За навагодні салют сямейную пару арыштавалі


Алена і Мікалай Гаеўскія сустрэлі Новы год на Акрэсціна, паведамляе «Вясна».

Муж і жонка 31 снежня запусцілі салют у двары роўна ў 23:34. Адразу пасля гэтага іх схапілі сілавікі і завезлі ў Партызанскае РУУС Менску. Там на пару склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП за «Несанкцыянаванае пікетаванне» і потым перавезлі на Акрэсціна.

3 студзеня ў судзе Партызанскага раёну суддзя Міхаіл Макарэвіч вырашыў, што муж і жонка пікетавалі ў двары, і пакараў Мікалая 15 соднямі арышту, а Алену – 13 соднямі. Ніхто з іх сваёй віны на судзе не прызнаў.

Як напісана ў пратаколе, яны «пікетавалі шляхам запуску піратэхнічнага вырабу (феерверку), згодна з раней размешчанымі ў дэструктыўных тэлеграм-каналах заклікамі».

Мікалай на судзе патлумачыў, што салют быў на 100 залпаў, і запусціў ён яго «выключна з асабістых меркаванняў», бо ў 2020 годзе адбываў содні паводле «народнага» артыкулу 23.34 КаАП. Але ён адзначыў, што яны з жонкаю аніякіх лозунгаў не выкрыквалі і пікетавання не праводзілі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў