«Дзве вайны за такі кароткі час – вельмі шмат». Як беларусы спрабуюць выбрацца з Украіны


Беларусы, якія прынялі рашэнне пакінуць Украіну, могуць скарыстацца варыянтам ехаць у бок Польшчы, Малдовы, Румыніі, Славаччыны і Вугоршчыны. Залежыць ад месца пачатковага перабывання. Мы паразмаўлялі з некаторымі беларусамі, якія з 24 лютага спрабуюць збегчы ад вайны.

Мэдыка, Польшча. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Усе імёны змененыя, некаторыя адмовіліся дасылаць фота месцаў, праз якія едуць.

Беларусь

Муж Ганны вярнуўся ў Беларусь 24 лютага. Паводле жанчыны, гэта быў адзіны хуткі і найбліжэйшы варыянт.

«Ніякіх чэргаў у бок Беларусі няма. Муж прайшоў закінуты пераход Выступовічы (Оўруцкі раён Жытомірскай вобласці). З украінскага боку нічога не правяралі, у Беларусь заехаў праз Новую Рудню, праверылі дакументы за 15 хвілінаў і прапусцілі».

Пшэмысьль, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Малдова

16 гадзінаў стаялі ў заторы на выездзе з Украіны ў бок Малдовы некалькі беларускіх сем’яў, якія выязджалі з Адэсы ў бок Паланкі.

«Мы сталі ў затор 24 лютага ў 14:30. Нас некалькі семʼяў на машынах, затор быў каля 35 кіламетраў. З сабой узялі кожны валізу з самым асноўным, усе рэчы пакінулі. Зараз галоўнае выбрацца, у Адэсе было небяспечна. Што далей? Пакуль не ведаю», – распавяла Ганна.

Мэдыка, Польшча. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Гэта адзін з папулярных шляхоў выезду для тых, хто цяпер у раёне Адэсы. Нават такія чэргі меншыя за тыя, у якіх стаяць на выездзе ў Польшчу.

Польшча

Цяпер на мяжы з Польшчай працуе 14 памежных пераходаў, скасаваныя ўсе ковідныя абмежаванні. Аднак чэргі паўсюль.

На пешым пераходзе ў бок Польшчы Шэгіні – Мэдыка затрымалася беларуска Наталля, якая прыехала ва Украіну сем месяцаў таму.

«Прабачце, я не хачу гаварыць, вельмі складана, я ўзяла з сабой адну маленькую сумку, пакінула ўсё. Дзве вайны за такі кароткі час – гэта вельмі шмат».

Складана тым, хто спрабуе выбрацца з Кіева, з 24 лютага на выезд утварыліся вялізарныя заторы.

Пшэмысьль, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Мікалай змог выехаць некалькі гадзінаў таму на цягніку да Львова, пакінуўшы машыну і амаль усе рэчы ў Кіеве.

«Гэта чысты шанцунак, не ведаю, колькі яшчэ будуць хадзіць цягнікі, у раёне вакзалу быў абстрэл. Галоўнае для мяне цяпер – даехаць да Львова, там пакуль адносна бяспечна, пакуль нічога іншага не магу сказаць. Цягнік – перапоўнены, шмат людзей з дзецьмі».

Мэдыка, Польшча. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Наш калега распавядае, што паспрабаваць выбрацца з Кіева можна яшчэ адным спосабам:

«Даязджаеш на пакуль што працоўным метро да апошняй станцыі, напрыклад, метро «Шуляўская» і ідзеш пешшу, пакуль можаш. Машыны стаяць у заторы, ты іх можаш мінуць, а потым ужо просішся да кагосьці».

Паводле інфармацыі з тэлеграм-чатаў, яшчэ можна трапіць на цягнік з Кіева ў Львоў або Роўна.

«Мы пачакаем»

У Львове адносна спакойна, два-тры разы на дзень спрацоўваюць сірэны. 24 лютага ў Львове закрылася польскае консульства, некаторыя беларусы паспелі забраць пашпарты з візамі.

Кіеў, Украіна. 26 любтага 2022 года.
Фота: VALENTYN OGIRENKO / Reuters / Forum

Мы пагаварылі з Міхаілам, які палічыў за лепшае чакаць:

«Пакуль тут спакойна, мы пачакаем, усюды вялізныя чэргі, людзі ў паніцы, блок-пасты паўсюль. Думаю, цяпер лепш за ўсё супакоіцца і не панікаваць».

Не панікаваць складана, у тэлеграм-чатах беларусаў Украіны самае, бадай, частае пытанне аб тым, як выехаць, і просьбы ўзяць з сабой спадарожнікаў.

«За любыя грошы, прашу», – пішуць людзі. Выязджаюць семʼямі, шмат запытаў на выезд з хатнімі гадаванцамі.

Некаторыя беларусы, якія паспрабавалі пакінуць Львоў на аўтобусах, сутыкнуліся з праблемамі пры набыцці квіткоў.

Пшэмысьль, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«Купіў электронны квіток, спісалі грошы, а квіток не прыйшоў. У спісах на пасадку мяне таксама не было. Кажуць, што такія праблемы шмат у каго. Пакуль не ведаю, што рабіць! Ці можаце вы дапамагчы мне выехаць?» – пытаецца ў мяне Антон, які толькі чатыры месяцы таму збег ва Украіну ад рэпрэсіяў з боку беларускага рэжыму.

Алена Дубовік, belsat.eu

 

Стужка навінаў