«Як жыць, калі пазбаўляюць радзімы»: расейскі журналіст Дудзь зняў фільм пра беларусаў за мяжой


Дзве гадзіны і сорак хвілін размоваў з беларусамі, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму з прычыны палітычнага пераследу.

Расейскі журналіст Юрый Дудзь, аўтар Youtube-каналу з амаль 10 мільёнамі падпісантаў, апублікаваў 26 студзеня вялікі фільм «Как жить, если лишают родины» – пра беларусаў у вымушанай эміграцыі.

Ён тлумачыць: з Беларусі за апошнія гады з’ехалі, магчыма, 200–250 тысяч чалавек – гэта як калі б з Расеі з’ехалі тры мільёны. 2021 год, які фармальна быў названы ўладамі Беларусі «Годам народнага адзінства», зрабіўся фактычна годам вялікай помсты, кажа Дудзь.

«Я лічу, што кіраўнікі нашай краіны ўспрымаюць эміграцыю як сваю перамогу», – тлумачыць Дудзю журналіст Мікіта Мелказёраў, якога жартам называюць «беларускім Дудзём».

У фільме расказваюць свае гісторыі журналіст Руслан Кулевіч, эканаміст Сяргей Чалы, праграміст і распрацоўнік платформы «Голас» Павел Лібер, лідарка фонду «Razam» Віялета Беліцкая (Дудзь пабываў на беларускай ялінцы ў Вільні), пенсіянерка Аляксандра Ханевіч, асуджаныя на «хімію» сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцяпанцава, арыштаваны разам з Аляксандрам Івуліным аператар Яраслаў Пісарэнка, былая вайскоўка Алена Смолдарава, інжынер Андрэй Суша, які ўцёк ад крымінальнай справы праз мяжу на параплане.

А сама ідэя фільму прыйшла Дудзю ад пераследу героя аднаго з папярэдніх ягоных інтэрв’ю: беларускі комік Слава Камісаранка казаў, што быў вымушаны з’ехаць ужо не з Беларусі, а з Расеі, куды па яго паехалі супрацоўнікі беларускага КДБ. Інтэрв’ю Дудзя з ім паглядзелі ўжо 13 млн разоў.

Hавiны
Слава Камісаранка распавёў, што КДБ абвесціў яго ў вышук
2022.01.14 13:53

АА belsat.eu

Стужка навінаў