Арышт за налепкі, шкарпэткі і цмока. Самыя дзіўныя прыклады палітычных рэпрэсіяў у Беларусі


У Беларусі пасля выбараў-2020 не спыняюцца палітычныя рэпрэсіі, і некаторыя пакаранні выглядаюць абсурднымі. «Белсат» сабраў самыя дзіўныя прыклады за апошні час.

«Пікетавала налепкай» з Пагоняй на машыне – 12 содняў

Здымае мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Euroradio.fm

У Першамайскім раёне Менску 54-гадовую Святлану Чарняўскую асудзілі за тое, што яна «пікетавала шляхам размяшчэння налепкі з гербам Пагоня на багажніку аўтамабіля, якім яе падвозілі», паведамляе радыё «Свабода».

Святлану Чарняўскую арыштавалі сёння на 12 содняў. На судзе жанчына растлумачыла, што яе падвозіў знаёмы. Калі яна сядала ў машыну, то не бачыла ніякай налепкі.

У машыне ехалі яшчэ чатыры асобы. Каля філармоніі аўтамабіль спынілі працаўнікі ДАІ і ўсіх адвезлі ў РУУС для высвятлення асобы. Там на Святлану склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.

«Пікетавала ў БЧБ-шкарпэтках» – 15 содняў

Суддзя Савецкага раёну Аляксандр Воўк арыштаваў сёння на 15 содняў 27-гадовую Крысціну Малашэвіч, якую затрымалі 25 сакавіка каля кінатэатру «Кастрычнік» за пікетаванне ў БЧБ-шкарпэтках.

Менавіта гэта пазначылі ў пратаколе паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП міліцыянты Савецкага РУУС.

Налепка «Цмок-Змагарыч» на ровары – 12 содняў

Затрыманне раварыста з налепкай Цмока Змагарыча.
Фота: ПЦ «Вясна»

Затрыманне 52-гадовага Віктара Міхайлоўскага трапіла на здымак відавочцаў. Паводле пратаколу, складзенага ў Першамайскім РУУС, мужчына «пікетаваў шляхам БЧБ-налепкі на ровары з выяваю трохгаловага цмока і надпісам «Цмок-Змагарыч», паведамляе «Вясна».

Суддзя Святлана Чараповіч цікавілася, дзе быў Віктар Міхайлоўскі і з якою мэтаю ездзіў у цэнтры гораду на ровары. У выніку асудзіла мужчыну паводле арт. 24.23 КаАП на 12 содняў арышту.

Маці няпоўнагадовага дзіцяці пратрымалі ноч на Акрэсціна і асудзілі на 100 базавых

Міліцыянты з Заводскага РУУС кажуць, што няма такога закону, паводле якога мусілі яе адпусціць пасля трох гадзінаў.

Сёння ў судзе Заводскага раёну разглядалі справу Алены Барценевай, маці 6-гадовага дзіцяці. Яе затрымалі ўчора а 18:50 на Кастрычніцкай плошчы і даставілі ў РУУС Заводскага раёну. Там склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП. Але міліцыянты нават не збіраліся выпускаць маці няпоўнагадовага дзіцяці і заявілі, што «няма такога закону, каб яе адпусціць». Святлану пакінулі на ноч на Акрэсціна.

Суддзя Дзмітрый Астапенка вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што жанчыну не адпусцілі пасля трох гадзінаў з моманту затрымання. Аднак гэта яму не перашкодзіла прысудзіць Алене штраф 100 базавых велічыняў (2900 рублёў). Віну жанчына не прызнала.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў