Чаму Украіна ваюе адна, і чым ёй дапамагае Захад?


Ва ўмовах расейскага ўварвання Захад аказвае афіцыйнаму Кіеву палітычную падтрымку, уводзіць санкцыі супраць Расеі і гатовы пастаўляць украінцам зброю. Але ўдзельнічаць у вайне непасрэдна заходнія краіны не збіраюцца. Belsat.eu разбіраўся, якой дапамогі ад міжнароднай супольнасці можа чакаць Украіна.

Украінскі вайсковец пад Харкавам, Украіна. 26 лютага 2022 года.
Фота: Андрэй Марыенка / УНІАН

Чаму Захад не будзе ваяваць з Расеяй

Напад Расеі на Украіну цяпер часта параўноўваюць з падзеямі 1939 года, калі Нямеччына напала на Польшчу. 3 верасня 1939 года, на трэці дзень пасля пачатку нямецкага ўварвання, Вялікая Брытанія і Францыя абвесцілі вайну Нямеччыне. Такі крок Лондану і Парыжу быў прадугледжаны адпаведнымі польска-французскімі і англійска-польскімі дамовамі, падпісанымі раней. Гарантыі выступіць абаронцамі польскай незалежнасці былі дадзеныя вясной 1939 года, пасля таго як Адольф Гітлер акупаваў усю тэрыторыю Чэхаславаччыны, і далейшая нямецкая экспансія ўжо выглядала непазбежнай. А непасрэдна англійска-польская дамова была падпісаная 25 жніўня – за 6 дзён да пачатку вайны.

Аналітыка
Расея год рыхтавала напад на Украіну. Хроніка падзеяў
2022.02.24 13:16

Хаця пра намер Расеі распачаць вайну з Украінай ішла размова ўжо некалькі месяцаў, ніякіх дамоваў, якія б абавязвалі Захад аказаць ваенную дапамогу Украіне, падпісана не было. Яшчэ да пачатку вайны краіны Захаду абяцалі даць рашучы адказ на расейскую агрэсію, маючы на ўвазе ў першую чаргу жорсткія санкцыі. Таксама адбываліся пастаўкі зброі. Аднак не было гаворкі пра накіраванне ва Украіну жаўнераў з дзяржаваў NATO. ЗША, Брытанія і кіраўніцтва Альянсу неаднаразова падкрэслівалі, што размяшчэнне сваіх вайскоўцаў ва Украіне не разглядаецца ні ў адным з магчымых сцэнароў.

Падбіты расейскі МТ-ЛБ (шматмэтавы транспарцёр-цягач, лёгкі браняваны) пад Харкавам, Украіна.
Фота: 26 лютага 2022 года.

Такая пазіцыя заходніх краінаў тлумачыцца не проста нежаданнем, каб іх жаўнеры гінулі ва Украіне, але і тым, што адкрыты ваенны канфлікт з Расеяй можа перарасці ў ядравую вайну. Падчас халоднай вайны мір паміж СССР і ЗША ў значнай ступені трымаўся на дактрыне ўзаемнага гарантаванага знішчэння. Сутнасць дактрыны ў тым, што ў выпадку сусветнай вайны пры сучасным развіцці ваенных тэхналогіяў узаемнае выкарыстанне ядравай зброі пацягне поўнае знішчэнне ўсіх бакоў, а значыць, сэнсу выкарыстоўваць ядравую зброю проста няма. Але расейскае кіраўніцтва доўгі час прасоўвала новыя падыходы да прынцыпаў выкарыстання зброі масавага знішчэння. Калі да 2000 года савецкая і расейская вайсковая дактрына разглядала выкарыстанне ядравай зброі толькі ў кантэксце сусветнай вайны, то падчас кіравання Пуціна вайсковая дактрына пачала дапускаць магчымасць нанясення ядравых удараў падчас канфліктаў, якія вядуцца звычайнымі сродкамі ўзбраення, але ставяць пад пагрозу «само існаванне дзяржавы».

