Ведай свае правы. Як абараніць уласны тэлефон?


Артыкул 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дэкларуе, што кожны грамадзянін мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў ягонае асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на таямніцу ягонай карэспандэнцыі, тэлефонных ды іншых паведамленняў, на ягоныя гонар і годнасць.

Ці бароніць гэты артыкул ад патрабаванняў міліцыі паказаць інфармацыю ў прыватным мабільным тэлефоне? Мы звярнуліся да юрысткі Беларускага Хельсінкскага камітэту Тамары Сідарэнкі.

Ці можа міліцыя патрабаваць у затрыманага, каб паказаў тэлефон?

Кожны чалавек мусіць разумець, што ні мяне з вамі, ні каго іншага не могуць проста выклікаць у міліцыю і сказаць: дай тэлефон, мы павінны паглядзець! Абавязкова гэты чалавек ужо мае праходзіць у канкрэтным абвінавачанні ў канкрэтным правапарушэнні, што будзе паказана ў пратаколе.

Як афармляецца працэдура агляду тэлефона?

Калі гэта сапраўды агляд, тады складаецца альбо пратакол, без панятых, альбо робiцца запiс пра тое, што рэчы агледжаныя. Але гэтае працэсуальнае дзеянне – агляд, яно прадугледжвае толькі вонкавы агляд.

Ілюстрацыйны здымак

Ці мае права міліцыя ўзламаць абаронены паролем тэлефон?

Каб залезці ў тэлефон, калі чалавек не даў такога права, магчымае прызначэнне нейкай экспертызы. Але з абавязковым дакладным абгрунтаваннем: чаму, для чаго, у сувязі з чым гэтая службовая асоба лічыць патрэбным праводзіць такое дзеянне.

Ці магчыма прысутнічаць падчас такой экспертызы?

Для гэтага трэба падаваць хадайніцтва. Трэба напісаць, што я прашу, каб мяне запрасілі для ўдзелу ў экспертызе. Чалавек жа павінен быць азнаёмлены з пастановаю аб прызначэнні экспертызы. Значыць, можа паставіць пытанне, каб ён сам прысутнічаў пры яе правядзенні. Трэба гэтага патрабаваць.

Калі ты сам дазволіў залезці ў тэлефон, бо не ведаў пра магчымасць адмовіцца, ці ёсць сэнс патрабаваць аднаўлення сваіх правоў?

Даў? Гэта тваё рашэнне. Іншая рэч, калі ў дачыненні чалавека ўжываліся незаконныя метады ўздзеяння, то атрыманыя доказы лiчаць такімі, што не маюць сілы.

Фота: Белсат

Калі доступ да прылады адбыўся пад ціскам, што рабіць?

Кожнае дзеянне асобы, якая вядзе адміністратыўны працэс, можа быць абскарджанае вышэйшай службовай асобай – гэта, умоўна кажучы, падаць скаргу начальніку міліцыі, у пракуратуру або ў суд. А вось якім чынам пазней даказаць, што хтосьці ўжываў гвалт, што цябе прымусілі… Усё гэта надта складана! Асабліва, калі ты не вельмі добра ведаеш свае правы і Адміністратыўны кодэкс у гэтай частцы. Але спрабаваць трэба! Нават падпісваючы пратакол, заўсёды можна дапісаць, што сведчанні даваліся пад ціскам, што вас прымушалі. А такі запіс абавязкова дапаможа ў далейшых спробах скардзіцца.

Што рабіць, калі прыватная перапіска была апублікаваная ці перададзеная трэцім асобам?

Правільна было б звярнуцца ў праваахоўныя органы, каб праверылі парушэнне правоў, распачалі справу ў дачыненні асобаў, якія дапусцілі такое. Бо звесткі, якія сталі вядомыя ў межах вядзення адміністратыўнай ці крымінальнай справы, не могуць быць перададзеныя трэцяй асобе.

belsat.eu

Стужка навінаў