Арганізатара шэсцяў за Лукашэнку асудзілі за збіццё суседа ў ліфце

Сяргей Каўрыгін з крыжом у руках. Фота: dev.by

Суд Першамайскага раёну Менску вынес рашэнне ў справе пра бойку ў ліфце, піша dev.by. Сяргея Каўрыгіна – арганізатара і ўдзельніка праўладных шэсцяў – прызналі вінаватым у наўмысным прычыненні лёгкіх цялесных пашкоджанняў.

Увечары 18 кастрычніка 2020 года жыхары дому, дзе жыве Сяргей Каўрыгін, паведамілі, што ён збіў суседа Сяргея Карпава ў ліфце на вачах сваіх жонкі і дзяцей. Пры гэтым адзін удар выпадкова атрымала і жонка Каўрыгіна. Сусед атрымаў удары і закрытую чэрапна-мазгавую траўму і быў вымушаны звярнуцца па медычную дапамогу. Пацярпелы падаў заяву ў міліцыю для распачынання крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 339 КК РБ («Хуліганства»), але МУС у справе адмовіў. Тады мужчына падаў пазоў у суд.

Суд прызначыў Сяргею Каўрыгіну штраф 4350 рублёў. Таксама ён павінен пакрыць выдаткі і маральную шкоду пацярпеламу – праграмісту Сяргею Карпаву. З Каўрыгіна ўзялі падпіску аб нявыездзе да поўнай выплаты штрафу.

Сяргей Каўрыгін сваёй віны не прызнаў і заявіў, што Карпаў пагражаў яму і ягонай сям’і нібыта праз тое, што Каўрыгін – прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі. На відэазапісе здарэння Каўрыгін сябе не пазнаў, але пазнаў жонку і дзяцей. Ён сказаў, што відэа раней не бачыў, хоць старшыня ЖБВК сведчыў, што відэа бойкі выдавалі.

Каўрыгін паведаміў суду, што як дырэктар ІТ-кампаніі «Innovative Future Technologies» ён атрымлівае толькі 400 рублёў, у яго чацвёра малых дзяцей, у маёмасці – адно аўта, «BMW X6». Мужчына Далучыў да справы даведку пра сяброўства ў арганізацыі «Патрыёты Беларусі», станоўчыя характарыстыкі з месца працы, школы і дзіцячага садка дзяцей.

Суддзя Максім Трусевіч запрапанаваў пацярпеламу прымірыцца з Каўрыгіным з выпадку Года народнага адзінства, але пацярпелы адмовіўся.

Абарона Карпава прасіла прызначыць Каўрыгіну 240 гадзінаў грамадскіх працаў і пакрыццё фінансавых тратаў пацярпелага на амаль 5000 рублёў. Для гарантыі выплаты абарона прасіла накласці арышт на «BMW X6» Каўрыгіна. Той жа прасіў звярнуць увагу суда, што па медычную дапамогу Карпаў звярнуўся «ў прыватную клініку «Ладэ», вядомую негатыўным стаўленнем да дзейнай улады».

МГ belsat.eu

Hавiны