Гаворка ішла пра выкарыстання менавіта тактычнай ядравай зброі, якая мае не такі разбуральны эфект, як стратэгічная: яна можа прывесці да новай Хірасімы, але не да ядравай зімы і канца свету. Сутнасць ідэі ў тым, што Расея не здольная выйграць вайну з NATO, калі яна будзе весціся звычайнымі відамі ўзбраення, але можа шантажаваць заходнія краіны выкарыстаннем ядравай зброяй, якая нівелюе розніцу ў ваенна-тэхнічных магчымасцях бакоў. Сакратар Савету бяспекі РФ Мікалай Патрушаў наогул прасоўваў ідэю выкарыстання ядравай зброі «не толькі ў буйнамаштабнай, але і ў рэгіянальнай, і нават у лакальнай вайне».

Ядравы шантаж стаў адметнай рысай палітыкі Масквы. Пасля анексіі Крыму ў 2014 годзе Пуцін заяўляў, што быў гатовы выкарыстаць ядравую зброю ў выпадку ўмяшання Захаду. У 2022 годзе, за пяць дзён да нападу на Украіну, Пуцін зладзіў вучэнні сілаў стратэгічнага стрымлівання, дзе адпрацоўвалася выкарыстанне ядравай зброі, – гэта быў відавочны сігнал Захаду, на што гатовая пайсці Расея. У прамове, дзе было абвешчана пра пачатак вайны, Пуцін таксама намякаў на ядравы ўдар у тым выпадку, калі хтосьці захоча ўмяшацца.

«Адказ Расеі будзе неадкладны і прывядзе вас да такіх наступстваў, з якімі вы ў сваёй гісторыі яшчэ ніколі не сутыкаліся», – заявіў ён.

Безумоўна, ядравая зброя для Расеі найперш сродак шантажу, і зусім не факт, што Крэмль сапраўды пайшоў бы на гэты крок, рызыкуючы атрымаць тактычны ядравы ўдар у адказ. Але гэта той сцэнар, які вымушаныя ўлічваць на Захадзе пры прыняцці рашэнняў. Дарэчы, у лютым 2022 года ў часопісе «The Nation» выйшаў артыкул нобэлеўскага лаўрэата Айры Хелфанда, дзе ён якраз казаў пра пагрозу ядравай вайны паміж Расеяй і ЗША з-за канфлікту ва Украіне.

Украінскія вайскоўцы дэманструюць рэчы і зброю, захопленыя ў расейскіх вайскоўцаў пад Харкавам, Украіна.
Фота: 26 лютага 2022 года.

Менавіта таму Захад не мае намеру непасрэдна ваяваць з Расеяй. NATO не гатовая пайсці і на ўвядзенне беспалётнай зоны над Украінай, аб чым папрасіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. У Альянсе лічаць, што гэта можа прывесці да прамога канфлікту з Расеяй.

«Хто гатовы ваяваць разам з намі? Сапраўды, не бачу такіх. Хто гатовы даць Украіне гарантыю ўступлення ў NATO? Шчыра, усе баяцца», – канстатаваў Уладзімір Зяленскі падчас брыфінгу напрыканцы першага дня вайны.

Пастаўкі зброі: будзе больш

Максімум, на які можа разлічваць Украіна ў дадзенай сітуацыі, гэта дапамога ўзбраеннем.

Яшчэ да пачатку вайны, цягам студзеня-лютага шэраг краінаў NATO накіравалі Украіне ўзбраенне: пераносныя зенітна-ракетныя комплексы «стынгер», амерыканскія супрацьтанкавыя ракеты «Javelin» і брытанскія NLAW, штурмавыя гранатамёты М141, а таксама артылерыйскія боепрыпасы. «Javelin» і NLAW – сучасная супрацьтанкавая зброя, вельмі эфектыўная ў барацьбе з танкамі. А «стынгеры» выкарыстоўваюцца для паражэння нізкіх паветраных цэляў (самалётаў, верталётаў, БПЛА) і мусяць нівеляваць значную перавагу Расеі ў ваенна-паветраных сілах.

Разам з тым, адразу пасля пачатку вайны паток заходняга ўзбраення ва Украіну не хлынуў. 24 лютага ўкраінцы наогул ніякіх вайсковых грузаў не атрымалі. Увечары 25 лютага першую партыю ўзбраення паставіла Польшча: у асноўным гэта боепрыпасы для мінамётаў і гарматаў. Таксама Варшава гатовая перадаць украінскім вайскоўцам партыю ракетаў «Javelin» і аўтаматаў «Grot» (як хутка гэта адбудзецца, сказаць немагчыма). Раней таксама Польшча абяцала паставіць Украіне ПЗРК «Piorun».

