Палітвязня Яўгена Дзмітрыева асудзілі на 2 гады калоніі за ўдзел у маршы

Яўген Дзмітрыеў у судзе. Фота: радыё «Свабода»

Суд Цэнтральнага раёну Менску 26 лютага вынес прысуд 26-гадоваму палітвязню Яўгену Дзмітрыеву, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Абвінавачанне ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 364 КК) знялі, але Яўгена прызналі вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) за падзеі 4 кастрычніка, калі быў зламаны вадамёт. Яўгена асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Марш вызвалення ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года. Фота: ТК / belsat.eu

Суддзёй на працэсе была Юлія Густыр, памочнік пракурора – Арцём Цвяткоў. Пацярпелымі ў справе прызнаныя кіроўцы вадамёта Мікалай Глухатарэнка і Яўген Лашкоўскі.

Паводле абвінавачання, Яўген Дзмітрыеў 4 кастрычніка быў на несанкцыянаваным мерапрыемстве, дзе стаяў у счэпцы з іншымі грамадзянамі, выходзіў на праезную частку, г. зн. узяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Яўген Дзмітрыеў віну паводле арт. 364 КК не прызнаў, а паводле арт. 342 – прызнаў цалкам.

МГМ belsat.eu

Hавiны