Вайсковы эксперт пра абстрэлы Украіны: «Галоўная задача – стварыць хаос сярод цывільнага насельніцтва»


Урад Расеі пачаў вайну з Украінай пад шыльдаю абароны «ДНР» і «ЛНР», але замест гэтага цяпер наступае па ўсіх кірунках і абстрэльвае мірнае насельніцтва гарадоў Украіны. Аб першапачатковых планах расейскага камандавання і прычынах іх змены пагаварылі з украінскім вайсковым экспертам Алегам Жданавым.

Жылы дом, пашкоджаны нядаўнім абстрэлам у Кіеве, Украіна. 26 лютага 2022 года.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

Паводле Алега Жданава, першапачатковай задачай расейскай арміі было пашырэнне «ДНР» і «ЛНР» да межаў Данецкай і Луганскай вобласцяў. У гэты ж час ударамі з поўначы і поўдня, каб адцягнуць увагі, Масква разлічвала запалохаць украінскі ўрад, каб той пайшоў на перамовы з прадстаўнікамі самаабвешчаных рэспублік. Але расейскі план уварвання ва Украіну праваліўся цалкам: ворагу не ўдаўся бліцкрыг, Кіеў і яго ўскраіны зачышчаныя ад расейскіх войскаў, у іншых буйных гарадах Украіна ўтрымала пазіцыі, а ў Расеі на сённяшні дзень не засталося аператыўных рэзерваў для змены сітуацыі ў свой бок. У такім стане Расея пачала паспешліва мяняць свае планы.

«Украіна выстаяла, і на другі дзень ім давялося кардынальна памяняць кірунак галоўнага ўдару. Яны на Данбасе ўжо не рабілі спробаў прарыву нашай абароны, яны былі беспаспяховыя, і яны пачалі наступ на Кіеў. Мы паспелі перагрупавацца», – кажа Алег Жданаў.

У выніку адыход ад першапачатковага плану выклікаў шмат сумбуру і лагістычных памылак з расейскага боку.

«Пранікненне дыверсійна-выведвальных групаў у Кіеў было хаатычнае і бязладнае, і сапраўды іх кідалі проста на авось. У нас ёсць звесткі, што стаіць бронетэхніка без паліва, салдаты ходзяць па жылых масівах і займаюцца марадзёрствам, патрабуюць ежу. Тыя, хто разумнейшыя, адбіраюць вопратку, пераапранаюцца і ўцякаюць. Гэта значыць, сітуацыя кардынальна змянілася», – распавядае вайсковы эксперт.

Алег Жданаў сцвярджае, што беспаспяховыя спробы захопу Кіева вымусілі расейскае камандаванне змяніць тактыку вядзення баявых дзеянняў. Цяпер вораг пачаў абстрэльваць жылыя раёны гарадоў з артылерыі.

«З учорашняга абеду Расея рэзка памяняла тактыку. Яны пачалі абстрэльваць жылыя масівы, і цяпер іхная галоўная задача – стварыць хаос сярод цывільнага насельніцтва. Гэта значыць, расейская армія мэтанакіравана пачала забіваць нашых грамадзянаў, не вайскоўцаў», – паведамляе Жданаў.

Больш за ўсё ад удараў артылерыі пацярпеў Харкаў, дзе расейская армія пачала ўжываць супраць цывільнага насельніцтва рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Смерч» з касетнымі боепрыпасамі.

«Касетныя боепрыпасы забароненыя Жэнеўскай канвенцыяй, але яны абстрэльваюць Харкаў з тэрыторыі Расеі – далёкасці стральбы хапае, плюс яны трошкі паглыбіліся ў нашую тэрыторыю. Яны ўжо пайшлі проста на ваенныя злачынствы, каб выратаваць сітуацыю любым коштам», – кажа Жданаў.

A Ukrainian serviceman sits on the ground at combat positions on the outskirts of Kharkiv, Ukraine February 24, 2022. Picture taken February 24, 2022.,Image: 664826022, License: Rights-managed, Restrictions: , Model Release: no, Credit line: MAKSIM LEVIN / Reuters / Forum

У гэты ж час расейскія ўлады працягваюць весці прапаганду і спадзявацца, што насельніцтва Украіны пяройдзе на іх бок. Але вайсковы эксперт Алег Жданаў падкрэслівае, што гэта тая ж памылка, якую Масква дапусціла ў 2014 годзе.

«Яны ў 2014 годзе думалі, што мы будзем сустракаць «русский мир» хлебам і соллю, і цяпер яны таксама думаюць, што ў нас улада асобна, а народ асобна. Так, мы дзесьці крытыкуем сваю ўладу, дзесьці мы яе любім, дзесьці мы не любім, але «в ліху годину», прабачце, мы ваюем за краіну, а не ўладу асобна, а народ асобна», – рэзюмуе Алег Жданаў.

Hавiны
Дыверсанты ў Кіеве, УСУ бароняць сталіцу. Трэці дзень вайны ва Украіне. ОНЛАЙН
2022.02.26 07:20

ВК/ІР belsat.eu

Стужка навінаў