Падбіты расейскі МТ-ЛБ (шматмэтавы транспарцёр-цягач, лёгкі браняваны) пад Харкавам, Украіна.
Фота: 26 лютага 2022 года.

Раніцай 26 лютага ўрад Нідэрландаў ухваліў перадачу Украіне 200 «стынгераў». Увечары стала вядома, што Бельгія перадасць Украіне 2000 кулямётаў і 3800 тонаў паліва, а Славакія – 12 000 мінаў, 12 400 тонаў паліва і комплексы для размінавання.

Павольнае вырашэнне пытанняў з ваеннымі пастаўкамі (як і невялікія іх аб’ёмы) у значнай ступені звязаныя з тым, што на Захадзе няма ўпэўненасці ў здольнасці Украіны працяглы час супраціўляцца Расеі. Эвакуацыя амбасадаў яшчэ да пачатку вайны – якраз сведчанне гэтага недаверу.

Як пісала выданне «Newsweek», амерыканскія чыноўнікі лічаць, што Кіеў можа быць захоплены цягам 96 гадзінаў пасля расейскага ўварвання ва Украіну. Такія прагнозы адбіваюцца на рашэннях наконт паставак ваенных грузаў: ніводная краіна не хоча, каб яе сучасная зброя трапіла ў рукі агрэсара. Дарэчы, сітуацыя мае паралелі з Другой сусветнай вайной. Калі ў 1940 годзе Нямеччына разграміла Францыю, то ЗША не спяшаліся дапамагаць Вялікай Брытаніі: прэзідэнт Франклін Рузвэльт спачатку хацеў пераканацца ў тым, што брытанцы самі ў бліжэйшы час не капітулююць.

Той жорсткі супраціў, які кожны дзень сустракае расейская армія ва Украіне, будзе паступова змяняць настроі заходніх палітыкаў і падштурхоўваць іх да больш рашучых дзеянняў у пытаннях ваенных паставак.

Адпаведныя абяцанні ўжо былі дадзеныя Украіне на самым высокім узроўні. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг 25 лютага заявіў, што чальцы Альянсу будуць дапамагаць Украіне зброяй. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выдаў мемарандум, якія надзяляе дзяржаўнага сакратара Энтані Блінкена паўнамоцтвамі на перадачу Украіне неадкладнай вайсковай дапамогі на $ 600 млн.

Пры гэтым кожная краіна па-рознаму падыходзіць да пытання дапамогі Украіне. Найбольш паслядоўна за перадачу ўкраінцам лятальнай зброі выступаюць краіны Балтыі і Польшча – тыя дзяржавы, якія ўпэўненыя, што дзеянні Расеі ёсць пагрозай непасрэдна для іх.

Збіты ваенны ўкраінскі самалёт у раёне Асакаркі. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Нямеччына спачатку катэгарычна адмаўляўся пастаўляць лятальную зброю. Аднак пад уплывам апошніх падзеяў пазіцыя Берліна пачала змяняцца. Яшчэ 25 лютага гаворка ішла толькі накіраванне ва Украіну 5 тысяч вайсковых касак, а ўвечары 26 лютага канцлер Оляф Шольц ужо дазволіў краінаў-саюзнікам перадаваць украінцам нямецкую зброю. Адразу пасля гэтага стала вядома, што Нідэрланды дашлюць Украіне 400 нямецкіх рэактыўных гранатамётаў.

Артыкулы
Якія наступствы будзе мець расейска-ўкраінская вайна для Беларусі?
2022.02.26 00:45

Санкцыі: беспрэцэдэнтна, але далёка ад максімуму

Разам з тым санкцыі пакуль што застаюцца галоўным механізмам адказу Захаду на расейскую агрэсію супраць Украіны. Санкцыі на выпадак вайны рыхтаваліся ўжо некалькі месяцаў, таму рэакцыя была вельмі аператыўная – першыя пакеты абмежаванняў былі ўхваленыя ўжо 24 лютага.

ЗША называюць свае санкцыі «беспрэцэдэнтнымі». У чорным спісе аказаліся найбуйнейшыя расейскія банкі (у тым ліку «ВТБ», «Сбербанк», «Газпрамбанк»), а таксама іх даччыныя структуры. Фактычна ўдар нанесены па 80 % банкаўскіх актываў. Акрамя таго, шэрагу расейскіх кампаніяў абмежавалі магчымасць крэдытавання, гандаль іх акцыямі спынілі. Таксама ўводзіцца эмбарга на пастаўкі высокатэхналагічнай прадукцыі. Байдэн лічыць, што гэтыя санкцыі падарвуць здольнасць РФ фінансаваць і нарошчваць узброеныя сілы.

Збіты ваенны ўкраінскі самалёт у раёне Асакаркі. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Адначасова ЗША ўвялі санкцыі супраць Беларусі: у чорны спіс, акрамя вайскоўцаў і набліжаных да рэжыму бізнесоўцаў, трапілі «Белінвестбанк» і «Банк Дабрабыт», а таксама шэраг абаронных прадпрыемстваў.

Санкцыі Еўразвязу супраць Расеі закранулі 70 % банкаўскага рынку РФ, а таксама буйныя дзяржаўныя кампаніі. ЕЗ зрабіў больш жорсткімі абмежаванні па доступе да фінансавых рынкаў, забараніў пастаўкі высокатэхналагічнай прадукцыі і продаж расейцам самалётаў і запчастак да іх. Асобна прапісаная забарона на пастаўкі тавараў, абсталявання і тэхналогіяў для нафтаперапрацоўкі. Міністр эканомікі Францыі Бруна Ле Мэр заявіў, што ЕЗ жадае «абрэзаць усе сувязі паміж Расеяй і міжнароднай фінансавай сістэмай».

«Нашая мэта – паставіць на калені расейскую эканоміку», – заявіў ён.

Вялікая Брытанія ўхваліла санкцыі супраць банку ВТБ, кампаніі «Аэрафлот» і забараніла экспарт высокатэхналагічнай прадукцыі ў Расею. Акрамя таго, ЗША, Вялікая Брытанія і ЕЗ увялі персанальныя санкцыі супраць Уладзіміра Пуціна і ягонага атачэння. Крок небывалы: напрыклад, сярод кіраўнікоў дзяржаваў пад санкцыямі Еўразвязу раней былі толькі Башар аль-Асад і Аляксандр Лукашэнка.

Шэраг краінаў увялі нацыянальныя абмежаванні: Брытанія, Латвія, Літва, Румынія, Чэхія, Славенія, Балгарыя і Польшча забаранілі доступ у сваю паветраную прастору, Нямеччына прыпыніла працэс сертыфікацыі важнага для Крамля праекту «Паўночная плынь 2». Да абмежаванняў далучаюцца і асобныя кампаніі: сусветнавядомыя вытворцы аўтамабіляў (Audi, Land Rover, BMW, Mercedes, Citroen, General Motors ды інш) прыпынілі адгрузку машынаў у Расею і г. д.

Пасля абстрэлу ў Кіеве, Украіна. 24 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Санкцыі ЗША, ЕЗ і Брытаніі сапраўды можна лічыць беспрэцэдэнтнымі ў гісторыі. Але, па-першае, гэтыя абмежаванні ўсё роўна не будуць мець імгненных наступстваў для расейскай эканомікі, а лёс Украіны вырашаецца тут і цяпер. Па-другое, гэта далёка не ўсё, што Захад мог бы зрабіць нават у санкцыйным полі.

Напрыклад, няма пакуль гаворкі пра нафтавае эмбарга і адмову ад імпарту расейскага газу, а таксама пра закрыццё паветранай прасторы над Расеяй. Афіцыйны Кіеў ужо звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікамі ўвесці ўсе гэтыя абмежаванні, каб «знішчыць эканоміку Расеі».

Сітуацыя пры гэтым вельмі хутка мяняецца. Увечары 26 лютага кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулэба паведаміў, што краіны Захаду дамовіліся аб адключэнні РФ ад плацежнай сістэмы SWIFT, хоць спачатку дасягнуць згоды ў гэтым пытанні ім не ўдавалася.

РР belsat.eu

Абноўлена
Расея напала на Украіну. Першы дзень вайны
2022.02.24 06:49
ВІДЭА
Расея наносіць па Кіеве ракетныя ўдары. Другі дзень вайны ва Украіне. ОНЛАЙН
2022.02.25 07:13
Hавiны
Дыверсанты ў Кіеве, УСУ бароняць сталіцу. Трэці дзень вайны ва Украіне. ОНЛАЙН
2022.02.26 07:20
Стужка навінаў