«Апранаўся, як Ціханоўскі, і грэбліва ставіўся да міліцыі»: у Горадні судзяць палітвязня Арановіча


У Горадні 26 лютага пачалі разглядаць крымінальную справу супраць палітзняволенага Аляксандра Арановіча, паведамляе «Вясна».

Палітзняволены Аляксандр Арановіч – кіроўца аўтадому «Краіна для жыцця» са Старых Дарог.
Фота: «Радыё Свабода»

Яго судзяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1, арт. 342 КК) і за ўдзел у масавых беспарадках (ч. 2, арт. 293 КК).

Падставай для завядзення справы аб падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках стала старая дымавая шашка, якую Арановіч нібыта захоўваў на гарышчы дому сваіх бацькоў у Старых Дарогах. Гэтую шашку знайшлі толькі ў снежні падчас трэцяга ператрусу.

Справу разглядае суддзя Алена Пятрова.

Згодна з абвінавачаннем, Аляксандр Арановіч з 20 да 29 траўня 2020 года па папярэдняй змове з Ціханоўскім ды іншымі асобамі прыняў удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Магілёве і Горадні.

Супольна з Ціханоўскім, Фурманавым ды іншымі, разам са Статкевічам, яны вялі дэструктыўную агітацыю. А таксама абвінавачаны «спецыяльна апрануўся ў падобную вопратку з Ціханоўскім і дапамагаў яму ў неправамерных дзеяннях», грэбліва паводзіў сябе да супрацоўнікаў міліцыі Казлоўскага і Хвалені.

Аляксандр Арановіч цалкам віну не прызнае. Ён сказаў, што абвінавачанне не абгрунтаванае і не зразумелае.

Палітвязня трымаюць за кратамі ўжо восем месяцаў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў