«Ужо ўсе слёзы выплакала». Як працуе цэнтр дапамогі ўкраінцам у цэнтры Варшавы

Удзень суботы 26 лютага людзі рознага ўзросту нясуць пакеты ў Палац культуры і навукі ў цэнтры Варшавы. Тут размясціўся інфармацыйны пункт для грамадзянаў Украіны. Але насамрэч – для ўсіх, хто змог выехаць у гэтыя дні з Украіны. Працуе цэнтр кругласутачна.

Дзяўчаты-валанцёры сартуюць дапамогу для ўцекачоў. Фота: ВО / Белсат

У вялікім пакоі месцяцца сталы, дзе валанцёры кансультуюць людзей. Тут можна пакінуць свае кантакты, калі вы гатовыя дапамагчы з транспартам, жыллём ці яшчэ як. Перыядычна сюды прыходзяць людзі з пакетамі, у якіх прадукты, адзенне, сродкі гігіены для дзяцей і дарослых і іншыя неабходныя рэчы.

Максіму 31 год, ён працуе ў сферы маркетынгу і жыве ў Польшчы ўжо 6 гадоў, але ягоная сям’я засталася ў Мукачаве, сябры – у Кіеве. Яны не могуць выехаць з краіны і запісаліся ў атрады самаабароны. Максім прынёс кансервы, слодычы і ваду ў пункт дапамогі.

Адныя заносяць дапамогу самі, іншыя – перадаюць ахоўнікам. Мужчыны і жанчыны ў форме з надпісам «Straż Miejska» [аналаг міліцыі – рэд.] носяць да пункту сартавання памперсы, цяжкія скрыні і пакункі з вадой.

Фота: ВО / Белсат
Студэнты эканамічных спецыяльнасцяў, якія вучыліся ў Тэрнопалі. Фота: ВО / Белсат

Некалькі дзяўчат за шырмай сартуюць усю дапамогу: гарбата і кава, дзіцячае харчаванне, слодычы, кансервы, сродкі гігіены і іншыя. Адна з валанцёрак – Таццяна. Яна жыве ў Польшчы ўжо 6 гадоў, уся ейная сям’я засталася ў Кіеве.

З панядзелка да пятніцы яна працуе ў сферы фінансаў, але а 9-ай раніцы ў суботу ўжо была ў інфармацыйным цэнтры. Цяпер сартуе прадукты, да гэтага дапамагала людзям з пошукам жылля, прыносіла гарбату.

«Страшна і за родных. Ужо ўсе слёзы выплакала. А так – адцягваеш увагу. Удома было б цяжка», – кажа Таццяна.

І Таццяна, і Максім кажуць, што асноўная крыніца інфармацыі для іх – гэта сайты і старонкі дзяржаўных ведамстваў. Ім яны давяраюць, але разумеюць, што некаторыя лічбы могуць быць іншымі. Таксама трымаюць сувязь з роднымі і знаёмымі, якія засталіся ва Украіне.

Фота: ВО / Белсат
Фота: ВО / Белсат

На імправізаванай кухні – стол з ежай для дзяцей і дарослых. Ёгурты, фрукты, вада, хлеб і іншае. За сталом сядзяць 30-гадовыя сёстры Ірына і Яна з дзецьмі: чатырохгадовым Юрчыкам і шасцігадовым Максімкам.

Ірына расказвае, што ўночы 24 лютага прачнулася ад выбухаў. Яна адразу зразумела, што трэба выбірацца з Кіева. Вечарам таго ж дня яна з сястрой пайшла ў метро, яны планавалі сесці на ранішні цягнік. Але неяк выпадкова трапілі на бясплатны цягнік, які вывозіў жанчын і дзяцей у Львоў. Сёстры кажуць: калі б думалі яшчэ некалькі дзён, то выбрацца з Кіева ўжо, можа, не атрымалася б.

Яшчэ загадзя сям’я Ірыны рыхтавалася да крызісу. Яны падрыхтавалі дакументы, сабралі рэчы. 20 лютага ейны муж выехаў у справах у Варшаву і збіраўся вярнуцца 28 лютага. Але планы змяніліся, і Ірына з сынам прыехала да мужа. Кажа, што з сабой узяла толькі сістэмны блок ад камп’ютара, бо гэта заробак мужа. Жанчына сама не працуе, даглядае сына з асаблівасцямі здароўя. Яшчэ ўзяла дакументы і дзіцячыя рэчы. Для сябе – толькі тое, што на ёй цяпер.

Ірына (злева) корміць свайго 4-гадовага сына Юрчыка ёгуртам у варшаўскім інфармацыйным пункце для грамадзянаў Украіны, які размясціўся ў будынку Палацу культуры і навукі. Побач з ёй – сястра Яна з сынам Максімкам. Фота: ВО / Белсат
Мужчына з торбай ідзе ў бок варшаўскага інфармацыйнага пункту. Фота: ВО / Белсат

З Львова сёстры з малымі дзецьмі трапілі ў аўтобус і перасеклі мяжу з Польшчай. У Яны не было замежнага пашпарта, але прапусцілі са звычайным. Мяжу праходзілі 12 гадзінаў, але, як сказаў ім кіроўца, гэта было адносна хутка.

«Мы прыехалі ў Варшаву, але і тут нікога няма. Добра, што муж быў», – кажа Ірына.

У куце ля разетак сядзяць студэнты з Тэрнопалю. Яны кажуць, што з розных універсітэтаў, вывучалі эканоміку. Праз небяспеку таксама выехалі з Украіны. Дарога была складаная: цягнік быў перапоўнены, спаць прыходзілася літаральна стоячы. Пакуль яны думаюць, што рабіць далей. Некаторыя маюць намер паехаць дадому – у Нігерыю, Конга ды Сьера-Леонэ. Некаторыя паспрабуюць даехаць да сваякоў і сяброў у іншых краінах Еўразвязу.

Дзяўчаты-валанцёры сартуюць дапамогу для ўцекачоў з Украіны ў варшаўскім інфармацыйным пункце для грамадзянаў Украіны, які размясціўся ў будынку Палацу культуры і навукі. Прадукты, сродкі гігіены і адзенне сюды прыносяць неабыякавыя жыхары польскай сталіцы, у тым ліку ўкраінцы. Фота: ВО / Белсат

 

Нават корм для сабакаў. Як Польшча прымае ўцекачоў

 

ВО, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату