненні тэрактаў», то я абсалютна перакананы: эксперты кнігу «Беларускі Данбас» проста не адкрывалі. Яны толькі паставілі свой подпіс пад рашэннем, якое спусцілі ім спецслужбы», – мяркуе суаўтар кнігі.

Рашэнне суду Кастрычніцкага раёну Менску аб прызнанні экстрэмісцкім матэрыялам кнігі «Беларускі Данбас»
Рашэнне суду Кастрычніцкага раёну Менску аб прызнанні экстрэмісцкім матэрыялам кнігі «Беларускі Данбас»
Рашэнне суду Кастрычніцкага раёну Менску аб прызнанні экстрэмісцкім матэрыялам кнігі «Беларускі Данбас»
Рашэнне суду Кастрычніцкага раёну Менску аб прызнанні экстрэмісцкім матэрыялам кнігі «Беларускі Данбас»

Ігар Ільяш звяртае ўвагу, што выклікаць экспертаў у якасці сведкаў або далучыць да матэрыялаў справы саму кнігу суддзя Вольга Біруля адмовілася.

«Гэта нейкі кафкіянскі або оруэлаўскі свет: суддзя прызнала экстрэмісцкай кнігу, якую яна не чытала, не трымала ў руках, не ведае пра што яна і нават не чула ніводнага аргумента, чаму гэтую кнігу варта прызнаць экстрэмісцкай. Кнігу наагул не чытаў ніхто з удзельнікаў працэсу, акрамя ўласна аўтара, то бок мяне.

Сцверджанне, што ў нашай з Кацяй кнізе ёсць «прыкметы экстрэмізму», – гэта хлусня, поўнае трызненне. «Беларускі Данбас» – гэта нязручная для спецслужбаў праўда пра ролю рэжыму Лукашэнкі ў вайне. Менавіта таму нашую кнігу забаранілі. У сваім даследаванні мы даказваем, што, нягледзячы на міратворчую рыторыку, цягам усяго канфлікту Лукашэнка і ягоныя спецслужбы заставаліся надзейнымі хаўруснікамі пуцінскай Расеі. Уся міжнародная палітыка Менску з 2014 да 2020 года будавалася на міфе пра роўнааддалены нейтралітэт. Гэты міф у «Беларускім Данбасе» мы якраз і разбурылі. За гэта нам і нашай кнізе помсцяць», – кажа Ігар Ільяш.

«Беларускі Данбас» – гэта журналісцкае даследаванне пра беларусаў на вайне, ролі спецслужбаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пра тое, як гэты канфлікт паўплываў на Беларусь.

Hавiны
Таямніца Лукашэнкі. Ці магла Беларусь стаць саўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны?
2020.06.23 14:30

Акрамя таго, аўтары спрабуюць адказаць на пытанне, што прымушала беларусаў ехаць на Данбас і чаму яны ў выніку сталі трэцяй па колькасці нацыянальнай групай сярод удзельнікаў канфлікту (пасля расейцаў і ўкраінцаў). Асобна Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева аналізуюць палітыку Лукашэнкі ў расейскай-украінскай вайне і як яна трансфармавалася з цягам часу.

Hавiны
«Падручнік, што паказвае стаўленне беларусаў да вайны на Данбасе». У Менску прэзентавалі кнігу Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша
2021.02.20 14:29

Кніга выйшла ў 2020 годзе ва ўкраінскім выдавецтве «Фоліа». 19 лютага 2021 года адбылася прэзентацыя «Беларускага Данбаса» у амбасадзе Украіны ў Менску. На прэзентацыі прысутнічаў амбасадар Украіны Ігар Кізім і часовая павераная ў справах амбасады Літвы Аста Андрыяўскене.

Абноўлена
Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову этапавалі ў Жодзіна
2021.03.18 10:31

Суаўтарка кнігі Кацярына Андрэева з 15 лістапада 2020 года знаходзіцца за кратамі. 18 лютага 2021 года суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў яе і Дарʼю Чульцову 2 гадамі калоніі за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Нашыя каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.

Артыкулы
«Ад Ігара – Каці»: першая перадача пасля этапавання ў Жодзіна
2021.03.23 11:10

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў