ЕЗ падтрымае Міжнародную платформу для Беларусі дзеля прыцягнення вінаватых да адказнасці


Жузэп Бурэль.
Фота: радыё «Свабода»

Еўразвяз плануе падтрымаць Міжнародную платформу для Беларусі палітычна і фінансава, паведамляе радыё «Свабода» са спасылкаю на БелаПАН.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль заявіў:

«Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў сем месяцаў таму ўлады Беларусі здзейснілі непрымальныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні беларускага народу. На масавую мірную мабілізацыю беларускага грамадства, якое выступае за дэмакратыю і свае асноўныя свабоды, улады адказалі жорсткімі рэпрэсіямі, незаконнымі арыштамі і затрыманнямі, сотнямі задакументаваных выпадкаў катаванняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання, улучаючы сексуальны і гендарны гвалт».

Бурэль назваў затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў 25 сакавіка несправакаванымі ды незаконнымі і падкрэсліў, што гэтыя дзеянні – маштабныя дзяржаўныя рэпрэсіі, якія не змяншаюцца.

«Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці», – адзначыў палітык.

Паводле Бурэля, ЕЗ і міжнародныя партнёры ўзначальваюць барацьбу з беспакаранасцю.

Акрамя падтрымання працы міжнароднай платформы, на гэтым тыдні Рада ААН у справе правоў чалавека ўхваліла прапанаваную ЕЗ рэзалюцыю адносна сітуацыі ў Беларусі. Гэты дакумент дае мандат вярхоўнаму камісару ААН у справе правоў чалавека для збору інфармацыі пра парушэнні ў Беларусі.

Бурэль падкрэсліў, што ў сваёй працы вярхоўны камісар ААН будзе карыстацца дакументацыяй, сабранай міжнароднаю платформай.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў